Мне прыйшла ідэя зрабіць эксперымент, падобны да задання, якое даваў Тайлар у «Байцоўскім клубе» Чака Паланіка. Я хацеў паглядзець, што трэба зрабіць, каб давесці незнаёмага чалавека да бойкі. Як трэба яго зняважыць, каб ён усё-такі цябе ўдарыў. Праводзіць эксперымент такога кшталту было даволі небяспечна для мяне, але я быў упэўнены, што ўсе пройдзе без зламанага носа ці выбітага зуба.

Я сеў на прыпынку недалёка ад Камароўкі. Была субота, і на прыпынку было каля дваццаці чалавек. Справа ад мяне стаяў хлопец гадоў дваццаці сямі. Менавіта з яго я і вырашыў пачаць свой эксперымент.

– Э-э, алень!

Ён маўчаў. Я зноў паўтарыў. Людзі вакол пачалі азірацца, а ён стаяў і маўчаў. Тады я больш-менш лёгка штурхнуў яго ў спіну.

– Ты што, блін, аглох?

Ён адышоў ад мяне на пяць крокаў, а праз некалькі секунд, не дачакаўшыся аўтобуса, пайшоў, паскараючы хаду, у бок наступнага прыпынку. Праз некалькі хвілін прыехалі два аўтобусы, і амаль усе, хто стаяў побач, з’ехалі, а на іх месца прыйшлі новыя.

Мужчына, які не паехаў на аўтобусе і працягваў чакаць, стаяў і глядзеў на мяне. Я раптоўна перавёў позірк на яго, ён адразу пачаў глядзець у іншы бок.

– Чё пасёш, мудак?

– Сам ты мудак.

– Ты чё, ціпа, борзы самы?

– Нічога я не борзы.

– Ну дык адвярніся і маўчы, а то я табе ў галаву дам.

Якраз у гэты момант пад’ехаў аўтобус. Мужчына павярнуўся і зайшоў усярэдзіну. Цікава, але ён чакаў, напэўна, не гэты аўтобус. Я вырашыў быць больш настойлівым. Але амаль нічога не змянілася. Толькі адзін раз малады хлопец, да якога я нават і не звяртаўся, сказаў:

– Забіся, а то я сам табе ў галаву дам.

Але толькі адзін. Усе ж астатнія баяліся. Баяліся штосьці мне адказаць, а тым больш увязацца ў бойку. Баяліся, але напэўна не столькі мяне, бо я не выглядаў даволі дужым, баяліся праблем. Іх можна было зневажаць, як самага апошняга чалавека, штурхаць, але яны нічога не прадпрымалі, каб супакоіць мяне, каб абараніць свой гонар.

Іх стратэгія была «абы ўсё ціха, абы не ўзнікла праблем». Апраўданнем было тое, што я вулічны дурань і на мяне не варта звяртаць увагі, што ў іх мала часу, каб разбірацца, і гэтак далей. Яны не баяліся страціць гонар, яны маглі трываць, маўляў, усё роўна ж гэта нядоўга, але яны баяліся ўвязвацца ў нейкія праблемы…

* * *

Мне заўсёды хацелася кіраваць людзьмі. Не адным-двума, а масамі людзей. Быць прэзідэнтам – не тое: сёння прэзідэнт ты, а заўтра выбралі ўжо іншага прэзідэнта. Дыктатар таксама не тое. Я хацеў чагосьці іншага, чагосьці большага.

Пісаць сцэнары рэвалюцый, задаваць мадэлі паводзін тых ці іншых палітыкаў, кіраваць сацыяльнымі ды палітычнымі працэсамі, круціць туды-сюды дурныя масы ― вось што было маёй марай, а калі сказаць больш дакладна, мэтай. Як гэта называецца, не скажу, штосьці кшталту паліттэхнолага, але яшчэ шырэй. Напэўна, гэта лепш назваць сацыяльна-палітычнымі тэхналогіямі.

Я разумеў, што перш за ўсё мне трэба вельмі шмат ведаць, да дробязей вывучыць сацыяльныя навукі, такія як псіхалогія, паліталогія, сацыялогія, эканоміка ды іншыя. Мне трэба бачыць сацыяльна-палітычныя працэсы і разумець іх сутнасць, прычыны, ход, вынікі. Толькі ў гэтым выпадку магчыма кіраваць сацыяльнымі працэсамі.

У гэты перыяд я пачаў ставіць невялікія эксперыменцікі, якія занатоўваў у спецыяльны сшытак. Гэта было, так бы мовіць, штосьці накшталт практыкі, якая дасць бясцэнны вопыт на будучыню. Першыя эксперыменты былі зусім несур’ёзнымі і падобнымі больш на жарт. Але чым далей, тым больш карысныя вынікі яны давалі мне. Яны станавіліся цікавей, сур’ёзней.

Але я не абмяжоўваўся некалькімі навукамі. Я быў упэўнены, што самае галоўнае – гэта пастаяннае самаразвіццё, а для гэтага трэба развівацца ў розных накірунках, атрымліваць багаты вопыт. Калі ты развітая асоба, дасягнуць чагосьці можна без праблем, трэба толькі шмат працаваць. Вельмі шмат.

Ужо даўно я не верыў ні ў бога, ні ў якія-небудзь там аўтэрытэты. Да ўсяго я ставіўся вельмі скептычна і верыў толькі ў сябе. У мяне было шмат прыяцеляў, якія лічылі мяне сябрам, але я ніколі ім да канца не давяраў, ніколі нават не спрабаваў на іх паспадзявацца ў нейкай сітуацыі, бо лічыў, што ўсе людзі эгаістычныя. Я разлічваў толькі на свае сілы. Калі штосьці не атрымлівалася, я нікога не вінаваціў. Для мяне гэта быў толькі паказчык, што трэба больш развівацца, больш працаваць над сабой.

Але я разумеў, што сёння, якім бы ты ні быў таленавітым, разумным, цудоўным, гэта яшчэ зусім не гарантуе вялікіх дасягненняў. Сёння трэба іншае. Каб чагосьці дасягнуць, трэба быць хітрым, выключна рацыянальным, беспрынцыпным, эгаістычным, сябелюбівым.

Я ж быў іншым, я быў добрым, даверлівым, адкрытым, мне хацелася з усімі сябраваць, кожнаму дапамагчы. Але з часам мне стала зразумела, што гэта будзе толькі перашкаджаць мне ў дасягненні мэты.

Таму я пачаў усяк душыць у сабе ўсе добрыя, з пункту гледжання маралі, рысы і клапатліва выхоўваць усё самае дрэннае і цёмнае.

Перейти на страницу:

Все книги серии Час Воблы

Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже