Было зразумела, што хлопцы і дзяўчаты даўно знаёмыя. Жарты, якія пакрыўдзілі б чужога чалавека, у гэтай кампаніі ўспрымаліся даволі лёгка. У асноўным жартаваў хлопец, за якім я назіраў, і пра сябе пачаў называць яго веселуном, астатнія ж смяяліся і толькі часам дадавалі пару слоў. Ён пажартаваў зноў, але ў гэты момант зайшоў выкладчык, і ягоны досціп застаўся не ацэнены.
Першыя пятнаццаць хвілін лекцыі хлопец размаўляў з суседам злева, потым павярнуўся да сваёй дзяўчыны і пачаў штосьці шаптаць ёй на вуха. Часам яна адводзіла галаву і какетліва пазірала на яго. Яшчэ праз дзесяць хвілін юнак начапіў слухаўкі, паклаў галаву на парту і адпачываў ад цяжкіх намаганняў у барацьбе за веды.
Гэты весялун быў звычайным лайдаком і нічога цікавага ў ягонай гісторыі не бачылася. Нікчэмнасць. Я пачаў на яго злавацца і ледзь не адмовіўся ад намеру сачыць за ім увесь дзень, каб зазірнуць у гісторыю яго жыцця. Але раптам незаўважна для сябе стаў уважліва слухаць лекцыю. Пашкадаваў толькі, што не было пад рукой асадкі з паперай.
Не было іх і ў хлопца, але ён не вельмі аб гэтым шкадаваў. Здавалася, што ён увогуле ніколі ні пра што не шкадуе. Не шкадуе, не клапоціцца, не плануе, увогуле ні аб чым дужа не задумваецца. Жыве бесклапотна і весела. Ён, напэўна, шчаслівы.
Калі б у мяне была магчымасць абіраць – не ведаць і быць шчаслівым, або ведаць і быць няшчасным – я б абраў другое. Тым чалавек і адрозніваецца, што імкнецца ведаць. Пакутуе ад таго, што не ведае. А потым пакутуе ад таго, што ведае. У тым і сутнасць чалавека, каб пакутаваць. Пакуты як штуршок, як рухавік развіцця, змагання. Няведанне – пакуты, веданне – пакуты: кола вечнага рухавіка, якое падманвае чалавека, не даючы яму спакою, не даючы дасягнуць шчасця, прымушае ўвесь час рухацца, дзейнічаць. Кола, якое ахоплівае ўсе чалавечыя дзеянні. Развіццё, планаванне, дасягненне, пошукі, мысленне – усё гэта працуе дзякуючы гэтаму рухавіку.
Але ўсё ж такі ёсць магчымасць дасягнуць шчасця: пазбавіцца гэтага ўласцівага чалавеку імкнення ведаць. Той, хто зможа вырвацца з гэтага падманлівага вечнага кола, атрымае магчымасць стаць шчаслівым, пры ўмове, канечне, задавальнення пэўных біялагічных патрэбаў. Але разам з гэтым ён губляе вечны рухавік.
«…не вечным. Канформнасць можа праяўляцца час ад часу…» Голас выкладчыка быў гучным, упэўненым. Я слухаў яго з цікавасцю і верай. Кожнае слова ўспрымалася як штосьці сакральнае, як вялікае багацце, якое я атрымаў і ніколі не згублю. Яно будзе паўсюль са мной і заўжды мне дапаможа. «Так, паўтараю самае галоўнае. Памятайце, што канформнасць – гэта падатлівасць чалавека рэальнаму ці ўяўнаму ціску групы, якая выяўляецца ў змяненні яго паводзін і ўстановак у адпаведнасці з першапачаткова чужой для яго пазіцыяй большасці. Канформнасць можна падзяліць на вонкавую – калі чалавек дэманстратыўна прымае пазіцыю большасці з мэтай атрымаць адабрэнне ці пазбегнуць групавых санкцый, і ўнутранную – калі чалавек сапраўды прымае пазіцыю групы як больш аб’ектыўную і абгрунтаваную, чым яго ўласная». Пачуваўся я, нібыта пад гіпнозам. Не было аніякай стомы. Здавалася, што я прасядзеў бы тут яшчэ некалькі гадзін і не стаміўся б.
Але нечакана выкладчык змоўк і накіраваўся да дзвярэй, сказаўшы перад гэтым: «Усё, лекцыя скончаная, да наступнай сустрэчы». Студэнты пачалі па адным павольна падымацца, як пасля сну. Адны зноў пачалі спыненую лекцыяй размову, іншыя засталіся на сваіх месцах і тое-сёе дапісвалі ў сшытках, а трэція, узяўшы рэчы, выйшлі з аўдыторыі. Хлопец з сябрамі таксама выйшаў. Яны, напэўна, пайшлі перадыхнуць, а я вырашыў, каб не выглядаць падазрона, застацца ў аўдыторыі.
Глядзеў на студэнтаў і адчуваў сябе так, як адчуваў сёння раніцай у метро. Тут таксама было шмат людзей са сваімі гісторыямі, толькі яны не мяняліся і былі між сабою звязаныя пэўным чынам, у адрозненне ад пасажыраў у метро. Я таксама глядзеў на студэнтаў з цікавасцю, вывучаючы кожнага паасобку. Былі тут ціхоні, блазны, фіфы-моднікі і проста абыякавыя, якія глядзелі на ўсё з пагардай.
Вярнуліся сябры хлопца і ягоная дзяўчына. Дзяўчына прысела з адным хлопцам крыху збоку ад кампаніі. Яны ціха пра штосьці шапталіся. Мне стала цікава. Я ўстаў і выйшаў у калідор, каб потым вярнуцца і сесці бліжэй да іх. Мяне шчыра ўразіла тое, што ўбачыў, калі вярнуўся: дзяўчына цалавалася з сябрам хлопца.
Следам за мной у аўдыторыю зайшоў выкладчык. Хуткім крокам я пайшоў у бок парачкі, якая мяне зацікавіла, і сеў за імі. Перапынак доўжыўся каля дзесяці хвілін, а хлопец, за якім я назіраў, так і не вярнуўся. Мяне засмуціла тое, што я згубіў паддоследнага, але не вельмі шкадаваў, бо змог даведацца пра тое, чаго хлопец і сам не ведае. Можна сказаць, што цяпер некаторыя аспекты яго гісторыі я ведаў лепш за яго самога.
Парачка ведала, што хлопец не прыйдзе, таму паводзіла сябе вольна. Значыць, астатнія сябры ведаюць пра гэта. У няведанні толькі ён. Доўжыцца гэта, напэўна, даўно. Але чаму яму ніхто не скажа? Здавалася ж, што ўсе яны сапраўдныя сябры.