«Вывучэньню роднай мовы ў школах і пэдагагічных навучальных установах удзяляецца вялікая ўвага. Для пачаткавай і сярэдняй школы, сярэдніх і вышэйшых пэдагагічных навучальных установаў Міністэрствам асьветы БССР складзены праграмы, выдадзены падручнікі па мове і літаратуры, мэтадычныя дапаможнікі, зборнікі практыкаваньняў. Школьныя падручнікі па ўсіх іншых дысцыплінах таксама выдадзены на беларускай мове ў дастатковай колькасьці. Школьныя бібліятэкі ў асноўным камплектаваны праграмнымі творамі беларускай літаратуры.
Міністэрства асьветы правяло ў 1957/58 навучальным годзе шэраг мерапрыемстваў, накіраваных на палепшаньне выкладаньня беларускай і рускай моваў, ліквідацыю недахопаў, якія маюцца ў гэтай справе. Ад настаўнікаў беларускіх школ строга патрабуецца весьці выкладаньне ўсіх прадметаў, за выключэньнем рускай мовы і літаратуры, на беларускай мове. Кіруючым работнікам народнай асьветы прапанавана ўлічваць пры камплектаваньні беларускіх школ настаўнікамі веданьне імі беларускай мовы...» А ў пэдагагічных інстытутах «выкладчыкам, што вядуць выкладаньне на рускай мове, вызначаны час для падрыхтоўкі да выкладаньня на беларускай мове».
Што гэтая заява Міністра асьветы БССР - адно папяровая спроба заспакаеньня ўстрывожанай запраўдным станам грамадзкай апініі, сьветчаць ня толькі далейшыя нараканьні на дэградацыю беларускай мовы ў школьніцтве, але пацьвярджае гэта й сама рэдакцыя газэты ў заўвазе пад лістом Міністра асьветы, дзе гаворыцца: «Міністэрства асьветы БССР, бясспрэчна, многае ўжо зрабіла й робіць, каб выправіць некаторыя ненармальныя зьявы ў школьнай справе, але адказ т. Ільюшына не паказвае ў поўнай меры сапраўднага становішча з выкладаньнем беларускай мовы й літаратуры ў школах і падагагічных ВНУ рэспублікі»[22].
Не зважаючы на патрабаваньні настаўнікаў, інтэлігенцыі й наагул беларускага жыхарства забяспечыць у школах рэспублікі выкладаньне ў роднай беларускай мове й не зважаючы на вышэй прыведзеную заяву Міністра асьветы БССР, школьная палітыка ў цэлым СССР пайшла ў кірунку зусім адваротным да гэтых патрабаваньняў. У канцы 1958 году сэсія Вярхоўнага Савету СССР прыняла закон «Аб умацаваньні сувязі школы з жыцьцём і далейшым разьвіцьці народнай асьветы ў СССР», а сьледам за гэтым і ў саюзных рэспубліках былі прынятыя падобныя законы. Гэты закон у БССР быў прыняты ўжо ў пачатку 1959 году. Артыкул 1.1 разьдзелу II-га гэтага закону гаворыць:
«Навучаньне ўва ўсіх школах Беларускай ССР ажыцьцяўляецца ў роднай мове вучняў. Бацькі маюць права пастанаўляць, у школу зь якой мовай навучаньня аддаваць сваіх дзяцей». І яшчэ далей: «Навучаньне расейскае мовы ў школах зь беларускай мовай навучаньня, а так-жа навучаньне беларускай мовы ў школах з расейскай або іншай мовай навучаньня праводзіцца згодна жаданьня вучняў і іхных бацькоў»[23].