Андрэева абураецца: «Выйдзіце, дайце апрануцца дзяўчатам. Не бойцеся, усе будуць на вахце». Жарабцы з дрынамі і ліхтарамі агрызаюцца: «Фрыцаў не саромеліся, а тут цыпачак з сябе строяць». Калоцячыся ад холаду, нервовага напружання, нявыспаныя і галодныя жанчыны цягнуцца на вахту. Пры цьмяным святле ліхтароў яны зрабіліся непазнавальнымі зданямі з чорнымі праваламі вачніц. Доўга дрыжаць на вахце, пакуль прыйдуць не вельмі таропкія стралкі. Нарэшце ідуць, грукаючы абцасамі і прыкладамі, канваіры, адчыняецца брама, пры святле ліхтароў вахцёр уголас лічыць нявольніц і адзначае колькасць на доўгай і вузкай фанерцы.

Я ўсё часцей думаю пра тую кволенькую, у сіняй сукеначцы, дзяўчынку. З многімі я ўжо гаварыў, распытваў пра жыццё на волі, пра акупацыю; да яе падысці ніяк не адважваўся. Некаторыя яе сяброўкі ўжо круцілі з дзесятнікамі і брыгадзірамі, а яна, як бездапаможнае птушаня, што выпала з гнязда, цуралася людзей, хадзіла адна і блізкіх сябровак не мела.

Лагернай вопраткі на ўсіх не хапала, таму новенькія дадзіралі на пагрузцы свае сукенкі, жакецікі і чаравікі. У канцы жніўня раздажджылася. Твань на дарогах і ў зоне была непралазная, ліпкая і чорная, як каламазь, а нудны і сцюдзёны дождж ліў удзень і ўначы. Коўзаючыся па гразі, мокрыя, панурыя ішлі ў сталоўку дзяўчаты, а яна паўзла, як на лыжах, у вялікіх лапцях на босых маленькіх ножках. Мне здалося, што яна ўжо на мяжы пагібелі, і захацелася хоць чым-небудзь ёй дапамагчы.

Я быў лагерным старажылам, каб мы не выручалі адзін аднаго, пазагіналіся б усе. Кухарам рабіў мінскі зямляк Андрэй Андросік, хлебарэзам — друг па самадзейнасці Ванька Воранаў, пякарняй загадваў ленінградскі караблебудаўнік Васіль Краўцоў, капцёркаю — Якаў Міхайлавіч Смірноў. Мы з ім разам вандравалі з лагпункта на лагпункт і даўно папрыціраліся. Шаўцом стаў колішні днявальны на дзевятым лагпункце, што некалі лічыў мяне блацяком, а цяпер стаў лепшым другам. Ды і я ўжо круціўся каля прыдуркаў, то пры КВЧ , то начальнік, ведаючы мае філалагічныя схільнасці, часта выклікаў перапісваць справаздачы і «састаўляць» даклады для вольнанаёмных.

Здаровых лагерных служачых праглынула вайна, а да нас зноў прыбывалі эвакуіраваныя з Пскоўшчыны, з Тарапца і займалі вызваленыя пасады ў КВЧ, УРЧ , бухгалтэрыі, планавым аддзеле. Спецыфікі лагернага ўліку, жыцця і ўзаемаадносін яны не ведалі і не адразу асвойталіся, таму было шмат блытаніны і недакладнасцяў. Начальнік выклікаў мяне і загадаў весці ўлік рабсілы, усю справаздачнасць, а «бабы няхай падпісваюць». Я разгубіўся і напомніў, што ў мяне пяцьдзесят восьмы артыкул. «А ты не высоўвайся, а там неяк адбрэшамся». I я шчыраваў ад пад’ёму да поўначы. Тады ж уся краіна працавала начамі, пакуль пакутаваў ад бяссоння крамлёўскі гаспадар. А раптам аднекуль пазвоняць, некаму спатрэбіцца нейкая лічба. I так не драмаў увесь ланцужок ад Масквы да самых да ўскраін. Такі быў стыль — «гарэць на рабоце». Гарэлі і дагаралі і ў лагеры.

Увечары ў цьмяным калідорчыку канторы разам з брыгадзіркаю нечага чакала тая маленькая адзінокая дзяўчынка з апошняга этапу. Здаецца, звалі яе Аляю. Я папрасіў яе затрымацца, пакуль закончу зводку. Праз вузкае акенца сваёй канторкі бачыў, як яна прытулілася да сцяны ў вялізных лапцях на босую нагу. Праз паўгадзіны я папрасіў Алю прайсці са мною. Яна паслухмяна выйшла, а па дарозе спынілася і спалохана спытала, куды мы ідзём. Я супакоіў, што ідзём у капцёрку па важнай справе. Там нас чакаў Яша Смірноў, вясёлы, гаваркі валжанін. Ён паставіў на прылавак даволі зграбныя, адрамантаваныя Макравусавым чаравічкі. «Памерайце». Аля лыпала вачыма і не рухалася. Не ведаю, пераканаўча я хлусіў ці не, гаворачы, што яе прэміравалі за старанную работу на пагрузцы і... па разутасці. Удвух мы ўгаварылі яе ўзяць абнову і распісацца ў ведамасці, а яна ўсё даводзіла, што многія дзяўчаты працуюць куды лепш.

Назаўтра яна ўжо хадзіла хоць і не надта ў прыгожых, але ўсё ж чаравіках. Сяброўкі на яе глядзелі падазрона і недвухсэнсоўна перашэптваліся. А мы з ёю яшчэ ні разу не пагаварылі. Неўзабаве Аліну брыгадзірку ўзялі загадваць лазняю, а я дамовіўся з майстрам лесу Інакенціем Талакновым, каб ён брыгаду перадаў Алі. Звычайна брыгадзір расстаўляе брыгаду на падноску і пагрузку, улічвае аб’ём работы, запаўняе рапарцічку і, пакуль ідзе пагрузка, сядзіць каля вогнішча, счышчае шкельцам з фанернай дошчачкі ўчарашнія паказчыкі, каб запісаць новыя. З усіх брыгадзіраў адна Аля ўкалвала мудрэй за іншых сваіх грузчыц.

Перейти на страницу:

Похожие книги