Няма ратунку ад вершаў, якія цэлы дзень выпраўляю і аўтарам пішу адказы. Я і не ўяўляў, што ў нас столькі піітаў. Праўда, сярод іх шмат халтуршчыкаў. Апошніх цікавіць: колькі ім заплацяць за радок; чаму іх рэдка друкуюць, хоць яны напісалі цэлыя тамы вершаў; чаму іх "пралетарскай музе не даюць ходу". Адзін з іх – Габрыель Парнаскі (напэўна, псеўданім) са Смаргоні – пагражае, што будзе пісаць у ЦК і далей… Самае дзіўнае, што ў кожнага графамана ёсць свае паклоннікі, якія, як і іх аўтар, а можа, нават і па просьбе яго, любяць пісаць у рэдакцыі ды іншыя ўстановы ад імя ўдзячных чытачоў хвалебныя водзывы, рэцэнзіі на гэтыя вершы.

Забыўся спытацца ў Путраманта, ці чуў ён што пра У. Бранеўскага. Няўжо ён не змог уцячы з акупіраванай Варшавы? Дзе Л. Пастарнак, Л. Шэнвальд, Л. Кручкоўскі, В. Скуза і іншыя рэвалюцыйныя польскія пісьменнікі?

У рэдакцыйнай бібліятэцы знайшоў вывезеныя з Вільні прадбачлівым нашым рэдактарам Афенгеймам гадавікі многіх польскіх літаратурных часопісаў і газет. Сярод іх: "Месячнік літарацкі", "Левар", "Облічэ дня" і іншыя прагрэсіўныя органы, якія я болыд-менш сістэматычна чытаў у свой час. Але тут апроч іх былі і "Вядомосці літэрацке", эндэцка-эсэраўская газета "Проста з моста", санацыйны "Піён" і другія. Усім гэтым ніхто ў рэдакцыі не цікавіўся, хоць тут можна было знайсці шмат каштоўных звестак, матэрыялаў.

У вольны час пастараюся перагартаць іх і папоўніць свае веды пра класавых іхціязаўраў.

23/ХІ

У нашым невялічкім драўляным трохпакаёвым доміку жыве з маленькай дачушкай жонка былога паліцыянта. Сам ён кудысьці ўцёк ці мо нашы саслалі куды. Амаль кожны вечар у яе збіраецца нейкая вясёлая кампанія, да позняй ночы надрываецца патэфон, чуецца п’яны гоман. Сама гаспадыня, здаецца, збіраецца ехаць да бацькоў у Варшаву. Распрадае сваю маёмасць, мужавы рэчы, мэблю. Усё гэта нагадвае памінкі, хоць госці весяляцца, і толькі адно хворае дзіцянё, забытае ўсімі, надрываецца – плача. Хоць ты ідзі ды разгані ўсіх.

На дварэ ўзнікае вецер. Расшумеліся старыя таполі. Трэба пайсці прычыніць аканіцы. Відаць, на электрастанцыі не хапае току, бо святло на нашай вуліцы то выключаюць, то ўключаюць. I нават тады, калі ўключаюць святло, лямпачкі так цьмяна гараць, што нават нельга чытаць. Трэба было б і печ запаліць, а то вецер выдзьмуў з хаты ўсё цяпло. З дому прывёз частку свайго "архіва". Пачынаю наводзіць парадак у сваёй паэтычнай гаспадарцы – пераглядаць усё раней напісанае. Зараз вельмі мала знаходжу вершаў закончаных. Амаль усе патрабуюць правак і правак. Толькі на ўсё не хапае часу.

А за хатай, за агародамі чуваць, як няспынна ідуць цягнікі. Ля пераезда, як п’яныя, крычаць іх працяглыя гудкі. А ў перапынках гудзе злосны асенні вецер, абрываючы апошняе лісце з дрэў.

24/ХІ

Раніцай у рэдакцыю нашай вілейскай абласной газеты А. Бураў прынёс апошні нумар "Літаратуры і мастацтва" з артыкулам А. Куляшова "Паэзія Максіма Танка". Гэта першы артыкул у савецкім друку аб маёй творчасці. Усе глядзяць на мяне, як на імянінніка. А я і радуюся і трывожуся, бо ўвесь час думаю аб тых творчых цяжкасцях, якія

Істаяць перада мною. Апошнія мае вершы – семантычныя, адназначныя, дыдактычныя, разлічаныя на кароткае жыццё і на непатрабавальнага чытача. Як пасля паэзіі бунту перайсці на паэзію будаўніцтва? Мне трэба будзе даганяць тых, хто з першых дзён свайго жыцця зжыўся з новай тэмай, з новай рэчаіснасцю. Хоць ты садзіся за адну парту з першакласнікамі. Ёсць адзін – самы лёгкі – спосаб: апяваць тое, што бачыш і што хацеў бы бачыць. Але такія перспектывы – не для мяне. Ды ў ідылічнай атмасферы і мускулы могуць зусім атрафіравацца. Непакоіць мяне і даўгавечнасць рознага стар’я, у параўнанні з якім нават Ф. Багушэвіч з’яўляецца больш сучасным. Не магу яшчэ ўлавіць: што прапануе наша крытыка? Адзін – Маякоўскі. А яшчэ? Агулам, з кожным днём у мяне павялічваецца колькасць пытанняў, і на большасць з іх пакуль што не знаходжу здавальняючых адказаў. Вучуся дыхаць наступіўшай цішынёй, паветрам, у якім адгрымелі навальніцы, адгалоскі якіх часамі прыносіць заходні вецер.

У Мінск я не імкнуся. Вельмі ж там цесна багамі заселены Парнас. Ды тут і спраў у мяне – непачаты край.

Рэдактар нашай газеты раіць, каб я напісаў падвальны артыкул у дапамогу маладым. Я яму адказаў, што хацеў бы належаць да пісьменнікаў, якія больш самі пішуць, а менш балбочуць аб тым, як трэба пісаць. Апошнія дні чартоўскі загружаны перапіскай, рознымі кансультацыямі. Працую ў аддзеле культуры. Работа не цяжкая. Але адбірае шмат часу. Кожны дзень трэба даць у газету пэўную колькасць радкоў.

Бачыўся з Фёдарам Маркавым. Ён мне расказаў, як са Святакржыжскай турмы вярнуўся яго таварыш дамоў.

Загрукаў у сваю хату:

– Ці ёсць хто жывы?

– Я, – адказала, выйшаўшы ў цёмныя сенцы, сястра.

– А хто яшчэ тут жыве?

– Дыдзецімае…

– А мужык дзе?

– Няма. Не вярнуўся з вайны.

– А бацька і маці?

– Памерлі…

– I больш нікога ў цябе няма… Агата?..

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже