Я сядзеў тут, але быў нібыта звонку. Усё было не так узаемазвязана, як калі ты знаходзішся ўсярэдзіне. Не. Людзі, прадметы, гукі, пахі – усё гэта не злівалася ў адно, а існавала неяк паасобку. Але гэта зусім не перашкаджала, а наадварот, дазваляла мне бачыць нават дробязі. Было ўражанне, што я сяджу ў нейкім утульным месцы, па чарзе бяру розныя рэчы, кручу, разглядаю іх, мацаю, вывучаю.

Маленькая машынка. Мэрсэдэс. Ён чорны. У машынкі няма левага задняга кола, а правае пярэдняе пагрызенае. На дзвярах тры драпіны. Гэтую машынку трымае маленькі хлопчык. На ягонай кашулі пляма ад вішнёвага варэння. На шорціках, на правай назе, невялікая, памерам з семку, дзірка.

Цікава. Сапраўды цікава, кім ён будзе, калі вырасце? Цікава, з кім ён будзе сябраваць у школе? Які будзе ў яго характар? Цікава, дзе ён будзе вучыцца? Што будзе пасля? Колькі ў яго будзе дзяцей? Цікава. Цікава і тое, як і дзе ён пармрэ, і ці будзе ён задаволены сваім жыццём, альбо хацеў бы яго пражыць па-іншаму? Цікава. Можа быць, ён стане вялікім рэжысёрам ці палітыкам, а можа, проста сап’ецца. У гэтага дзіцёнка будзе сваё, ні да чыйго не падобнае жыццё. Свая гісторыя.

У кожнага з гэтых людзей свае гісторыі, звычкі, знаёмыя. У кожнага здараліся нейкія прыгоды, радасці, няўдачы. Як бы я хацеў зірнуць на чалавека і зведаць яго гісторыю. Можа быць нават, аднойчы я мог бы сказаць: «Ён стаў прэзідэнтам? Ух ты. Я памятаю яго яшчэ дзіцёнкам, калі ён у кашулі з плямай і ў шорціках з дзіркай бегаў у метро».

Я бачу гэтых людзей, назіраю за імі з кутка. Толькі яны мяне не заўважаюць і не бачаць адно аднаго. Кожны кудысьці спяшаецца, заняты толькі самім сабой, сваімі клопатамі, а я назіраю за імі. У гэтым мая сіла, перавага. Я назіраю з кутка, які яны ж самі і стварылі.

Пэўна, я ўсё ж не змагу зазірнуць у гісторыю кожнага. Але паспрабую, хаця б крыху, зазірнуць у гісторыю аднаго. Мяне так натхнілі ўласныя разважанні, што я вырашыў правесці ўвесь сённяшні дзень у такім зазіранні ў гісторыю каго-небудзь з гэтых людзей. Паглядзець, дзе ён сёння будзе, з кім сустрэнецца. Якім будзе рытм яго дня.

Нечакана мне хтосьці наступіў на нагу. Я падняў галаву і ўбачыў высокага хлопца з заплечнікам. Той спяшаўся на цягнік. Паспеў. Там было шмат людзей, якія зашчаміліся ды былі як агуркі ў слоіку. Ён паспрабаваў хоць як-небудзь уціснуцца. Але ў цягніку ўжо не было месца. Хлопец быў вымушаны застацца і чакаць наступнага цягніка. Было відаць, што яму такі расклад не вельмі падабаецца. Пытанне, за кім сёння назіраць, канчаткова вырашылася.

У такім тлуме хлопца можна было лёгка згубіць. Таму вырашыў трымацца да яго як мага бліжэй. Я праціснуўся скрозь натоўп пасажыраў, якія, як і юнак, чакалі наступнага электрацягніка. Стаў за ягонай спінай. Прыбыў цягнік, з дзвярэй ледзь вышчамілася чалавек шэсць. Усе, хто стаяў на платформе, рушылі ў вагон. Хлопец быў даволі спрытны, ён хутка заняў больш-менш зручнае месца. Мне ж давялося прыкласці намаганні, каб уціснуцца. Мяне ад юнака аддзяляў адзін чалавек, але, нягледзячы на гэта, я ўсё ж мог чуць музыку, якая гучала з навушнікаў хлопца. Ён слухаў Rammstein. Вось і зроблены першы крок у межы ягонага жыцця.

Зыходзячы з таго, што хлопец слухае, я пачаў выбудоўваць яго партрэт: характар, што ён любіць, кола яго сяброў… Але памыліўся. Наступная песня, якая загучала з яго слухавак, выконвалася Энрыке Іглесіясам. Такі паварот збіў мяне з панталыку. Я вырашыў крыху пачакаць, перш чым самаўпэўнена маляваць ягоны партрэт. Потым гучалі Queen, 50 cent, Prodigy i некалькі новых папсовых песень.

Пэўна, ён з тых маладзёнаў, якія слепа кідаюцца на тое, што папулярна, што часцей за ўсё мільгаціць па тэлевізары. З тых, пра каго можна сказаць «заўсёды ў тэме».

Пасля станцыі «Кастрычніцкая» хлопец пачаў сунуцца бліжэй да выхаду і апынуўся злева ад мяне. Ён выйшаў на станцыі «Плошча Леніна» і ўжо праз сем хвілін уваходзіў у будынак універсітэта. Нягледзячы на тое, што мяне цяжка было вылучьщь з натоўпу студэнтаў, я наўмысна ішоў за некалькі крокаў ад юнака. Па дарозе ён вітаўся то з адным, то з другім, жартаваў з дзяўчатамі. Можна было падумаць, што гэта нейкая «зорка» крочыць па калідорах тэлестудыі. Хлопец падняўся на трэці паверх, зайшоў у аўдыторыю.

Пара яшчэ не пачалася. Таму чуліся размовы, крыкі, жарты. Я пачакаў тры хвіліны і таксама ўвайшоў. Мне пашанцавала: аўдыторыя была вялікая, тут сядзела каля двухсот чалавек. Пэўна, што не ўсе знаёмыя між сабой, таму з’яўленне новага чалавека ніхто не заўважыў. Вачыма я хуценька адшукаў рокера-рэпера, сеў за ім.

Хлопец размясціўся ў вясёлай кампаніі сярод трох маладзёнаў і дзвюх дзяўчат. Праз некалькі хвілін ён падняўся з месца і пайшоў насустрач пекнай дзяўчыне, якая толькі што з’явілася ў аўдыторыі. Гэта была ягоная дзяўчына. Дзіўна, але яе твар падаўся мне вельмі знаёмым. Яны пацалаваліся, і хлопец пачаў нешта распавядаць, абдымаючы яе і час ад часу цалуючы. Потым яны разам вярнуліся да кампаніі.

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже