Пасля ўсяго позна вяртаемся ў гасцініцу "Беларусь" і засынаем так, што нават сны не сняцца. Нешта пачынае цягнуць дамоў. Каб гэта было летам, заваліўся б у пуні, поўнай гнёзд, гаючага шчэбету ластавак, звону асвянак, ціхага шуршання палявых мышэй, ды адпачыў бы ад усёй мітусні. А сена ў нас – асабліва з Барсукоў – якімі толькі не пахне травамі, кветкамі, атожылкамі. Прачынаешся п’яны ад яго водару. Глядзіш і не адразу пазнаеш гарышча, заваленае бярозавымі плашкамі для сахі, звеннямі для калёс, запаснымі драўлянымі восямі, палазамі-капанямі і нейкімі дошкамі, якіх дзед не дае пускаць у расход, бо могуць спатрэбіцца яму на труну. Праз незабіты шчыт відаць трыкутнік неба. Па палёту аблокаў угадваеш, з якой стараны дзьме вецер…
Званілі з рэдакцыі "Полымя". Збіраюцца ў адным з нумароў даць падборку маіх вершаў. Пыталіся, каго ім яшчэ параіў бы даць з заходнебеларускіх паэтаў. Агулам, калі мы яшчэ крыху арыентаваліся ў савецкай беларускай літаратуры, дык нашы мінскія таварышы аж да самага вызвалення амаль нічога не зналі і не чулі пра многіх з нас.
Ні ў каго не магу толкам даведацца, дзе Міхась Васілёк. Чуў, што ён быў мабілізаваны ў польскую армію. Хаця б ён дзе не загінуў.
19/ХІ
Выступаў на вечары інтэлігенцыі. Аўдыторыя – досыць цяжкая. Сярод прысутных шмат было чыгуначнікаў і польскіх настаўнікаў, якія працавалі пры санацыйным польскім урадзе і атрымлівалі значна большую зарплату, як зараз. Некаторыя нашы агітатары – асабліва з усходніх раёнаў – не арыентуюцца ў гэтых справах, і ім незразумела многае, калі яны сустракаюцца з падобнымі фактамі. Хоць тут няма нічога дзіўнага. У такой паўфашысцкай дзяржаве, якой была панская Польшча, нават пры масавым беспрацоўі многія ўрадавыя служачыя, асабліва ў Заходняй Украіне і ў Заходняй Беларусі, былі не толькі служачымі, але – і праваднікамі афіцыйнай палітыкі (большасць іх паходзіла з цэнтральнай Польшчы), і апорай санацыі ва ўсіх яе пачынаннях.
Вярнуўшыся дамоў, узяўся за перагляд часопісаў, якіх сабралася цэлая гара. Люблю часопісы чытаць з канца – з рэцэнзій і крытычных артыкулаў. Мне здаецца, што аб’ектыўнай ацэнцы таго ці іншага пісьменніка ў нас перашкаджаюць кананізаваныя ацэнкі, якія можна толькі цытаваць, але не аспрэчваць, нават і тады, калі яны размінаюцца з праўдай і фактамі.
Цікава, хто з маіх былых настаўнікаў жыве зараз у Вілейцы? Мне вельмі хацелася б пабачыць выкладчыцу рускай мовы і літаратуры К. Мажухіну, лацініста К. Мірановіча, выкладчыка польскай мовы Крашэўскага і іншых. Ды яшчэ, як ні дзіўна, не сустрэў нікога і са сваіх аднакласнікаў па гімназіі. Трэба будзе пашукаць Люсю Валынец, Міколу Гаўрыліка, а яны памогуць знайсці і другіх віляйчан.
20/ХІ
Быў у рэдакцыі Путрамант. Казаў, што яму прапанавалі працаваць разам з намі ў "Вілейскай праўдзе", але пасля Вільні наш абласны цэнтр здаўся яму такім глухім кутком, што наўрад ці астанецца ён тут. Можа, лепш яму паехаць у Беласток ці Львоў, дзе, чуваць, сабралася шмат польскіх пісьменнікаў. Абедаць пайшлі з ім у новаадкрытую каля касцёла сталоўку. Вечарам дамовіліся сустрэцца ў Дэмбінскіх.
21/ХІ
Мае сябры – Мілянцэвіч і Кананюк – збіраюцца ехаць на работу, здаецца, у браслаўскую бальніцу. I так, я гэтымі днямі магу стаць адзіным гаспадаром гэтага нашага невялічкага пакойчыка. З А. Буравым на рэдакцыйным грузавіку ездзіў у Мядзела і ў Шлькаўшчыну. У дарозе некалькі раз псавалася машына. Каля Беразнякоў прастаялі пару гадзін у лесе. Мароз. Змерзлі. Толькі поўначчу дабраліся да нашай хаты. Дома ўжо ўсе спалі. Нават не чулі, як мы заехалі ў двор. У новай хаце было сцюдзёна. Пайшлі грэцца ў старую. Маці распаліла печ – пачала рыхтаваць пачастунак. За сталом А. Бураў першы прагаварыўся, што мы з Лю збіраемся пажаніцца. Маці, стоячы ля качарэжніка, пацікавілася, ці шлюб будзем браць у царкве, ці па-новаму. Бацька, як больш прагрэсіўны, абышоў юрыдычнае пытанне: "Гэта, Домка, не самае важнае… Ну што ж, калі парашылі жыць разам, жывіце шчасліва…".
Я быў дужа ўдзячны свайму выпадковаму свату, які памог мне вырашыць гэту далікатную справу, і пастараўся хутчэй перавесці гутарку на іншую тэму.
Каб канчаткова выгнаць нашу дарожную прастуду, маці падала нам зялезнік гарачага малака і міску з мёдам.
Потым, калі ўсе пайшлі спаць, падышла да мяне, прысела на ложку і пачала распытваць, як мы з Лю думаем жыць, ці не галадаем мы, ці ёсць у Лю якая падушка, бо яна ж, напэўна, выязджаючы з Вільні, не паспела нічога з сабой забраць…
– Я ёй, сынку, пашлю губку свайго тонкага льнянога палатна, ёсць у мяне для яе харошая суконная, вытканая ў 12 нітоў, посцілка… Што б гэта мне яшчэ ёй паслаць?.. Ты чуеш?..
22/ХІ