На Лапшанцы прафесар Бурцава выратавала Андрэя, але вярнуўся ён без памяці, бездапаможны, як малое дзіця. Яго камісавалі па інваліднасці, але выпусціць не адважыліся, каб часам «не вёў агітацыю». Свае спагадалі Андрэю, а блацякі кпілі з яго. Серабракоў тры месяцы пракантаваўся на турэмным пайку. Лагерны суд накінуў яму пяць гадоў «за хулиганство с нанесением телесных повреждений осужденному по ст. 58 заключенному Иванову». З дзесятай судзімасці Серабракоў праседзеў паўтара года, яны касаваліся, і пачынаўся тэрмін па новым прысудзе. Ён ведаў, што вайна рана ці позна скончыцца і надзейныя «сябры народа» атрымаюць амністыю, і не памыліўся, так яно і было.
Каб неяк зацыраваць прарэху ў рабсіле, з бальніцы, з іншых лагпунктаў прыбывалі невялічкія этапы. Але хто адправіць добрага рабацягу? Сплаўлялі дахадзяг або рэцыдывістаў. Колькасць павялічвалася, а рабацяг не прыбаўлялася. У этапе з бальніцы кінуўся ў вочы высокі мужчына ў некалі белым бушлаце і дзіравых бахілах на тоненькіх, як цурачкі, нагах. У вялікіх сумных вачах свіціліся іронія і розум. «Апарын Сяргей Дзмітравіч. Артыкул 58, пункт 10, тэрмін 10 і 5 пазбаўлення правоў». Каля яго круціўся невялічкі чалавечак у навейшым бушлаце, пацёртай цыгейкавай кубанцы з габардзінавым верхам. Такія зімою насілі следчыя Наркамата ўнутраных спраў. Няўжо каторы з іх? Прыбыла і куртатая чарнявая Марыя Дарошка, вясёлая сакатушка, з усімі загаворвае, бядуе, што разлучылі з добрым чалавекам Лёшкам Філатавым. Ён хоць аднарукі, але больш грознага кандзейшчыка на лагпункце не было, а ў любошчах і рукаты не дакажа. Яна балбоча адкрыта і бессаромна. А адбывала яна свае дзесяць гадоў за... нават пісаць гідка і страшна. За людаедства. Маленькая, куртатая, гаваркая — канібал новай фармацыі.
Калі ў 1933 годзе галодная смерць выкошвала ўкраінскія сёлы і ўжо не было каму хаваць нябожчыкаў, Марыя засекла і з’ела сваё дзіцятка. Потым бажылася, што ў яе адняло розум: «Тількі адно було в голові — істы, істы і істы. А воно вжэ ходыть не здоліло, хоч і годувала його як могла. Як цэ було, хоч забі, не пам’ятаю». Марыя Дарошка была не адна. Трапляліся з такою ж віною, як яна, прыстойныя з выгляду кабеты, але з імі нават за адным сталом было сядзець гідка: кусае хлеб, а вярзецца — грызе чалавечыну. Хто ж вінаваты ў гэтай бядзе? Хто давёў жанчыну, маці да канібалізму, да страты памяці, да такога падзення? На Украіне, у Паволжы ў 1932-1933 гадах памерла ад голаду каля дзесяці мільёнаў няшчасных, дзяржава ў той жа неўрадлівы год прадала за мяжу 12 мільёнаў цэнтнераў збожжа, а дарошкі елі сваіх дзяцей.
У гэтым этапе больш за ўсіх мяне зацікавіў Апарын. У яго доўгім абліччы і ў выразе вачэй было нешта трагічнае і глыбакадумнае. Мы разгаварыліся. Ён — буйны інжынер-энергетык. Дайшоў на павале і, на мяжы пелагры, трапіў у бальніцу, а выйшаў адтуль інвалідам. Што ж, будзе мець гарантаваную чатырохсотку, пойдзе на кухню абіраць мёрзлую бульбу, збіраць у сталоўцы слізкія драўляныя міскі за порцыю баланды. Мы з ім зайшлі ў мой закутак у бараку, каб спакойна пагаварыць. Частаваць не было чым. На тумбачцы стаяла поўная сальнічка. Апарын угледзеўся, і ў яго прагна захадзілі жалвакі. «Дазвольце мне трошкі солі». Я прапанаваў адсыпаць колькі трэба, а ён дрыжачаю рукою сыпаў буйныя драбкі ў рот, сквапна перамолваў доўгімі пачарнелымі зубамі і глытаў як найлепшы ласунак. Потым растлумачыў, што ў яго пачынаўся псіхоз ад недастачы солі. Мы сталі з ім сябрамі. Яго забралі з арміі «за вальнадумства». Ён і тут абураўся, што бяздарныя камандзіры губяць цэлыя дывізіі, а лепшыя палкаводцы вынішчаны напярэдадні вайны. Я яго перапыняў, мігамі паказваў на баковачку «кума», казаў, што тут і сцены маюць вушы, а ён не зважаў і гаварыў сваё.
Перад Новым годам на лагпунктаўскай электрастанцыі згарэў генератар. Усё патанула ў змроку. Як у першыя дні, вакол зоны палалі вогнішчы, чорныя цені баракаў гайдаліся на паружавелым снезе, у канторы, санчасці і сталоўцы мільгалі каганцы. Генератар трэба было везці на завод, чакаць, пакуль прымуць, а рамонт зойме не меней як тры месяцы. Цяжка было жыць упоцемку. Аднойчы Апарын без энтузіязму сказаў, што можна адрамантаваць генератар на месцы. Патрэбен толькі ізаляцыйны матэрыял і два абмотчыкі. Я пабег да начальніка. Той з недаверам выслухаў мяне і ўсё ж паклікаў Апарына. Глядзеў на яго скептычна, відаць, падумаў — захацеў дахадзяга пакантавацца на ўзмоцненым пайку, але довады Сяргея Дзмітравіча былі пераканаўчыя, ды ён не вельмі і набіваўся з паслугамі. Паслаў начальнік экспедытара за патрэбнымі матэрыяламі, даў на выбар абмотчыкаў з непаўналетак, і закруцілася работа: пры газніцах працавалі да поўначы. Праз тыдзень на лагпункце загарэлася святло. Начальнік, відаць, стрымліваў эмоцыі, калі дзякаваў Апарыну, загадаў карміць па трэцім катле, апрануць ва ўсё новае і прызначыў загадваць усёй энергетыкай.