Яшчэ ёсць сябры, якія цябе заўсёды і ва ўсім падтрымліваюць, якім ты заўсёды гатовы дапамагчы. І вось аднойчы, у самую цяжкую хвіліну, яны ўсе табе здрадзяць. Не будзе нават каму паскардзіцца, расказаць пра свае праблемы, атрымаць хоць нейкую падтрымку.

Ты разумееш, што застаўся адзін. Пачынаеш хапацца за ўсё, што толькі трапіць на вочы, але яно выслізгвае з рук. Здзіўляешся, чаму так атрымалася. Злуеш на ўсіх. Ненавідзіш цэлы свет. Чаму людзі такія чэрствыя? Але, як вядома, прычыну нельга шукаць у іншых. Вінаваты толькі ты сам. Мне стала шкада гэтага хлопца. Але што я магу зрабіць? Падысці да яго і сказаць: «Слухай, ты няправільна жывеш. Трэба ўсё мяняць».

Яшчэ доўга я ўяўляў, кім ёсць гэты хлопец і якое ў яго жыццё. Думаў пра яго і падсвядома пераасэнсоўваў уласнае жыццё.

Я шмат гуляў. Вярнуўся толькі праз тры гадзіны. На зваротным шляху ледзь знайшоў інтэрнат. Сеў на той жа лаўцы і стаў чакаць. Хлопец усё не з’яўляўся. Мінула каля гадзіны. Магчыма, ён выйдзе пазней, і трэба крыху яшчэ пачакаць, а можа, ён ужо даўно выйшаў, пакуль я гуляў.

…Я дарэмна марную час. Ён, пэўна, ужо з якой-небудзь кампаніяй весяліцца, а я як дурань сяджу і шкадую яго. Праз дваццаць хвілін я падняўся і пайшоў у бок прыпынку. Спадзяванне, што хлопец выйдзе, прымушала мяне час ад часу азірацца ў бок пад’езда, але яго ўсё не было.

Перад тым, як павярнуць за дом, я азірнуўся апошні раз. Хлопца так і не ўбачыў. Я ішоў павольна. Штосьці ўнутры мяне разрывалася. Усё ж не можа так скончыцца. Нешта невядомае пацягнула мяне да таго месца, дзе я апошні раз азіраўся. Я крычаў пра сябе ад радасці, бо хлопец усё ж такі з’явіўся і ішоў у маім кірунку. Як добра, што я вярнуўся.

Я затуліўся ў куток за газетным шапікам, каб юнак мяне не бачыў. Праз хвіліну хлопец прайшоў міма. Я счакаў паўхвіліны і рушыў за ім. Мы даехалі да цэнтра. Быў ужо вечар, і горад пачаў запальваць агні.

Хлопец ішоў даволі хутка. Я сачыў толькі за ім, каб не згубіць. На момант падняў галаву і ўбачыў праз сто метраў вялікія літары «Enjоу». Там жа мусяць знаходзіцца ягоная дзяўчына і сябрук. У мяне, шчыра прызнацца, з’явіўся нейкі зларадны настрой. Ахапіла радаснае хваляванне, прадчуванне шоў. Я не мог супакоіцца.

Каля ўваходу ў клуб хлопец спыніўся. Ён кагосьці чакаў. Праз некалькі хвілін да яго падышла і пацалавала шыкоўная дзяўчына. На імгненне мой зларадны настрой перабіла зайздрасць. Але адкуль я ведаю гэтую дзяўчыну? Можа, у нас з ім ёсць агульныя знаёмыя? Хлопец нечакана ўскрыкнуў: попел з цыгарэты, якую паліла прыгажуня, трапіў яму на руку.

…Я адчуў боль. Штосьці кальнула маю руку. Мне зрабілася халодна. Не можа быць! Гэты хлопец – я сам. Гэта ж я стаю з шыкоўнай дзяўчынай і збіраюся ўвайсці ў клуб, дзе мусяць знаходзіцца мая дзяўчына з маім сябрам. Гэта мне хлусяць сябры, гэта мяне яны ненавідзяць.

Няўжо пачуцці да той дзяўчыны, якая цяпер у клубе, захапілі мяне ўчора. Як так атрымліваецца, што адзін і той жа чалавек можа стаць прычынай вялікага шчасця і нясцерпных пакут. Няўжо гэта ў яе я гэтак закахаўся. Калі так, то хто гэтая дзяўчына, што побач са мною? Я аслупянеў. Дзяўчына здзіўлена пазірала на мяне і паўтарала: «Што з табой, зноў абкурыўся? Давай, пайшлі ў клуб».

Але я стаяў на месцы. Не заўважаў таго, што робіцца вакол мяне. Hiчогa не чуў і не бачыў. Думкі несліся з неверагоднай хуткасцю. Я не ведаў, што рабіць. Можа, усяго гэтага не было, можа, гэта толькі мае фантазіі. Трэба праверыць, трэба зайсці ў клуб. Але я баяўся. А што, калі гэта сапраўды Я…

<p>Мозг у слоіку</p>

Іду па вуліцы. Разам са мной, а можа, не разам, а нават супраць мяне, ідзе вялікая колькасць «людзей»: жанчыны і мужчыны, маленькія дзеці са сваімі бацькамі, падлеткі, старыя людзі, белыя і чорныя (вох ужо гэтая сталіца, як вялікі заапарк), касавокія і проста сонныя, бадзёрыя і вясёлыя, сумныя і злыя, са спадзяваннямі і расчараваннямі, прыемныя і мілыя, агідныя і брыдкія. Яны нібы ідуць усе паасобку, але ўсе разам. Нібы розныя, але аднолькавыя. Гэта мешаніна «людзей», эмоцый, галасоў нейкая ненатуральная. Ненатуральныя жаданні, ненатуральныя эмоцыі, ненатуральныя людзі. Усё нейкае нерэальнае, нібы ў сне. Яны апранутыя ў яркую вопратку чырвонага, жоўтага, зялёнага колеру, але вуліца ўсё роўна нейкая шэрая, невясёлая, манатонная. Я паспытаў крыху гэтай манатоннасці і адчуў рэальнасць. Яна апынулася зусім непрыемнай на смак. Я ледзь не званітаваў, але стрымаўся, не хацеў сябе зараз выдаваць.

Вялікая, вялікая колькасць «людзей», усё навокал як мурашнік. Здаецца, знікне адзін, дзясятак, сотня і нават тысяча, а ўсё роўна нічога не зменіцца. Усё застанецца як і хвіліну, месяц, год таму. Нават яны самі не заўважаць, што сярод іх нехта знік: незнаёмы чалавек, сусед, сын альбо муж. Іх усё роўна шмат. І дзе б Я не ішоў, па праспекце, па Нямізе альбо па рынку ў Ждановічах, не важна, іх паўсюль безліч.

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже