– Папрашу цябе пакуль нікому пра гэта не казаць. У бліжэйшыя дні хачу правесці сход, абмеркаваць справы. Калі ў цэлым усё няблага, то паведамлю аб сваім рашэнні калегам.
– Так, вядома.
– Дзякуй табе. Ну, тады не буду больш затрымліваць.
Пасля сыходу Франка ён працягнуў чытаць. Скончыў толькі ўночы, калі вочы ўжо невыносна балелі. Якраз у гэты час да яго зайшоў Валенскі ды прапанаваў выпіць гарбаты. Няўжо Франка прагаварыўся?
– прамільгнула ў Штомпкі ў думках. Яны пагутарылі хвілін дзесяць на агульныя тэмы, пасля Валенскі сышоў. Штомпка пагрузіўся ў роздумы і неўзабаве заснуў у сваім крэсле, не паспеўшы скласці кнігі і сшыткі з запісамі.
Змоўшчыкі баяліся выдаць сябе і ўсяляк спрабавалі стварыць бачнасць звычайнага дня, якога так даўно не было. Павылазілі са сваіх пакояў, гулялі ў більярд, жартавалі і рабілі выгляд, што смяюцца, знарок гучна размаўлялі, каб доктар Штомпка не адчуў атмасферы насцярожанасці і чакання. Нават Франка, як у ранейшыя часы абмяркоўваў з ім надзённыя клопаты ў клініцы. Андрэю было няёмка ўдзельнічаць у гэтым тэатры аднаго гледача, але ён, як і іншыя, з нецярпеннем чакаў вяртання Анджэя Валенскага з Варшавы.
Андрэй спрабаваў пераадолець нервовы стан. Часам яму ўдавалася гэта на кароткі час, але ён зноў звальваўся ў свае думкі. Жыль не мог не заўважыць, што яго малады сябра ўстрывожаны ад учорашняга, але зноў вырашыў не турбаваць роспытамі. Здаралася, што яны падоўгу сядзелі моўчкі, пакуль Андрэй не ўзгадваў пра прысутнасць іншага чалавека.
Дзень праходзіў нацягнута. З кожнай гадзінай персаналу станавілася ўсё цяжэй хаваць хваляванне. Час цягнуўся неверагодна доўга. У думках кожны падганяў Валенскага, спадзяваўся, што нічога не здарыцца і ён прыедзе без затрымак. Але атрымалася так, што ён прыехаў раней, чым планавалася. Магчыма, Франка сустрэў яго, бо ў палац яны ўвайшлі разам. Той, верагодна, паспеў ужо сцісла даведацца ў Валенскага аб выніках паездкі. Ні адзін, ні другі не падалі выгляду. Астатнія спадзяваліся, што Валенскі накіруецца ў свой пакой, тады з’явіцца магчымасць высветліць лёс клінікі, не чакаючы ночы. Але, прадчуваючы магчымы ажыятаж, ён застаўся ў зале і перш за ўсё разыграў з Франка партыю ў більярд. Не ўсведамляючы, дактары свідравалі яго поглядам, спрабуючы злавіць хоць нейкі знак. Нарэшце наступіў вечар, і кампанія пачала разыходзіцца. Засталіся толькі Валенскі і Франка, які вартаваў таго ад «допытаў» калег.
Андрэй спрабаваў пісаць, але яго не хапала і на радок. Думкі круціліся вакол аднаго: што вырашана ў Варшаве. У такім жа стане знаходзіліся і іншыя дактары. Толькі тыя двое, што цяпер разыгрывалі чарговую партыю, не паказвалі і намёку на хваляванне. З аднаго боку, гэта змякчала напружанне і надавала аптымізму, але з іншага – невядомасць у любым сваім праяўленні не дазваляла супакоіцца. Ён не мог думаць ні пра Жыля, ні пра Тадэвуша, ні нават пра доктара Штомпку, які ўжо нібы знаходзіўся па-за тым, што адбывалася ў клініцы.
А палове дванаццатай Андрэй склаў свае запісы і накіраваўся ў залу для сходу. Усе, за выключэннем двух чалавек, ужо чакалі тут. Мінула паўгадзіны, Франка і Валенскі так і не з’явіліся. Тадэвуш, якога адправілі на іх пошукі, вярнуўся ні з чым. Хтосьці выказваў версіі пра магчымыя цяжкасці, хтосьці нервова хадзіў па зале, заклаўшы рукі за спіну. Яны ўвайшлі акурат у той момант, калі Тадэвуш зноў накіраваўся да дзвярэй.
Слова ўзяў Франка, які ўжо ведаў вынікі паездкі ў Варшаву. Ён паставіў на стол чорны чамаданчык, які адчыняўся зверху, і загадзя папрасіў кожнага трымаць сябе ў руках. Далей распавёў пра тое, што кіраўніцтва прыняло рашэнне расфармаваць клініку. Крайняя небяспека сітуацыі патрабавала яе ліквідацыі разам з пацыентамі і, што самае жудаснае – са Штомпкам, які цяпер падпадаў пад катэгорыю тых, хто заразіўся. «Вельмі небяспечная», «заразіліся», «ліквідаваць»… як? Андрэй пачынаў здагадвацца. Ён не мог назіраць рэакцыю астатніх, яго погляд урэзаўся ў Базалья Франка, а яго самога нервова падкалочвала. Той адчыніў чамаданчык, і цяпер можна было бачыць, што ў ім акуратна складзеныя каля тузіна шпрыцоў і некалькі дробных прадметаў.
– Гэта ін’екцыі, якія будуць уведзеныя. Жэрабя вызначыць, хто за якіх пацыентаў нясе адказнасць. Цалкам разумею, што для вас, як, уласна, і для мяне, гэта надзвычай цяжкі крок. Але ў дадзеных умовах мы маем адзінае магчымае выйсце. Усё вырашана, няма ні часу, ні месца для дыскусій. Паўтаруся: усім нам цяжка, але іншага рашэння не можа быць. Спадзяюся на вашае разуменне.
Усе маўчалі, не сказаўшы ані слова. Магчыма, не паспелі ўсвядоміць сказанае, а можа і не збіраліся пярэчыць. Андрэя працягвала нервова калаціць. Ён не мог паверыць, што ўсё так скончыцца. Не мог уявіць, што заўтра не будзе ні доктара Штомпкі, ні Жыля, з якім яны так зблізіліся.
– Пэўна, у Варшаве не бачаць усёй карціны. Вы як аўтарытэтны чалавек здолелі б пераканаць іх змяніць такое радыкальнае рашэнне. Я думаю, вы і самі ведаеце, што мой пацыент – Жыль Арто – ідзе на папраўку і хутка стане цалкам здаровым.