Начальства лютавала і звярэла: патрабавалі з яго, а яно з нас выціскала апошнія сілы. Кароткія зімовыя дні дабівалі бязлітасна: пілуем, колем, складаем і з туфтою не дацягваем да нормы на шасцісотку. Менее пайка — знікае сіла, а начальства замест харчу гоніць у кандзей, карае за сабатаж. Вечарэе, дагараюць вогнішчы, марым дапаўзці да барака, але дудкі! Недзе паблізу падае гудкі паравоз — на чыгуначную ветку ўпаўзае даўжэзны састаў пульманаўскіх вагонаў, платформаў, вуглянак. Усіх здымаюць з лесасекі і — на ўсю ноч на пагрузку. Штабелі з кожным днём адыходзяць далей і далей — падноска за трыста метраў. Каля вагонаў раскладаем вогнішча, каб бачыць, куды ісці, у які вагон грузіць.

Ад штабеля да вагона — суцэльныя пянькі. Ідзеш, спатыкаешся, падаеш, зноў узвальваеш на плячо лясіну, шпалу, падтаварыну, клянеш усё на свеце і свой дзень нараджэння, але трэба несці, грузіць пад свіст бізуна: «Давай! Давай!» Начальнік канвою, майстры лесу, дзесятнікі паганяюць такімі мудрагелістымі мацюкамі. што пудзяцца коні. А мы сноўдаемся, як механічныя здані. Знясіленыя падаюць і не здалеюць устаць, іх прыводзяць у прытомнасць дрынам і выспяткамі.

На золку канчаем пагрузку. Адзіная мара — пасёрбаць гарачай баланды і зваліцца на нары, але начальнік канвою доўгім жалезным прэнтам пора кожную шчыліну ў загружаных вагонах, каб часам не заклалі дрыўмі ўцекача. Бывае, парне, а за папярэдняю клеткаю пуста. Разумны змаўчыць, а дурань усчынае вэрхал, прымушае дагружаць, а потым усю брыгаду гоніць у кандзей. Калі ўсё абыдзецца, вядуць у зону. Ідзеш і на хаду спіш, сусед пільнуе, каб толькі не хіснуўся ўлева або ўправа. З вахты вядуць у сталоўку; даклыпаеш да барака, ускараскаешся на нары і правальваешся ў цяжкі пакутлівы сон.

Гадзіны праз тры дзяжурны грукае кіем па нарах і зычна крычыць: «Па-а-д’-ём! Канчай начаваць!» Расплюшчваеш нібыта засыпаныя пяском вочы, марудна ўстаеш і адразу не разумееш, дзе ты, працінаюць дрыжыкі, і ўсё цела, як тарка, укрываецца пупышкамі. Зноў на вахту, пілы ў зубы — і на лесасеку, а ўвечары, як бязлітасны ўдар, зноў гудзе паравоз і суне цёмныя прывіды вагонаў.

Пасля разводу ўсіх жывых выганяюць да вахты. Начальнік сам правярае інвалідаў, хворых, слабасільных, лапцяплётаў і прыдуркаў, не зважае на заключэнні медыкаў, хто стаіць на сваіх нагах, даводам гоняць у лес, абы падняць у справаздачы выхад на работу па групе «А». Выгналі за вахту вызваленага доктарам высокага чарнявага хлопца з Магілёўшчыны Лявона Гарэлага. Ён паказвае абмарожаныя, як слівы, пальцы, але ніхто не зважае. Мароз градусаў на трыццаць, курыцца густы туман, над лесам выпаўзае злавесна-чырвонае сонца. Лявона цягнуць у строй. Ён кінуў на зямлю шапку, бушлат, целагрэйку, сасмыкнуў кашулю, бахілы і штаны. Стаіць босы на заледзянелай да бляску дарозе ў адных сподніках. Падскаквае раз’юшаны камандзір узвода аховы, хвошча дубчыкам пачырванелую на марозе спіну. Гарэлы стаіць нерухома. Нарэшце не вытрываў: «Калі ў цябе ёсць маці, няхай бы паглядзела, якога яна выкарміла звера».

Раззлаваныя канваіры скруцілі Гарэлага, кінулі на заледзянелы палок саней, накрылі прыцярушанымі трантамі, прывязалі вяроўкаю, і стралок павёз яго ў лес.

Да арышту я верыў кожнаму лозунгу, кожнаму друкаванаму і афіцыйнаму слову, быў узорам бяздумнага «патрыятызму», згаджаўся, што ў нас усё перадавое, разумнае і неабходнае. «Перавыхаванне» ў лагеры мне расплюшчыла вочы, вучыла самастойна думаць, сумнявацца, пратэставаць у душы, але зацята маўчаць.

На пачатку 1942 года пайшлі этап за этапам мужчыны ў шынялях, без папруг і пятліц. Прыбывалі салдаты, камандзіры, штабныя работнікі — прадстаўнікі ўсіх родаў войск з Варонежскага і Калінінскага франтоў. Віна іх была ў тым, што трапілі ў акружэнне, з баямі прабіліся да сваіх, а каб не трапілі ворагам дакументы, частку іх знішчылі або закапалі, многія выйшлі без партыйных білетаў. «Ага, значыць, былі паражэнчыя настроі, не спадзяваліся выйсці з акружэння, а можа, і знарок хацелі здацца», — разважалі «асабісты» і «смершаўцы». А ў іх размова кароткая: «Рукі назад!» — і ў турму, а там, як прусакоў у шчылінах, поўна цывільных «шпіёнаў» і «ворагаў». Стаяць стаяком, на нары кладуцца па чарзе. Людзі падаюць у непрытомнасці. Без затрымак пачыналіся разгрузкі турмаў, падаваліся закратаваныя цялятнікі, і паехала на ўсход свежая рабсіла, і гэтых рабоў ехала мільёны.

Разам з вайскоўцамі прыбывалі жанчыны за тое, што асталіся пад акупацыяй, перахопленыя на дарогах на ўсход, пакінутыя начальствам у тыле ворага. Ніхто ніякага следства не вёў. Паспявалі толькі запоўніць фармуляры. У графе «артыкул і тэрмін» было напісана «следственный». I так у кожнага. Спадзяваліся — прыедуць следчыя і будуць разбірацца на месцы. Але ніхто так і не прыехаў.

Перейти на страницу:

Похожие книги