Спыніліся ў новай гасцініцы "Беларусь". Шкада, што акно майго пакоя глядзіць не на вуліцу, а на заваленае рознымі скрынямі ды бочкамі дварышча. Ну, нічога. Не праз акно я, думаю, буду знаёміцца з нашай сталіцай. Гэта мая ўжо трэцяя сустрэча з Мінскам. Першая была на пачатку восені 1922 года, калі мы вярталіся з бежанства. Я тады яшчэ з бацькам праехаў на концы да Камароўкі, дзе жыла цётка Соня. Помню, калі вярталіся назад, каб усцягнуць над гару стары і скрыпучы, перапоўнены людзьмі вагон, падпрагалі пару коней. Горад тады мне здаўся ціхім, спакойным. Нечым нават нагадваў пакінуты намі Ціхвінскі завулак у Маскве. Другая сустрэча – зноў восенню – была менш радасная, калі я ў 1932 годзе, уцякаючы ад праследаванняў паліцыі, апынуўся ў Мінску. Два тыдні я тады праседзеў у турме, пакуль высветлілі, хто я, і зноў мяне накіравалі на працу. У велізарнай агульнай камеры я тады сустрэўся з камсамольцамі з Навагрудчыны, якія сярод групы крыміналістаў, спекулянтаў, перабежчыкаў выкрылі двух сышчыкаў дэфензівы, што іх катавалі на пастарунку. Потым нас, камсамольцаў, перавялі ў лепшую камеру, далі газеты, часопісы. Толькі ў агульнай камеры мы так завашывелі, што не было калі і чытаць, бо ўвесь час трэба было змагацца з гэтай нечысцю.

А зараз – трэцяя сустрэча з Мінскам, з горадам, які, пасля Масквы, быў тым рэвалюцыйным цэнтрам, да якога вялі ўсе нашы заходнебеларускія шляхі; горад, які часта мы ўспаміналі ў нашых адозвах і творах, а ворагі з шалёнай злосцю скланялі яго ва ўсіх нашых абвінаваўчых актах і судовых прыгаворах: "арыентацыя на Мінск", "кантакты з Мінскам", "перапіска з Мінскам", "слухалі радыёперадачы з Мінска"…

Адпачываць не хацелася. Адзін пайшоў знаёміцца з горадам.

Неяк хутка выйшаў на галоўную – Савецкую – вуліцу і падаўся ў бок Свіслачы. Помніў, што галоўная вуліца недзе каля электрастанцыі перасякае раку. Зліўся з натоўпам, сярод якога, напэўна, былі і тыя людзі, з якімі, можа, хутка пазнаёмлюся, пасябрую.

Заўважалася, што горад перапоўнены ваеннымі. Відаць, блізасць былой граніцы надала свой суровы воблік усёй сталіцы Беларусі. Ды ў шынялі і вайсковыя гімнасцёркі і так былі многія апрануты. Неспадзявана на адной з камяніц заўважыў шыльду: "Дом пісьменніка". З дзвярэй выйшла нейкая шумная кампанія. Цікава, што гэта за людзі? Я пастаяў хвіліну на рагу вуліцы, па якой, не змяшчаючыся на тратуарах, да самых трамвайных рэек плыў вячэрні людскі паток.

Пачаў імгліць дробны дождж. Час было вяртацца ў гасцініцу.

6/ХІ

Пасля снедання прыйшла да нас вельмі сімпатычная прадстаўніца з абласнога аддзела народнай асветы і пазнаёміла нас з праграмай нашага гасцявання ў Мінску. Праграма такая, што выканаць яе, не ведаю, ці ўдасца, бо столькі ў ёй розных сустрэч, экскурсій, вечароў…

8/ХІ

Як і можна было прадбачыць, я не толькі не меў часу нешта напісаць для газеты, але хоць зрабіць звычайныя нататкі. Ад раніцы да позняй ночы наведваем калгасы, заводы. За абедам сустрэў Анішчыка, які пабываў ужо ў Доме пісьменніка і пазнаёміўся з М. Лыньковым, К. Чорным. Бачыў нават Якуба Коласа, які падарыў яму з аўтографам свій зборнік. Ён угаворваў і мяне пайсці з ім у Дом пісьменніка, але я адмовіўся. Перад усім, мне не хацелася адлучацца ад сваёй групы, ды і не зусім было зручна самому лезці туды, куды цябе не запрашаюць. Пад уражаннем святочнага парада і шматтысячнай дэманстрацыі мінчан я пачаў пісаць верш "На плошчы Леніна".

9/ХІ

Вярнуліся з Масквы дэлегаты Народнага сходу. Сустрэўся з С. Прытыцкім, У. Царуком, П. Пестраком. З усімі імі ўпершыню сустрэўся ў Мінску, хоць не раз перакрыжоўваліся нашы шляхі ў Заходняй Беларусі. Амаль усю ноч прасядзелі, успамінаючы цяжкія мінулыя гады, нашых супольных сяброў і знаёмых. Сярод дэлегатаў сустрэў і Міхася Машару. З Масквы ён прыехаў бадзёры, акрылены. Выпілі мы з ім у маім нумары бутэльку шампанскага. У гэту ноч не прыйшлося адпачываць.

11/ХІ

Пазнаёміўся з Я. Купалам, Я. Коласам, З. Бядулем, М. Лыньковым… Колас і мне падарыў з аўтографам сваю аповесць "Дрыгва". Хіба толькі ў Вілейцы запішу свае ўражанні пра гэту незабыўную сустрэчу. Зноў некуды едзем выступаць.

18/ХІ

"Чырвоная Змена" дала вялікую падборку вершаў паэтаў Заходняй Беларусі і фотаздымкі А. Іверса, Н. Тарас і мяне. Гэтымі днямі выступалі ў Мінскім педінстытуце П. Пестрак, М. Машара, Н. Тарас, Б. Гелер, А. Іверс, Маргентой і я. Не магу прывыкнуць да гэтых няспынных літаратурных вечароў і велізарнейшых аўдыторый, і асабліва да прыёмаў, прамоў і тостаў. У параўнанні з маімі новымі мінскімі сябрамі адчуваю сваю адсталасць і ненатрэніраванасць, бо ні піць не ўмею, ні прамоў застольных гаварыць не ўмею і зусім слаба арыентуюся ў рангах, іерархіі. А гэта, здаецца, трэба ўлічваць.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже