Запыніў мяне неяк каля сталоўкі сціплы панылы чалавечак, што запомніўся мне ў апошнім этапе па энкавэдысцкай кубаначцы. «Землячок, вы тут даўно, усіх ведаеце, калі можаце, ратуйце мяне. Маё прозвішча Лукашонак. Можа, чулі?» — «А як жа, чуў, калі з мяне на «канвееры» выцягвалі жылы, каб далажыць таварышу Лукашонку». — «Мы ведалі, што вы ні ў чым не вінаваты. Але што маглі зрабіць? З нас патрабавалі... і мы мусілі». — «Ратавалі свой дабрабыт крывёю і жыццём тысяч невінаватых. А вы як сюды трапілі? Што ўзарвалі? На каго рыхтавалі замах?» — «Хутчэй за верную службу. Спачатку ўсіх узнагародзілі ордэнамі, урачыста іх уручалі, а потым загналі ў «амерыканку». Кунцэвіча, Лаймана, Карэліна расстралялі, Басянкевіча, Шліфенсона і ўсіх астатніх адправілі на Калыму, а мне ўшпілілі чырвонец. Блатары лаюць «лягавым», заганяюць пад нары... Не дайце загінуць, землячок». — «Перш за ўсё спаліце сваю чэкісцкую «камілаўку». Хіба не разумееце, што яна вас здалёку выдае. Я вас яшчэ за вахтаю пазнаў».
Па брудных, даўно не мытых запалых шчоках Лукашонка беглі два светлыя струменьчыкі слёз. Ён іх выціраў закарэлым рукавом целагрэйкі. «Схадзілі б да «кума», можа б, памог свайму аднакроўніку». — «Хадзіў, і слухаць не хоча. Усе ацураліся, і жонка выраклася...»
Мабыць, у мяне нешта было ад талстоўства — караць дабратою. Для тых, у каго хоць трошачкі асталося сумлення, — найбольшая кара, а нягоднік нягоднікам і памрэ. Я папрасіў нашага земляка Андрэя Андросіка, каб узяў Лукашонка на кухню абіраць мёрзлую бульбу і качаць ваду. Няхай жыве і адпакутуе свой чырвонец. Ён здалёк мне лісліва кланяўся і здымаў прапалены малахай. У ім стаў падобен да звычайнага чалавека. Як яго склаўся лёс, не ведаю, бо ў лютым 1943 года тэрмінова расфарміравалі лагпункт і вызвалілі зону для немак з Паволжа.
Пачалася паніка: разлучаліся сябры, напарнікі; сувязі ўзаемнай дапамогі і выручкі рваліся назаўсёды, расставаліся звязаныя патаемным каханнем блізкія людзі. Многія з плачам упрошвалі начальніка, каб адправіў разам, а ён рабіў усё наадварот. Такая была ўстаноўка чэкісцкага аддзела, каб людзі не прыціраліся адзін да аднаго, рабіць усё як найгорш для зняволеных. Жанчын пераважна адпраўлялі на трэці асобны лагерны пункт. Туды ў пачатку вайны эвакуіравалі швейную фабрыку. Яна выпускала вопратку для арміі і для лагернікаў, а матарыстак бракавала, вось і павезлі змізарнелых на пагрузцы і павале дзяўчат у швачкі. Адпраўлялі і маю «падшэфную» Алю.
Пераводзілі на трэці лагпункт інспектара УРЧ Ліду Сярову. Яе бацька служыў у лагеры вольнанаёмных дзесятнікам. Хударлявы з чорнаю бародкаю дзядок хадзіў з метроваю меркаю і заўсёды на сярэднім падпітку. Ні шкоды, ні карысці ад яго нікому не было, але трымалі дзеля «аб’ектыўнага» кантролю. Лідка была яго малодшая дачка. Я яе помніў дванаццацігадоваю дзяўчынкаю. Ці не ў шаснаццаць гадоў яна выскачыла замуж за стралка Арэшнікава, яго адразу забралі на фронт, азваўся адным лістом і кануў без следу. А «саламяная» ўдава стала інспектарам УРЧ , строіла з сябе начальніцу. У асноўным яна падпісвала гатовыя зводкі, а я іх складаў, як трэба было начальству. З маім артыкулам да ўліку нельга было і блізка падпускаць, але Лідка мяне ратавала кожны раз. Бывала, выганяць у грузчыкі, а яна тыдні праз два-тры верне зноў. Угаварыла Ліда адправіць і мяне на трэці лагпункт, баючыся, што там не адразу знойдзе сабе парабка. Парабкавалі ў бухгалтэрыі, у планавай часці, у КВЧ , а начальнікі камандавалі, пакрыквалі і палучалі зарплату. I я марыў трапіць на адзіны, «нелесапавальны» лагпункт, ды і баяўся страціць сімпатычную мне Алю.
Да цяплушкі на станцыю Лапшанга вялі нас блакітнаю месячнаю ноччу. Паперадзе на развалках ехала Ліда з двума чамаданчыкамі. Часам падсаджвала на сані каго-небудзь з саслабелых дзяўчат. Над конікам курыўся парок, рыпелі палазы па ўкатанай дарозе. Свяціў вялікі месяц на ўсыпаным зоркамі небе, паблісквалі вострыя кончыкі штыхоў на вінтоўках нашых канваіраў. Яны ведалі амаль усіх нас і не надта былі лютыя ў дарозе.
Пасля лесапавальных трэці лагпункт здаваўся курортам. У лес хадзіла толькі адна брыгада рэзаць дровы для зоны, фабрыкі, электрастанцыі і цэхаў шырпатрэба. Ад вахты да сталоўкі вяла шырокая бярозавая алея, з-пад снегу тырчала сухое бадылле леташніх кветак, баракі атынкаваныя і пабеленыя. Да жылой зоны прымыкае вялікі сталярны цэх, некалькі сушылак драўніны, кухня, склад піламатэрыялаў і гатовай прадукцыі, наступныя — зона швейнай фабрыкі. У сталярні чырванадрэўшчыкі і мастакі-рэзчыкі па спецзаказах робяць паліраваную, з прыгожымі інкрустацыямі мэблю, плінтусы, панелі для кабінетаў ГУЛА Га, выразаюць шахматныя фігуры, лыжкі, точаць гузікі. I ўсё пад дахам, у адносным цяпле. Вырвацца з лесу — мара кожнага зэка. У механічным цэху звіняць цыркуляркі і фугавальныя станкі, на двары — горы пілавіння, валіць дым з сушылак.
Швейная фабрыка працуе ў тры змены. Тут шыюць ватнае адзенне, гімнасцёркі, плашч-палаткі і маскхалаты, рукавіцы для арміі, бушлаты і целагрэйкі — для лагернікаў.