На яе брыгаду кухар падкідаў лішнія дзве-тры порцыі, хлебарэз «памыляўся» на пару паек. Яна іх вяртала назад. Андросік і Воранаў пыталіся ў мяне: «Яна што, чокнутая?» — «Проста яшчэ не навучылася жыць у лагеры», — адказваў я, а яе папярэдзіць не адважваўся, каб не падумала чаго благога. Увосень пачалі прыходзіць вузенькія паперкі на ўсіх «следственных», хоць ніякага следства яны не дачакаліся. Усім акружэнцам «тройка» па артыкуле 196 «прыпаяла» каму пяць, каму дзесяць гадоў, а дзяўчатам па артыкуле 7-35 (парушэнне пашпартнага рэжыму) — ад пяці да васьмі гадоў лагера. «За што?» — галасілі нядаўнія прыгажуні, ледзьве падобныя на саміх сябе. «Мы ж чакалі следства, верылі, што разбяруцца і адпусцяць нас. Якое парушэнне рэжыму? Мяне ж забралі з дому з пашпартам і прапіскай у бацькоўскай хаце». Яны хадзілі да начальніка УРЧ, да ўпаўнаважанага оперчэкісцкага аддзела. Тыя толькі разводзілі рукамі і раілі: «Пішыце. Разбяруцца. Але ж вы ведаеце, што ў нас невінаватых не саджаюць».
Па тым жа артыкуле Аля распісалася за пяць гадоў. Адразу замкнулася, як закамянела. Яна ведала, што ніхто не будзе пераглядаць і чытаць іх скаргі. Калі не было паражняка, і яе брыгаду ставілі на павал, а нанач — на пагрузку. У зону вярталіся ледзь жывыя, мокрыя, заляпаныя граззю — ні памыцца, ні абсушыцца. У бараку дымілі каганцы, са столі і шчылін у нарах сыпалася і паўзла плойма клапоў і секла схуднелыя дзявочыя целы.
З акружэнцаў стварылі брыгаду лесарубаў. Брыгадзірам яны абралі свайго камбата Папова і доўгі час трымаліся вайсковага статута: «Дазвольце звярнуцца, таварыш капітан. Дазвольце адлучыцца». Знясіленыя ў акружэнні, у камерах і на этапах, з восені яны яшчэ неяк трымаліся, а ўдарылі маразы, закруцілі завеі, многія паадразалі полы раней пакарочаных шынялёў на парцянкі і ў выцертых вайсковых неданосках калаціліся на марозе і сіверным ветры. I пасыпаліся адзін за адным нядаўна маладыя і здаровыя салдаты, якіх так не хапала на фронце. Адных з лесасекі везлі проста ў морг да Лясэра, іншыя гэты шлях праходзілі праз «слабасілку». Брыгада раставала на вачах. Яна ўжо не выходзіла на развод, яе паступова начамі вывозіў за вахту бесканвойны возчык Кастроў, складаючы ўдоўж і ўпоперак на санях рэшткі былых воінаў.
Трымаліся яшчэ трохі жанчыны. Яны заўсёды былі трывалейшыя. Але голад і катаржная работа выкруцілі іх так, што не пазнавалі сябе: ад ветру, сцюжы і дыму вогнішчаў шчокі задубелі і пасівералі, пад вачыма навіслі вадзяністыя мяшэчкі, пасекліся даўно не мытыя валасы. Каб не пладзіліся паразіты, многія паабстрыгаліся, і ўсё ж ратунку ад іх не было. У лазню ганялі раз на месяц. Змылачкам і галаву не памыеш, і вады было скупа. Жанчыны паступова прывыклі і сталі абыякавыя да зняважлівых «санапрацовак» Пецькі Самойліка. Спачатку ён цынічна жартаваў, а потым саромеўся непрыстойнай работы. Толькі некалькі манашак супраціўляліся знявазе. Яны адбіваліся, плакалі, малілі літасці, а іх валаклі сілком і нахабна ржалі: «Мы вас, бабанькі, хутка разманашым», а тыя толькі хрысціліся і шапталі: «Свят! Свят! Ізыдзі, сатана — нячыстая сіла. Госпадзі, памажы і ўкрапі!»
Лагер не разлічваў на такую колькасць жаночага «кантынгенту» і не меў адпаведнай бялізны, таму выдавалі мужчынскія кашулі і споднікі з матузкамі. У іх патаналі худзенькія, змізарнелыя дзяўчаты.
Зноў на развод выходзіла ўсё меней і меней людзей, а план не скарачаўся, вагоны падавалі кожны вечар. На пагрузку выганялі ўсё жывое: на кухні і ў пякарні пакідалі па два чалавекі, і тыя ўпраўляліся з дапамогаю дахадзяг, у бухгалтэрыі пайкі налічваў аднаногі інвалід, астатнія пры святле вогнішчаў і смаляных квачоў грузілі дровы, піловачнік, рудстойку і шпалы.
Два баракі цалкам занялі пелагрознікі і цынготнікі, выпаласканыя няспыннымі паносамі. Каля гэтых баракаў усе затыкалі насы. Саладкаваты трупны дух стаяў над зонаю. На лагпункт пачалося нашэсце велізарных рудых пацукоў. Яны, нікога не баючыся, шасталі каля ног, нападалі на саслабелых, праточваліся ў хлевушок Лясэра. Аднойчы ён заўважыў, што не толькі там харчуюцца пацукі, а нехта паабразаў ягадзіцы ў нябожчыкаў. Гэта было ўжо зусім страшна, сакрэт перастаў быць сакрэтам, а людзі сябе адчувалі кінутымі на пагібель: «Сягоння ты, а заўтра я». Каб вырвацца ў цэнтральны ізалятар на шасцісотграмовую пайку, рэцыдывіст Генка Серабракоў без дай прычыны разваліў сякераю чэрап брыгадзіру будаўнікоў, ціхаму і далікатнаму пскавічу Андрэю Іванову. Акрываўленую сякеру прынёс на вахту, кінуў на стол: «Я там кокнуў нейкага чорта. Завіце кума, няхай афармляе новы «строк» (так яны вымаўлялі тэрмін).