Няўжо шпіён прасачыў і за Ленай? Што-ж тады? Яна дзесяць мінут чакала, а шпіён вярнуўся туды. Але-ж ён перш за ўсё павінен быў паведаміць пра нас, а тады ўжо... А на гэта трэба больш дзесяці мінут...

Круміньскі аж заплюшчыў вочы, каб святло не перашкаджала думаць. Трэба было ў момант прадумаць усё.

— У мяне няма ў горадзе блізкай жанчыны.

— Вы дарэмна хаваецеся. Пра вашых таварышоў,— следчы іранічна вымавіў апошняе слова,— мы ўсё ведаем. Яны ўжо далі свае паказанні і расказалі, з кім і дзе вы былі ўчора, перад тым, як пайсці... Так... і пра жанчыну. Вам няма чаго таіцца. Нас не дужа і цікавіць, скажаце вы пра іх, ці не, мы самі ведаем, што вы былі разам і ведаеце іх, а яны вас. Калі не хочаце адказваць, я не буду пытаць аб гэтым. Вам горш будзе, а не мне. Я меркаваў, паколькі я пачынаю толькі справу, зрабіць як лепш для вас... Так... і для вашых таварышоў...

«Яны ўсе жывыя». Гэтая думка прышла ўслед за словамі следчага.

— Вамі цікавіцца сам пан палкоўнік, так... Ён разумее, што вы не па сваёй ахвоце пашлі на здраду, а ў парадку іхнай дысцыпліны. Мы хочам ведаць. хто паслаў вас. Вы разумееце, вядома, што пагражае вам, калі будзеце маўчаць. Падумайце аб маіх словах. Пан палкоўнік зычыць вам дабра і прасіў, але, але, прасіў пачаць справу так, каб даць вам магчымасць апраўдацца. Справа ідзе аб вашым жыцці, а пан палкоўнік гатовы падаць вам руку ратунку...

Следчы пакручваў у пальцах левай рукі аловак, а правай усё расціраў сваю шыю.

Шпіён больш нічога не ведаў, вядома так, ён толькі натрапіў на наш след, як збіраліся і парашыў прасачыць. А за горад пабаяўся пайсці і паведаміў. Таму і коннікі. А больш нікога не ўзялі, вядома не.

— Падумайце,— сказаў следчы.

Круміньскі змоўчаў. Целам усё з большай сілай авалодвала стомленасць. Следчы крыкнуў. У пакой увайшлі жандармы. Круміньскі ўзняўся і пашоў да дзвярэй, у цмяна асветлены калідор турмы.

— Падумайце, пан падпаручык, над сваім лёсам і маімі словамі,— сказаў наўздагон яму следчы. Круміньскі нічога не адказаў і на гэты раз.

У расчыненыя дзверы камеры з калідора ўварвалася святло і Круміньскі здзівіўся свайму ценю. Але святло адпаўзло да дзвярэй і з гэтым цень знік, а каб звыкнуцца з цемрай камеры, Круміньскі заплюснуў вочы. Стаяў не зыходзячы з месца, пакуль перасталі бразгаць, запіраючы за ім дзверы. Як расплюснуў вочы, змеціў перад сабою ўгары вузкую паску неба. Акно з кратамі да ўсяго было яшчэ з двара закрыта спецыяльным шчытом з дошчак. Паміж шчытом і сцяной у гары быў пакінуты невялічкі прасвет, каб зняволены бачыў толькі вузкую паску неба і не мог бачыць вуліцы. Пастаяў пры акне і пашоў да дзвярэй. Не разумеючы, навошта, упёрся плячыма ў дзверы і націснуў іх. І самому стала смешна, што зрабіў гэта. Уцякаць не збіраўся, ведаў, што ўсякія спробы зрабіць гэта — бескарысны. Пастаяў і пашоў да ложка, лёг адпачыць.

Ён не памятаў, ці даўно лёг. Здаровыя ўчэпістыя рукі сціснулі плечы і ўзнялі з ложку.

— Разаспаўся, як на пярыне ў мамкі.

Вочы бачылі перад сабою жандарма і цемру камеры, расхінутую ў бакі, да сцен, святлом з калідора. За дзвярыма камеры стаяў другі жандарм.

— Пашлі,— сказаў жандарм і адыйшоў крыху ў бок ад ложка.

Яго прывялі ў той-жа пакой, дзе дапытваў следчы. Як адчыніліся дзверы пакоя, па лакіраванаму казырку шапкі, па кароценька падстрыжаных вусах і падстрыжаных вожыкам валасах на круглай галаве пазнаў палкоўніка Шэмета. Палкоўнік стаяў за сталом, злосна пазіраючы касустрач Круміньскаму. А калі жандармы зачынілі дзверы і, бразнуўшы шпорамі сталі за дзвярыма, палкоўнік загаварыў крыклівым голасам:

— Як ты асмельваешся насіць мундзір афіцэра польскай арміі! Ты... ты хто такі?

Круміньскі прыпомніў палкоўніка, як ён быў на вечарынцы ў старшыні гарадской думы. Прыпомніў ягоныя ўляганні за спявачкай. пахатлівыя позіркі на яе, яго прыглушаны рагаток і таемнае паведамленне аб прысланых французскіх самалётах. Ён зразумеў злосць палкоўніка і губы пачала рассоўваць усмешка. Хацелася сказаць: не крычыце, пане палкоўнік, усёроўна мы вас перахітрылі, мы абрэзалі крыллі вашых лятункаў пра паспяховы наступ на фронце і заваяванне большэвіцкіх гарадоў.

— Ты хто такі? — паўтарыў палкоўнік сваё крыклівае пытанне.

— Падпаручык польскай арміі, пане палкоўнік.

— Большэвік, а не падпаручык!

І раптам змяніў тон. Скрануўся з месца, пачаў хадзіць ад сцяны да сцяны, за сталом, адсунуўшы крэсла.

— Гэта ганьба, пане падпаручык. Я не хацеў паверыць у ваш удзел у здрадзе. Не хочу верыць і зараз. Гэта... гэтага нельга зразумець. Я пераконаны, што вы не маглі самі дадумацца да гэтага. Вас уцягнулі, прымусілі, напэўна далі грошай... Але айчызна ўсё здолее дараваць, калі вы назавеце іх. І мы заплоцім за гэта... а да ўсяго, я гэта на сябе вазьму, павысім вас у чыне.

Круміньскі не здолеў захаваць усмешкі.

— Што? Пан падпаручык! Памятайце дзе вы!

— Я памятаю.

Палкоўнік спыніўся і паклаў на стол куртатую далонь сваёй рукі.

— І да ўсяго-ж пан паляк? Пан падпаручык паляк?

— Так.

— Маўчаць! Пан садзейнічае большэвікам у справе ўдушэння свайго народу.

Круміньскі стаяў нерухомы і стомлены.

Перейти на страницу:

Похожие книги