Такое размяшчэнне дзвярэй дыктавалася асаблівасцямі мясцовага клімату: там, дзе тэрмометр шэсць месяцаў у год паказвае ў цені больш як 30 градусаў, неабходна паклапаціцца аб добрай цыркуляцыі паветра.

Гасцініцы Тэхаса, як, зрэшты, і ўсе гасцініцы Злучаных Штатаў, служаць адначасова біржай і клубам. Мабыць, іменна з-за зручнасці і таннасці гасцініц клубаў у Амерыцы амаль няма.

Нават у вялікіх гарадах Атлантычнага ўзбярэжжа клуб зусім не з’яўляецца неабходнасцю. Памяркоўныя цэны ў гатэлях, іх выдатная кухня і элегантнае абсталяванне перашкаджаюць працвітанню клубаў, якія ў Амерыцы марнеюць і будуць марнець як нешта чужое.

Гэта заўвага ўсё ж галоўным чынам тычыцца паўднёвых і паўднёва-заходніх гарадоў, дзе шынкі і бары з’яўляюцца ўлюбёным месцам спатканняў і адпачынку. Тут збіраюцца стракатыя кампаніі. Горды плантатар не грэбуе – таму што не асмеліцца грэбаваць – піць у адным пакоі з беднякамі, часта такімі ж гордымі, як і ён. У бары гасцініцы «На прывале» можна сустрэць прадстаўнікоў усіх класаў і прафесій, якія ёсць у пасёлках, але толькі не сялян. Іх няма ў Злучаных Штатах, іх няма і ў Тэхасе.

Напэўна, з таго самага дня, як Дофер павесіў сваю шыльду, у яго бары яшчэ ні разу не збіралася столькі наведвальнікаў, як у вечар пасля апісанага пікніка, калі яго ўдзельнікі вярнуліся ў форт Індж.

Амаль усе яны, за выключэннем дам, палічылі неабходным закончыць вечар у бары. Як толькі стрэлка галандскага гадзінніка, які мякка цікаў сярод рознакаляровых бутляў, падышла да адзінаццаці, у бар адзін за другім сталі заходзіць наведвальнікі. Афіцэры форта, плантатары, якія жылі па суседству, маркітанты, пастаўшчыкі, шулеры і людзі без пэўных заняткаў уваходзілі адзін за другім. Кожны кіраваў прама да стойкі, заказваў свой любімы напітак, а затым далучаўся да якой-небудзь кампаніі.

Адна з гэтых кампаній звярнула на сябе асаблівую ўвагу. У ёй было чалавек дзесяць, палавіна з якіх насіла мундзір. Да апошніх належалі тры афіцэры, ужо знаёмыя чытачу: капітан пехацінец і два лейтэнанты – драгун Генкок і стралок Кросмен.

З імі быў яшчэ адзін афіцэр, старэйшы за іх па ўзросту і вышэй чынам – ён насіў пагоны маёра. А паколькі ён быў старшым па чыну ў форце Індж, то лішнім будзе дабаўляць, што ён камандаваў гарнізонам.

Размова мела зусім натуральны характар, як быццам усе яны былі маладымі лейтэнантамі. Яны гутарылі пра падзеі адышоўшага дня.

– Скажыце, калі ласка, маёр, – спытаў Генкок, – вы, мабыць, ведаеце, куды паскакала міс Пойндэкстэр?

– Адкуль жа мне ведаць? – адказаў афіцэр, да якога было звернута пытанне. – Спытайце пра гэта яе кузена, містэра Касія Калхаўна.

Мы пыталіся ў яго, але толкам нічога не дабіліся. Ён, здаецца, ведае не больш за нас. Ён сустрэў іх на зваротным шляху, і то недалёка ад нашага бівака. Яны адсутнічалі вельмі доўга і, мяркуючы па іх узмыленых конях, ездзілі кудысьці далёка. За гэты час яны маглі б з’ездзіць у Рыо-Грандэ і нават далей.

– Ці звярнулі вы ўвагу на твар Калхаўна, калі ён вярнуўся? – спытаў пяхотны капітан. – Ён быў змрочны, як хмара, і, мабыць, яго трывожыла нешта вельмі непрыемнае.

– Так, выгляд у яго сапраўды быў вельмі пануры, – адказаў маёр. – Але, спадзяюся, капітан Слоўмен, вы не прыпісваеце гэта…

– Рэўнасці? Я ў гэтым не сумняваюся. Нічога іншага не можа быць.

– Як? Да Морыса-мустангера? Што вы! Немагчыма! Прынамсі, непраўдападобна!

– Але чаму, маёр?

– Мой дарагі Слоўмен, Луіза Пойндэкстэр – лэдзі, а Морыс Джэральд…

– Можа, і джэнтльмен – мы ж пра яго нічога не ведаем.

– Фу, – з пагардай сказаў Кросмен, – гандляр коньмі! Маёр мае рацыю: гэта непраўдападобна.

– Ах, джэнтльмены! – працягваў пяхотны афіцэр, шматзначна пакруціўшы галавой. – Вы не ведаеце міс Пойндэкстэр так, як я яе ведаю. Гэта вельмі эксцэнтрычная маладая асоба, каб не сказаць болей. Вы, напэўна, і самі гэта заўважылі.

– Ды што вы, Слоўмен! – паддражніў яго маёр. – Баюся, што вы не супраць папляткарыць. Мабыць, самі закахаліся ў міс Пойндэкстэр, хаця і прыкідваецеся жанчынаненавіснікам? Прыраўнаваць яе да лейтэнанта Генкока ці да Кросмена, калі б яго сэрца не было занята другой, гэта было б зразумела, але да простага мустангера…

– Гэты мустангер ірландзец, маёр. I ў мяне ёсць падставы меркаваць, што ён…

– Хто б ён ні быў…– перарваў маёр, мелькам зірнуўшы на дзверы. – Вось ён, хай сам і адкажа. Ён прамы чалавек, і ад яго вы даведаецеся пра ўсё, што, відаць, вас моцна цікавіць.

– Наўрад ці,– прамармытаў Слоўмен, калі Генкок і яшчэ два-тры афіцэры накіраваліся было да мустангера з намерам здзейсніць параду маёра.

Морыс моўчкі прайшоў па пасыпанай пяском падлозе і падышоў да стойкі.

– Шклянку віскі з вадой, калі ласка, – сціпла звярнуўся ён да гаспадара.

– Віскі з вадой? – паўтарыў той няветліва. – Вы жадаеце віскі з вадой? Гэта будзе каштаваць два пені за шклянку.

– Я не пытаю вас, колькі гэта каштуе, – адказаў мустангер, – Я прашу даць мне шклянку віскі з вадой. Ёсць яно ў вас?

– Так-так! – паспяшаўся адказаць немец, напалоханы рэзкім тонам. – Колькі хочаце, колькі хочаце віскі з вадой! Калі ласка!

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже