– Канешне! Што за дзіўнае пытанне, Касій! – сказала яна са смехам. – Ці, па-твойму, я павінна была ўхапіцца за яе хвост?.. А ты таксама пераскочыў? – спытала крэолка, раптоўна змяніўшы тон. – I ехаў па нашых слядах далей?
– He, Лу. Ад яра я накіраваўся прама сюды, мяркуючы, што ты вернешся раней за мяне. Вось так мы і сустрэліся з табой.
Луіза, здавалася, была задаволена гэтым адказам.
– Ах так! Добра, што ты дагнаў нас. Мы ехалі павольна. Луна, бедная, вельмі стамілася. He ведаю, як толькі яна дабярэцца да Ляоны…
З таго моманту, як Калхаўн далучыўся да іх, мустангер не прамовіў ні слова. Без бачнага жалю ён пакінуў кампанію маладой крэолкі і моўчкі паехаў уперадзе, зноў вярнуўшыся да сваёй ролі правадніка.
Нягледзячы на гэта, капітан не спускаў з яго дапытлівага погляду. А калі Калхаўн лавіў – ці думаў, што злавіў,– замілаваны позірк Луізы, накіраваны ў той жа бок, вочы яго загараліся д’ябальскай злосцю.
Доўгае падарожжа трох коннікаў магло б прывесці да трагічнага канца. Аднак з’яўленне ўдзельнікаў пікніка папярэдзіла такую развязку. Уцякачку сустрэлі хорам захопленых воклічаў, якія на нейкі час разагналі іншыя думкі.
У пасёлку, які ўзнік паблізу форта Індж, гасцініца была самым прыметным будынкам. Зрэшты, гэта характэрна для ўсіх гарадоў Тэхаса, пабудаваных за апошнія сорак гадоў. Толькі ў яе шматлікіх старых гарадах іспана-мексіканскага паходжання крэпасці і манастыры панавалі над іншымі будынкамі. Але і гэтыя рэліквіі мінулага ў большасці таксама ператварыліся ў гасцініцы-таверны.
Хаця гасцініца форта Індж і з’яўлялася самым вялікім будынкам у пасёлку, тым не менш яна была невялікая і не ўяўляла сабой нічога вартага ўвагі. Наўрад ці яна магла прэтэндаваць на які-небудзь архітэктурны стыль. Гэта была драўляная пабудова ў форме літары Т, узведзеная з абчасаных бярвёнаў. Падоўжную частку будынка займалі пакоі для прыезджых, а папярочная ўяўляла адно вялікае памяшканне, у якім знаходзіўся буфет, або, як яго называлі ў Амерыцы, бар. Тут пілі, курылі і не саромеючыся плявалі на падлогу.
Перад уваходам у гасцініцу на дубе са спіленай вяршыняй гайдалася шыльда, на якой з абодвух бакоў намаляваны герой, што здабыў славу ў гэтых краях, – генерал Захары Тэйлар. Пад партрэтам – назва гасцініцы: «На прывале». Калі вам даводзілася падарожнічаць па паўднёвых або паўднёва-заходніх штатах Амерыкі, вы не маеце патрэбы ў апісанні буфета. У гэтым выпадку нішто не згладзіць з вашай памяці бара гасцініцы, у якой вы мелі няшчасце спыніцца. Стойка цягнецца праз увесь пакой уздоўж сцяны, на якой красуюцца палічкі, застаўленыя графінамі і бутэлькамі з вадкасцю яе толькі ўсіх колераў вясёлкі, але і разнастайных іх спалучэнняў. За стойкай снуе элегантны малады чалавек – так званы бармен; толькі не назавіце яго карчмаром, інакш вы рызыкуеце атрымаць бутэлькай па зубах. Гэты элегантны малады джэнтльмен адзеты ў блакітную сацінавую блузу, або ў куртку з белага палатна, або, магчыма, у кашулю з ліна-батысту з карункамі, загафрыраванымі Бог ведае калі. Гэты элегантны малады чалавек, змешваючы для вас «шэры і коблер», глядзіць вам прама ў вочы і размаўляе з вамі пра палітыку, у той час як лёд, віно і вада, пераліваючыся са шклянкі ў шклянку, іскрацца і ствараюць нешта накшталт вясёлкавага ззяння за яго плячамі ці арэол, які акружае яго напамаджаную галаву. Калі вы падарожнічалі па паўднёвых штатах Амерыкі, вы, канешне, не забылі яго? А калі так, то мае словы нагадаюць вам яго навакольнае абсталяванне: бар, якім ён кіруе сярод палічак і рознакаляровых бутэлек; вы ўспомніце стойку, падлогу, пасыпаную белым пяском, дзе часам валяюцца недакуркі цыгар і бачны карычневыя пляўкі; вы ўспомніце таксама і пах мяты, палыновай гарэлкі і лімоннай скуркі, гудзенне рою звычайных чорных мух, мясных мух і балючыя ўкусы маскітаў. Усё гэта павінна было ўрэзацца ў вашу намяць.
Хаця гасцініца “На прывале» і мала чым адрознівалася ад іншых падобных устаноў Тэхаса, яна ўсё ж мела свае асаблівасці. Яе гаспадаром быў не абаротлівы янкі, а немец, які поўнасцю апраўдваў рэпутацыю сваіх суайчыннікаў, што лічыліся пастаўшчыкамі лепшых прадуктаў. Ён сам прыслужваў у сваім бары; і, калі вы ўваходзілі туды, вам прыгатоўваў напітак не элегантны малады джэнтльмен з духмянай шавялюрай і ў кашулі з рушамі, а паважны немец, які выглядаў так цвяроза, нібы ён ніколі не спрабаваў – нягледзячы на спакусу выпіць па аптовай цане – духмяных напояў, якімі частаваў сваіх кліентаў. Мясцовыя жыхары называлі яго коратка: «Дофер», хаця ў сябе на радзіме ён быў вядомы пад прозвішчам Абердофер.
Была і яшчэ адна асаблівасць у гэтага бара, якая, зрэшты, уласціва не толькі яму аднаму. Як ужо вядома, гасцініца мела форму літары «Т»; бар знаходзіўся ў папярочным памяшканні, стойка цягнулася ўздоўж сцяны, якая прымыкала да галоўнага будынка. На кожным канцы бара былі дзверы, якія выходзілі на плошчу.