Музыканты іграюць марш. З суседняга пакоя ўваходзіць Анатоль, ведучы пад руку Яніну. Яна ў белай сукенцы з вэлюмам і ў вянку. За ёй ідуць уся яе дружына і госці. Надзя нясе ў руках свечку, запалкі і кальцо. Жанчына і дзяўчаты пяюць:
Брат сястру на пасад вядзе,Ён не жалуе,А яна яму не дзенькуе.Марыля. Панове музыкі, вы добра ігралі, але я папрашу, каб вы перасталі. Не я прашу — маладая ўпрашае пакорным добрым словам. Дзе тут ёсць: маткі, бацькі родныя і хрышчоныя; браты, сёстры, сябры, сяброўкі; суседзі, суседкі і ўсе суседскія дзеткі. Проша благаславіць гэта дзіця!
Галасы. Няхай яе бог благаславіць!
Марыля абводзіць Яніну вакол дзяжы. Жанчыны і дзяўчаты пяюць ёй:
Застрыганае дзіцяЗастрыгаціся хоча,Косачкі расплятае,Слёзкі пралівае.Марыля (пасадзіўшы Яніну на дзяжу). Дзе тут ёсць: маткі, бацькі, родныя і хрышчоныя; браты і сёстры, сябры і сяброўкі; суседзі, суседкі і ўсе суседскія дзеткі. Проша благаславіць гэта дзіця.
Галасы. Няхай яе бог благаславіць.
Марыля абводзіць Яніну зноў вакол дзяжы. Жанчыны і дзяўчаты пяюць:
Біце камень, біце,Агню здабывайце,Свечачку зажыгайце,Дзевачку застрыгайце.Марыля (пасадзіўшы Яніну на дзяжу). Маткі, бацькі, родныя і хрышчоныя; браты і сёстры, сябры і сяброўкі; суседзі, суседкі і ўсе суседскія дзеткі. Проша благаславіць гэта дзіця.
Галасы. Няхай яе бог благаславіць.
Надзя запальвае свечку і дае яе Марылі, потым дае ёй кальцо, Марыля абводзіць запаленую свечку тры разы вакол Янінінай галавы, пасля бярэ кальцо, укладае ў яго кончыкі валасоў і прыпальвае іх свечкай. Прыпальваюцца валасы ў трох месцах: на адным віску, на патыліцы, на другім віску. Жанчыны і дзяўчаты пяюць:
Ой, добра, добра дзевачка зрабіла,На пасадзе села, як маці зрадзіла.З пасаду ўстала,Як ружа звяла.Марыля (затушыўшы свечку). Ну, першы шафер і першая шаферка, бярыце маладую цяпер і за стол вядзіце.
Базыль. Музыкі, марша маладой! Але такога, каб аж шыбы з вокнаў павыляталі! (Гойкае.) Гой, гой, вяселле да пятніцы!
Музыканты іграюць марш. Анатоль і Надзя бяруць Яніну пад рукі і вядуць яе да Ганецкага. За маладой за сталы залазяць яе шаферы і шаферкі і ўсе госці.
Дзед Струкач. Павялі козачку ў кіпцюры воўчыя!
Марыля бярэ абрус і падушку, Янук — дзяжу, і ідуць у суседні пакой. Лабыш дапамагае ўсаджвацца гасцям.
Лабыш (узяўшы чарку). Перад выездам да шлюбу прашу маладых, сватоў і гасцей усіх выпіць і закусіць. (Выпівае сваю чарку.)
Ганецкі. Дык вып’ем жа і мы, толькі да дна, панна Яніна.
Яніна (перахрысціўшыся). Да дна. (Сыпле ў чарку атруту з насоўкі, заплюшчвае вочы і выпівае.)
За маладымі выпіваюць свае чаркі і ўсе астатнія. Уваходзяць Янук з Марыляй у вывернутых кажухах. Музыканты іграюць польку, і яны скачуць.
Марыля (скачучы, ухкае). Ух! Ух! Ух!..
Янук (скачучы, гойкае). Гой! Гой! Вяселле пачынаецца!
Марыля (спыніўшыся). Дай божа ў гэтай хаце кожны год скакаць.
Галасы. Дай жа божа!
Янук. Скакаць, пець, іграць і ніколі не сумаваць!
Галасы. Дай жа божа!
Янук і Марыля скідаюць з сябе кажухі і садзяцца за стол. Жанчыны і дзяўчаты пяюць:
Ох ты, рэчанька, ох ты, быстрая,Ох ты, быстрая, беражыстая,Ды чаго стаіш, чаму не цячэш?Яніна (адпявае).