Жыль яшчэ не ведаў, як будзе жыць далей, пасля выхаду з клінікі. Хутчэй за ўсё, паедзе ў Парыж, вернецца да сваёй сям’і і сяброў. Станавілася шкада, калі ўспамінаў родных. Жыль прычыніў ім нямала болю, і яму хацелася, каб яны хутчэй даведаліся, як ён іх любіць ды раскайваецца ў здзейсненым. Хацелася моцна абняць Мішэль, каб яна ўсё зразумела і даравала. Ён больш не збіраўся займацца мастацтвам публічна, ад усяго гэтага было цяпер моташна. Жыль песціў мару прыдбаць невялікі домік дзе-небудзь у ціхім кутку Нармандыі, але не вельмі далёка ад Мон-Сэн-Мішэль (яму падабалася там), дзе зможа жыць пустэльнікам са сваёй каханай Мішэль, працягваць пісаць, купацца, катацца на ровары па ваколіцах, магчыма, час ад часу прымаць сяброў. Верылася, што ўжо хутка мара зможа спраўдзіцца.

Жыля было не пазнаць. Погляд стаў спакойным і мяккім, у ім чыталася горкая мудрасць старога. Агрэсіўная тэмпераментнасць змянілася ненадакучлівай лагоднасцю. Раней здавалася, што рост Эга не проста натуральная з’ява, але неабходная і нават карысная. Ён быў упэўнены: Эга адзінае, што заўсёды будзе пры ім, з ім, у ім, часткай яго. Адзінае, што з’яўляецца стымулам вялікіх дасягненняў і выратаваннем падчас душэўных крызісаў, адзіноты, меланхоліі. Будзе расці яно – будзе мацнець унутраная апора. Жыль мог здрадзіць сваім сябрам, радзіме, высокім ідэалам, але ніколі б не здрадзіў уласнаму Эга.

Шмат у чым ён лічыў сябе чалавекам «анты», быў атэістам, імаралістам, цынікам, рэвалюцыянерам, бунтаром, скандалістам, маргіналам. У немалой ступені гэта выстаўлялася напаказ, гульня на публіку, якая рабіла яго яшчэ больш папулярным, стварала вакол яго загадкавы арэол. Але крайні нарцысізм, эксцэнтрычнасць і чэрствасць у дачыненні да астатніх былі сапраўднымі. Нават калі пачаліся пастаянныя сваркі з сябрамі і жонкай, Жыль успрымаў гэта ўсяго толькі як узлаванасць, зайздрасць нікчэмнасцяў да поспехаў генія. Барацьба за Эга набыла вострыя формы. Клініку ён успрыняў як фінальную бітву. Пытанне ў тым, хто каго. Або ён грамадства, або грамадства яго.

Андрэй у гэтай вайне выступіў жаўнерам варожага войска. Таму Жыль паставіўся да яго з усёй нянавісцю. Але так было толькі першы час. Той нават не спрабаваў атакаваць яго Эга, зламаць, да чагосьці схіліць. Можа, варожыя хітрыкі, стратэгія? Але і далей Андрэй заставаўся ўсяго толькі зацікаўленым слухачом і адкрытым суразмоўцам. Суразмоўцам, які сам цалкам раскрыўся. Перад ім малады доктар вывернуў вонкі ўсяго сябе, свае хваляванні, таямніцы, эмоцыі, усю сваю душу. Жыль бачыў, што гэта не махлярства, і вывернуў усяго сябе ў адказ. Дзяліўся тым, што яшчэ нікому не казаў. Так, аднойчы распавёў Андрэю, чаму вырашыў займацца мастацтвам.

– Доўгі час я займаўся ўсялякай лухтой, нічога з сябе не ўяўляў. Як і ўсе вакол, бегаў на працу, быў самым звычайным шараговым журналістам у невялікім выдавецтве. Усе дні, як я неўзабаве ўсвядоміў, праходзілі марна, усё аднолькава, ніякага прагрэсу. Вядома, нічога дрэннага многія ў гэтым не бачаць, бо ў мяне было тое, пра што многія толькі марылі, у чым бачаць стабільнасць: я меў кватэру, працу, некаторы заробак, але адчуваў: нешта ідзе не так.

Неяк на выходных я прыехаў у дом бацькоў. Корпаўся ў старых рэчах, пераглядаў фотаздымкі школьных часоў. Сярод іх мне трапіўся здымак брата, калі той вучыўся ў каледжы. Тады ён марыў заняцца навукай. Жазэфу яшчэ не было васямнаццаці, калі яго насмерць збіла машына. Я таксама пра многае марыў. У дзяцінстве ўсе вераць у светлую будучыню, што калі стануць дарослымі, ажыццявяць усе свае задумкі і планы, што менавіта тады пачнецца сапраўднае жыццё. А ў рэшце рэшт, гадоў так у сорак, азіраюцца на мінулае ды разумеюць, што ўсё выйшла зусім не так, але працягваюць і далей жыць, нічога не змяняючы: трываючы нялюбую працу, магчыма, з некаханым чалавекам, без перспектыў, у жудаснай нікчэмнай штодзённасці.

Самае страшнае, што гэта не яны нейкія не таленавітыя, ні на што не здольныя ці ўвесь свет супраць іх. Справа ў іншым, усё значна прасцей: яны проста нічога не робяць, нават не спрабуюць прыкласці крыху больш намаганняў, чым неабходна для звычайнага існавання, так і працягваючы глядзець з захапленнем, па-злому альбо па-добраму зайздросціць вядомым, багатым, больш паспяховым.

Андрэ, уяві сабе маленькага хлопчыка з невялікай вёсачкі, напрыклад, у Шампані. Бацькі паабяцалі звазіць яго на выходных у Парыж на атракцыёны. Ён чакаў гэтага ўвесь тыдзень з натхненнем ды радасным прадчуваннем, ні пра што больш і думаць не мог. Кожная хвіліна яго дзіцячага жыцця была прасякнутая чаканнем будучай паездкі. І вось, калі наступіў доўгачаканы дзень, бацькі паведамілі, амаль між іншым, што гэтым разам ніяк не атрымаецца. Ты хоць уяўляеш, што гэтая дробязь для дарослага чалавека значыла для маленькага хлопчыка, ты ўяўляеш, якое расчараванне ён перажыў? І ўсё толькі таму, што бацькі паленаваліся і знайшлі ў сваё апраўданне дзясятак нібыта важных спраў, але насамрэч у сто разоў менш важных, чым ашуканыя чаканні і мары.

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже