Пайшоў нездаволены.
Пазнаёміўся са сваім суседам – Іванам Іванавічам Янушкам. Ён прывёз мне з Глыбокага, дзе разбіраў архівы дэфензівы, мой здымак, зроблены яшчэ ў маі 1933 года, калі там мяне арыштавалі.
А ў гаспадыні маёй – госці. Зноў папойка. Патэфон хіба ўжо дзесяты раз іграе старую пласцінку "Разбітае сэрца"…
Пачалі, чэрці, танцаваць.
Пара спаць. Толькі ці ўдасца заснуць пад гэту мелодыю танга аб разбітым сэрцы.
3/ХІ
Сесія Вярхоўнага Савета прыняла закон аб уключэнні Заходняй Беларусі ў склад СССР і ўз’яднанні яе з Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Гэтай векапомнай падзеі ўжо нікому і ніколі не выкрасліць з нашай гісторыі. Гераічная барацьба беларускага народа знайшла сваё канчатковае і слаўнае завяршэнне. I таму нельга пераацаніць значэнне гэтага акта. Аж не верыцца, што за паўтара месяца са дня вызвалення адбылося ў жыцці столькі змен. Я гэту дату – дату, з якой мы пачалі людзьмі звацца, – назаўсёды залатымі літарамі ўпісаў бы ва ўсе нашы календары як самае вялікае свята пасля Вялікага Кастрычніка. Шкада, што ў нас яшчэ няма твораў, якія б тэму ўз’яднання нашага народа паказалі ва ўсёй эпічнай велічы. Відаць, прыйдзецца мне майго "Сілаша" перарабляць. У цэнтры падзей ставіць не героя-адзіночку, а народ, праблему пошукаў праўды і праблему граніцы, якая глыбокай ранай вякамі крывавіла на нашай зямлі. Граніца! Я яе некалькі раз перасякаў у сваім жыцці. Яшчэ і сёння, здаецца, адчуваю тое хваляванне, з якім я глядзеў на яе, калі вучыўся ў Радашковічах, і потым, калі яе вераснёвай раніцай 1932 года пераходзіў каля Пагоста… Цапамі дажджу вецер малоціць па дрэвах, абіваючы апошнія лісты, па лужынах, пакрываючы іх воспай сцюдзёных пухіроў, па плячах прахожых, якія, спяшаючыся, подбегам вяртаюцца з працы дамоў.
На Савецкай вуліцы дагнаў Лю. Пад навесам пажарнай каманды думалі перачакаць самы буйны шквал дажджу, але і тут не было ад яго ратунку. У гэтым будынку калісьці, яшчэ будучы гімназістам, я глядзеў "Запарожца за Дунаем". Грошай на білет не было. З раніцы да пачатку спектакля, схаваўшыся, прасядзеў за пажарнай бочкай. Набраўся я тады страху, бо, калі выбіраўся са свайго сховішча, перавярнуў нейкае вядро і на мяне пачалі ўсе шыкаць, што я перашкаджаю ім глядзець. Ну і дождж! Праводзіў Лю да яе кватэры. Гаспадыня паліла ў печы. Агонь то весела патрэскваў, то ўздыхаў з парывамі ветру. "У такое надвор’е добры гаспадар, – казала мая маці, – і сабаку з хаты не выганяе".
4/ХІ
Гарадскі парк акупіравалі цыганкі. Кожнаму прапануюць паваражыць. Адкуль іх столькі наехала? Ля ракі гараць кастры, на скупой асенняй атаве пасуцца коні…
Ля касцёла дагнаў мяне нейкі работнік абкома.
– Вы – таварыш Танк?
– Я.
– Хутчэй сядайце ў машыну. Сёння шукаю вас па ўсім горадзе…
У прыёмнай сакратара абкома я сустрэў некалькі сваіх знаёмых таварышаў. Усяго тут было чалавек дваццаць.
Хутка запрасілі нас да сакратара, ад якога мы даведаліся, што ўся наша група зараз жа выязджае на легкавых машынах у Мінск. Нават не было часу ні пераапрануцца, ні пакінуць дома свой партфель, набіты рознымі рэдакцыйнымі паперамі і ў якім ляжаў мой трафейны браўнінг. Я крыху непакоіўся, што не паспеў здаць гэту трасцу. А ну, на старой граніцы будуць пераглядаць ды знойдуць яго?
Ад Вілейкі да Маладзечна дарога мне была знаёмая. Не адзін раз я яе перамераў сваімі нагамі. Зараз яе рамантавалі, клалі новы брук, таму шмат на ёй было аб’ездаў. Але ехаць, ды яшчэ ўпершыню на легкавой машыне, было прыемна. Я любаваўся старым гасцінцам, што ішоў з Маладзечна да Радашковіч, над якім вецер кружыў жоўтае лісце бяроз. Перад Радашковічамі мы спыніліся на некалькі хвілін. Да нас падышлі дзеці з кошыкамі журавін.
– У школу ходзіце? – спытаўся я ў малышоў.
– Пэўне ж… А чаму, дзядзя, у вас пяць калёс? Шафёр наш пачаў тлумачыць, але паступіла каманда ехаць, і мы зноў крануліся ў дарогу. У Радашковічах не спыняліся. Бачыў, як прамільгнулі знаёмыя вуліцы мястэчка, белыя сцены касцёла, нізкія хаты, магільнік. Далей зноў пайшлі маляўнічыя ўзгоркі. Я дастаў блакнот, каб занатаваць свае ўражанні, але дарога стала больш дрогкая, і я зноў яго паклаў у кішэню, бо ўсё роўна не прачытаў бы сваіх іерогліфаў. Хіба прыехаўшы на месца, сур’ёзна вазьмуся за свае нататкі. Перад ад’ездам, сазваніўшыся па тэлефоне з рэдактарам, абяцаў яму напісаць для газеты нарыс аб сваім падарожжы ў Мінск і аб святкаванні Кастрычніцкай гадавіны. Пачало вечарэць. Відаць, ужо Мінск быў зусім блізка, бо на небасхіле ўсё больш і больш разгаралася зарыва яго агнёў.
5/ХІ