Тут смертнасць значна меншая, але ўсё роўна цэлы барак займае «слабасільная каманда», каля хлебных кропак сланяюцца з закуранымі кацялкамі, нешта вараць у кар’еры каля цагельні і ўсё каштуюць сваё варыва з падабраных каля сталоўкі адкідаў. Харчы тут, як і скрозь, — памерзлая бульба, турнэпс (дзе яго столькі бралі?), вотруб’е, праўда, трошкі лепшы хлеб. Аля пайшла матарысткаю на фабрыку, а мяне Ліда пакуль што ўсватала брыгадзірам на пагрузку. На чыгуначную ветку прыбывалі вагоны з «метражом», цюкамі ваты, скрынкамі нітак. Усё гэта мы згружалі ў склад, а паражняк напакоўвалі гатовай прадукцыяй фабрыкі. Гэта ўсё ж не бярвенні качаць, не шпалы і дровы цягаць за трыста метраў. Вагоны пераважна падавалі ноччу. Стралкоў не хапала, і начальнік вырашыў сабраць брыгаду з бесканвойных. Я адбыў тры чвэрткі свайго «чырвонца», у фармуляры амаль не было спагнанняў, ды і Ліда, пэўна, закінула слова, спадзеючыся ўзяць у памочнікі, а самой біць лынды. I мне выдалі пропуск бесканвойнага. О- о, гэта ўжо нешта значыла. Я мог хадзіць па тэрыторыі лагпункта і нават ездзіць у цяплушцы з дазволам начальніка.

Адчуваю, нехта з вас папракне: «Э-э, браце, дык табе шанцавала, умеў прыстасоўвацца, не столькі рваўся на рабоце, колькі прыдурваўся». А няўжо, каб не вылазіў з лесу і загнуўся, было б лепш? Ведаю па ўласным вопыце — ніводзін самы дужы ўвесь тэрмін, нават палову не вытрываў на павале і пагрузцы. «Стаханаўскія» брыгады Ложкіна, Карагодзіна, Яфанава заносілі на чырвоныя дошкі, кармілі на сцэне, каб усе бачылі, давалі па малюсенькай белай булачцы. I ніхто з гэтых «стаханаўцаў» не дацягнуў да канца тэрміну. Усіх павывозіў Кастроў за вахту з фанернымі біркамі на назе. Выжылі толькі тыя, каму хоць трохі пашанцавала пракантавацца на лёгкіх работах. Некаторыя дацягнулі да нашых дзён. Ці не лёс іх абраў сведкамі народнай трагедыі?

I мне наканавана было выжыць, каб хоць збольшага расказаць пра пакуты маіх «аднабарачнікаў» і «аднабаланднікаў», пра сваю няволю і неадольную прагу жыць, бо не ведаў, якія выпрабаванні яшчэ чакаюць мяне, але, каб і прадбачыў, усё адно чапляўся б за жыццё: ніводная ж фантазія не магла ўявіць усяго, што мне давялося перажыць, пабачыць на сваім вяку і стаць сведкам, калі праўда стала Праўдаю. Дзеля гэтага трэба было жыць.

А тады я быў шчаслівы, атрымаўшы пропуск бесканвойнага. Гэта ўжо невялічкая палёгка: можна праскочыць у ягады, на падсобнай гаспадарцы высмыкнуць морквіну, выпрасіць агурок. Пасля пагрузкі я забягаў хоць трохі адвесці душу да вусатага, суровага з выгляду агранома Бахціна, хваліў яго парнікі і грады, а ён на развітанне што-небудзь соваў мне ў кішэню. Я свой вітамінны набытак заўсёды адносіў Алі. Яна аднеквалася і дзяліла ўсё пароўну. Я ўжо да драбніц ведаў яе кароткае жыццё ў невялічкім рабочым пасёлку ў сям’і гутніка. Правучылася два гады ў педінстытуце, а калі ў 1939 годзе ўвялі плату за вучэнне, вымушана была паехаць настаўнічаць у вясковую школу непадалёк ад свайго пасёлка. На пачатку вайны капала акопы і супрацьтанкавыя траншэі, а калі да сяла падышлі немцы, пад абстрэлам і бамбёжкаю знаёмымі ляснымі сцежкамі прабілася дадому. Праз некалькі дзён пайшла ў міліцыю аформіць прапіску ў кватэры бацькоў. Пайшла і не вярнулася. Пад канвоем адправілі ў набітую да самых дзвярэй камеру абласной турмы. Следства ні пачаць, ні скончыць не ўправіліся, і пагналі яшчэ адну «следственную» ў лагер. Добра, што далі бытавы артыкул, а маглі ж прыпісаць шпіянаж, здраду радзіме, дыверсію, хоць немцаў яна і ў вочы не бачыла.

Чыстая, светлая, шчырая дзяўчынка стала мне самаю неабходнаю. Я ўжо ведаў, што раннюю сям’ю страціў назаўсёды. У пару маёй маладосці было неабавязковым афармляць шлюб у цесным катушку райвыканкама з шыльдаю «ЗАГС». Лічылася нават абразлівым — нібыта не давяраем адно аднаму і павінны замацаваць адносіны паперкаю. I мой шлюб не быў зарэгістраваны, але гэта не зменшыла пакуты няшчаснай жонкі. Яна з’ехала з Мінска і недзе звязала свой лёс з больш надзейным чалавекам. У мяне нікога блізкага на свеце не засталося: маці памерла за год да майго няшчасця, хоць бацька не напісаў мне ніводнага ліста, забралі і яго за «сувязь з беларускім нацыяналістам». Знік і ён назаўсёды. А чалавеку без спагады, без блізкай душы жыць проста немагчыма. Кароткія сустрэчы з Аляю ратавалі ад безнадзейнай адзіноты, хацелася верыць, што не страцім адно аднаго. I яна са мною не была такою безабароннаю і безнадзейнаю.

Я часам прысвячаў ёй чуллівыя, сентыментальныя вершы, яна іх перапісвала ў самаробны блакноцік і зберагла да гэтай пары. Пісаў я тое-сёе і для КВЧ — пра пакуты акупіраванай Беларусі, пра гераізм воінаў і партызан. Пасля перамогі пад Сталінградам у нас уключылі радыё, часам траплялі газеты, і мы прагна лавілі кожнае слова з волі, з вайны, з родных мясцін.

Перейти на страницу:

Похожие книги