– Ніякія мае спробы і намаганні не дапамаглі. Дырэктар не мае намеру слухаць хоць якую крытыку, не паддаецца перакананню. Я ўпэўнены, што няма надзеі ўгаварыць яго прайсці курс лячэння. Гэта толькі пагоршыць яго стан, выклікае агрэсію і можа прывесці да самых кепскіх наступстваў. Пакідаць усё як ёсць таксама немагчыма. Мы знаходзімся ў безвыходнай сітуацыі. Нават адважуся сказаць – у небяспечнай сітуацыі. У сувязі з чым лічу неабходным тэрмінова звярнуцца да вышэйшага кіраўніцтва ў Варшаве і паведаміць пра ўсё, нічога не ўтойваючы. Сам адправіцца я не магу, бо мая адсутнасць можа выклікаць падазрэнні ў доктара Штомпкі, – працягваў Базалья Франка.
Было прынята рашэнне той жа ноччу адправіць у Варшаву доктара Анджэя Валенскага. На месцы ён будзе раніцай. У час сустрэчы, пра якую было ўжо дамоўлена, той апіша ўсё як ёсць і, атрымаўшы падрабязныя інструкцыі, вернецца ў Мікушэва прыблізна ўвечары. Таму чарговы сход, на якім будуць вызначаныя далейшыя крокі, прызначылі на наступную ноч, калі вернецца Валенскі. Пра якое «кіраўніцтва» ішла гаворка, Андрэй не ведаў.
Разыходзіліся ўсе таксама па адным. Пакуль Тадэвуш не выйшаў, атрымалася дамовіцца з ім пра сустрэчу праз паўгадзіны на ганку. У пакоі застаўся толькі Базалья Франка. Андрэй паглядзеў яму ў вочы, спадзеючыся, што той нешта скажа яму асабіста. Але ён толькі стомлена пахітаў галавой і поглядам паказаў на дзверы. Выйшаўшы, Андрэй спрабаваў растлумачыць сабе гэты жэст Франка, спрабаваў знайсці ў ім схаваны сэнс. Не хацелася верыць, што яму проста паказалі на дзверы. Што гэта магло значыць? Магчыма, ён, прадчуваючы дадатковыя пытанні, намякнуў, што лепш прамаўчаць у гэтай сітуацыі, або што ён сам больш нічога не ведае?
Андрэй спусціўся і выйшаў на двор. Праз пятнаццаць хвілін з’явіўся Тадэвуш ды прапанаваў прайсціся. Яны ўжо даўно не размаўлялі па-сяброўску. Адчувалася, што з кожным днём яны ўсё больш аддаляюцца.
– Слухай, Тадзік, што адбываецца?
– Сам ведаю не больш за тое, што цяпер чуў.
– А што гэта за «кіраўніцтва ў Варшаве»?
– Дакладна не магу сказаць, думаю, нават Франка не ведае, але мне здаецца, што гэта людзі з міністэрства.
– І што яны могуць зрабіць у гэткім выпадку?
– Ну, напрыклад, прызначыць галоўным Базалья Франка, а яго месца зойме адзін з дактароў.
– А Штомпка?..
– Адкуль я магу ведаць? Такіх сітуацый раней не было. Да таго ж, я тут працую не так даўно і, як ты, шмат аб чым не ведаю.
Нават Тадэвуш нічога не хацеў расказаць. Як быццам існавала тайная дамоўленасць маўчаць, як быццам ён так і застаўся тут чужым для ўсіх. Ён мог выказаць усю сваю крыўду Тадэвушу, але нічога не змянілася б. Тадэвуш пайшоў у палац, а ён яшчэ некаторы час шпацыраваў. Было цёмна, усе ўжо спалі, але здалёк заўважыў, што ў кабінеце Штомпкі гарыць святло. Яго было шкада. Іншыя вырашаюць яго лёс, а ён ні пра што і не здагадваецца. Андрэй не ўяўляў, як нейкае невядомае яму кіраўніцтва заўтра вырашыць лёс не толькі Штомпкі, але таксама пацыентаў, дактароў ды яго ўласны.
…У дзверы пагрукалі. За акном было цёмна, але пачынала ўжо днець. Напэўна, было каля пятай раніцы. Стук больш не паўтараўся. Цікаўнасць і хваляванне падштурхнулі Андрэя падняцца, ды хутка нацягнуўшы штаны і кашулю, адчыніць дзверы. Там стаяў задыханы Жыль Арто: «У мой пакой паклалі кагосьці іншага». Андрэй разам з французскім сябрам амаль бегма кінуўся ва ўсім пераканацца. Калі апамятаўся і на хаду павярнуўся спытаць, чаму Жыль свабодна ходзіць па клініцы, таго ўжо не было. На месцы ягонага пацыента ляжаў немалады чалавек. Абрысы твару здаваліся знаёмымі. Падышоўшы бліжэй, разгледзеў у старым Альгерда Францавіча. Той пачаў неразборліва крычаць ды брыкацца, спрабуючы вызваліць рукі і ногі, прывязаныя да ложка.
Андрэй выбег у калідор. Спусціўся да кабінета Штомпкі. На шляху нікога не сустрэў, але чуў шоргаты і тупат за кожнымі дзвярыма. Магчыма, крыкі Альгерда Францавіча ўсіх пабудзілі. Пастукаў ды ўвайшоў у кабінет, але там нікога не было, толькі цьмяна гарэла настольная лямпа. Заўважыў дзверы, якія раней не было відаць з-за кніжнай шафы.
Андрэй запаліў узятую са стала свечку, прыадчыніў іх. У маленькай неасветленай каморы былі яшчэ адны дзверы, замкнёныя на завалу з вонкавага боку. Яны вялі ў склеп. Паступова навакольная прастора запаўнялася цьмяным мільгатлівым святлом. Уздоўж сцен віселі чалавечыя целы, некалькі дзясяткаў. Ён кінуў свечку на падлогу і загасіў нагой. Хутка ўзбег па лесвіцы. Замкнуў завалу склепа. У кабінеце ўжо чуліся галасы.
У цемры рукі намацалі яшчэ адны дзверы. Схавацца было немагчыма, бегчы – вось адзінае выратаванне. Таму, не доўга раздумваючы, кінуўся ў наступнае памяшканне. Бег з калідора ў калідор, апынаючыся ў новых залах і пакоях. Насіўся, як загнаныя жывёла, спрабуючы выбрацца з палаца, унікаючы галасоў і шоргатаў. Цішыня служыла арыенцірам. Толькі выслізнуўшы з гэтых сцен, ён мог займець надзею. Толькі там, звонку, ён мог схавацца, уцячы. Гэта адзінае, што заставалася. Звярнуцца па дапамогу не было да каго, спадзявацца заставалася толькі на сябе.