Чаму дзяўчына сама не прызнаецца хлопцу, што хоча сустракацца з іншым? Так, ён, канечне, пакрыўдзіцца, але гэта лепш, чым хлусіць усёй кампаніяй. А можа, яны яго баяцца? Напэўна. Тады гэта тлумачыць іх дзіўныя паводзіны, калі хлопец жартаваў. Ён жартаваў і кпіў амаль з кожнага, але ніхто не падначваў яго самога. Я памыляўся, калі думаў, што кампанія не крыўдзіцца на гэтыя жарты. Яны ўсе злаваліся, але не выяўлялі гэтага, бо тады паказалі б, што не могуць пастаяць за сябе.
І вось выпала магчымасць адпомсціць. Адпомсціць, так бы мовіць, з-за вугла. Хлопец, калі б і даведаўся, нічога не змог бы ім зрабіць. За што? Яны ж не вінаватыя ўсе. Гэта сябрук цалаваўся з яго дзяўчынай. Гэта сябра, сябра і дзяўчына яму хлусілі.
Калі я крыху апамятаўся ад здзіўлення, змяшанага з абурэннем, то пачаў прыслухоўвацца да гутаркі парачкі. Яны дамаўляліся пайсці ў начны клуб «Enjoy». Значыць, сёння яны збіраюцца ўдваіх ісці ў клуб, і, напэўна, не ў першы раз. Потым пра кагосьці размаўлялі. Я зразумеў, што пра хлопца. Гэта адчувалася па інтанацыі, па сэнсах, якія яны ўкладвалі ў сказанае. Доўжылася гэта нядоўга. Пасля яны крыху паразмаўлялі пра розныя рэчы і пачалі занатоўваць лекцыю ў канспект.
Калі лекцыя скончылася, яны пераселі да кампаніі. Гэта тлумачылася тым, што на наступную пару можа вярнуцца хлопец. А значыць, у мяне ўсё яшчэ маецца магчымасць глыбей зазірнуць у яго гісторыю.
У мяне была магчымасць атрымаць новы досвед, а гэта заўсёды выклікала радасць. Нават тое дрэннае, што ў мяне калісьці адбывалася, я імкнуўся асэнсаваць як у пэўнай меры станоўчае. Негатыўны досвед – таксама досвед. Досвед, які, калі правільна яго скарыстаць, абавязкова дапаможа мне ў будучым. Можна сказаць, што негатыўны досвед, абумоўлены ўласнымі памылкамі, з’яўляецца прышчэпкай, якая гарантуе імунітэт ад падобных сітуацый у будучым.
І сапраўды, праз тры хвіліны перапынку хлопец вярнуўся ў аўдыторыю да кампаніі. Усе паводзілі сябе як і раней: быццам нічога не здарылася. Юнак быў даволі вясёлы. Цікава, дзе ён знаходзіўся, што я прапусціў? Шкада, што немагчыма прысутнічаць у некалькіх месцах адначасова.
Пра што яны размаўлялі, я ўжо не мог пачуць, бо, перасеўшы на мінулым перапынку, знаходзіўся далекавата ад іх. Я не мог дачакацца, калі скончыцца лекцыя. Нічога новага не адбывалася. Усе занатоўвалі лекцыю, а хлопец, як і раней, слухаў плэер.
Нарэшце лекцыя скончылася, выкладчык выйшаў з аўдыторыі. Хлопец эмацыйна развітаўся з кампаніяй і пайшоў да дзвярэй. Напэўна, будзе яшчэ адна лекцыя. Але на гэты раз я рызыкаваць не збіраўся. Праз некалькі хвілін таксама выйшаў з аўдыторыі. Хуткім крокам пайшоў за паддоследным. Мы ішлі па ранейшым маршруце: спусціліся на першы паверх і накіраваліся ў бок метро. Доўга ехалі спачатку ў электрацягніку, потым у аўтобусе.
У транспарце і на вуліцы было шматлюдна, таму я застаўся незаўважным для хлопца. Мы падыходзілі да вялікага будынку, вакол якога знаходзілася шмат моладзі. У мяне ўзнікла адчуванне, што я быў тут раней.
Я не адразу зразумеў, што гэта інтэрнат. І тут узнікала яшчэ адна перашкода: я не мог трапіць у інтэрнат без пропуску, а тым больш незаўважаным. Заставалася чакаць. Хлопец зайшоў, я сеў на лаўку каля пад’езда.
Так я праседзеў дзве з паловай гадзіны, а хлопец усё не выходзіў. Можа, ён сёння больш і не збіраецца на вуліцу, а я дарэмна чакаю, можа, юнак толькі пад вечар пойдзе куды-небудзь гуляць. Была палова пятай. Я вырашыў прайсціся, бо не мог больш тут сядзець.
У гэтага хлопца, відаць, шмат сяброў, прыяцеляў, знаёмых. Ён жыве весела, без асаблівых клопатаў. На першы погляд ён падаецца адкрытым для ўсіх, адкрытым для свету. Але я перакананы, што гэта не так. Ён адзінокі ды існуе адасоблена ад усіх. Адасоблена як у часе, так і ў прасторы. Пра што ён марыць? Як плануе жыць?
Сёння яму яшчэ не трэба думаць, дзе ўзяць грошы. У яго няма ўласнай сям’і, таму ён клапоціцца выключна пра сябе. Ён можа напівацца да стану сіняга агурка. Можа цэлы дзень валяцца ў ложку, гуляць з прыяцелямі, хадзіць у кіно, клубы ці на канцэрты. Усё гэта ён можа рабіць, а дакладней, ён можа нічога не рабіць, бо яго не абцяжарваюць праблемы вучобы, будучай працы, не абцяжарвае неабходнасць прыкладаць хоць нейкія намаганні.
Ён нават не задумваецца пра заўтра, паслязаўтра, пра будучае. Гэты хлопец жыве толькі сённяшнім днём, адасоблена ад учора і заўтра. Ён адзінокі для будучыні. Але не толькі для будучыні, ён адзінокі і сёння, ды не заўважае гэтага і не хоча заўважаць.
Неверагодная колькасць прыяцеляў няздольная ўратаваць ад адзіноты. Ён не хоча бачыць, што ўсе гэтыя зносіны павярхоўныя. Ягоныя сябры ставяцца да хлопца не нашмат лепш, чым да ворага, а яго дзяўчына, якую ён, напэўна, лічыць вельмі блізкім чалавекам, якой давярае, хлусіць яму больш за ўсіх. Але аднойчы, хоча ён таго ці не, ён мусіць гэта ўбачыць. І чым пазней гэта адбудзецца, тым горш.
Як жа гэта жахліва, калі здаецца, што ўсё цудоўна. Ты амаль шчаслівы. У цябе ёсць блізкі чалавек, якому ты шчыра давяраеш усе свае сакрэты, мары, спадзяванні.