— Кожны дзень мару пра тую часіну, калі нарэшце прыйду дамоў, зачынюся ў кватэры, адгараджуся ад усяго свету чатырма сценамі, разняволю цела ад шмотак і напоўню ванну гарачай водою. Добра, калі нікога няма побач: ні мужа, ні дзяцей.— Таццяна паправіла сумачку на плячы.— Абрыдла ўсё. Неяк не так мы жывём. Не, не толькі я асабіста, а ўсе. У гэтым я проста ўпэўнена. Думаем перш за ўсё пра сваё цела, толькі пра цела. Песцім, даглядаем, лашчым, задавальняем яго. А душа… Душа пакутуе ў нашай выглянцаванай плоці. Але што я кажу? Ды не пакутуе яна, душа наша вечная, памірае. Ці мо ўжо памерла…
— Ну-ну,— Кацярына нахілілася збоч тратуара і падняла з выцвілай, пацямнелай восеньскай травы жоўта-карычневы лісток каштана, зірнула на яго і панесла ў руцэ, баццам сакавітую ружу з кідкім бутонам.— Слухаю цябе, корань-карэньчык, і здаецца, што іду побач з манашкаю, якой абрыдла свецкае жыццё, а келля для яе — найлепшы паратунак.
— Можа, яно і так. Але ўсё значна прасцей. Учора была ў царкве. Зайшла выпадкова. Вой, зноў хлушу сама сабе. Душа запрасілася ў храм, быццам параненае цела да лекара. Кацярынка, каб ты бачыла, колькі жабракоў сядзіць на паперці! У мяне сэрца зайшлося ад болю. Толькі не падумай, што там атабарыліся адны нягеглыя прапойцы-алкаголікі, не. Хісткіх бабулечак ды дзядкоў старэнькіх там плойма. Бедна апранутых, але чысценькіх і… маўклівых, не нахабных. А зайшла я за царкоўныя дзверы і апынулася ў залатой раскошы, пачула голас бацюшкі ў даражэзнай апратцы і з тварам, што аж блішчыць ад утробнай нястрыманасці, усёдазволенасці. Не асуджай, сяброўка. Мне так падалося. I голас у таго святара быў казённы, няшчыры і… нейкі халодны, абыякавы да ўсіх і ўсяго.
— А чаго ты хацела? Чалавек на звычайнай працы, як ты ў сваёй радыёстудыі ці я на прыёме хворых у кабінеце. Чалавек працуе, зарабляе свой кавалачак хлеба.
— Лёгка табе, Лазебная, жывецца. Усё можаш раскласці па палічках.
— А што тут такога? Я ж лячу людское цела, а душа — гэта ўжо твая прэрагатыва.
— Вось учора я і ўспомніла словы сваёй бабулі. Царства ёй нябеснае. Яна мне яшчэ маленькай гаварыла, што Бог павінен быць у душы кожнага чалавека. А напускная, няшчырая вера — горш за здраду.
Кацярыне не падабаўся настрой сяброўкі. Лазебная адчувала, што ў Таццяны нешта здарылася і яна аналізуе, шукае правільнае выйсце з няпростай сітуацыі. Але што, што гнятлівае ўзвалілася на жанчыну? Каб хоць неяк збочыць з сумнай гутаркі, Лазебная спытала:
— Ты нешта пачынала казаць пра ванну з гарачай вадой, га?
— Я ўсё пра тое ж. Кожны вечар, залазячы ў гэта чыгуннае эмаліраванае карыта, хачу змыць з сябе дзённы бруд, пустыя клопаты, дурацкія праблемы, якія ліпучым кісялём вымазалі з ног да галавы. Хочацца адцерціся ад потных рукапацісканняў, што за дзень уеліся ў далоні. Хочацца адзіноты… але ж і боязна яе.
— Нармальны стан, звычайнае жаданне чалавека, які існуе кожны дзень сярод людзей. Нічога дзіўнага, сяброўка, тут няма. Жыві прасцей, глядзі навокал вачыма аптыміста. Як ты мяне некалі вучыла. Разбярыся ў самой сабе, нарэшце. Завядзі палюбоўніка, плюнь на мужа і яго велікарослых дзяцей. Жыві напоўніцу, дурненькая.— Кацярына ўзяла сяброўку пад руку.
— Пазаўчора ў абед, калі заскочыла перакусіць, застукала мужа з палюбоўніцай,— Таццяна цяжка ўздыхнула.— Ніколі ж раней вечарам дамоў не зазірала, а тут… I ведаеш, дзе яны любіліся? Пад душам. Як успомню, аж калоціць усю. Брыдка да гідлівасці, не хочацца цягнуцца пасля работы ў кватэру. У панядзелак еду ў камандзіроўку на тыдзень у Берасце. Вымаліла ў загадчыка аддзела.
— Правільна. Няхай усё перагарыць. Нічога не трэба рабіць спантанна.
Жанчыны не заўважылі, як прайшлі паўз станцыю метро каля вуліцы Казлова, мінулі плошчу Якуба Коласа, пакінулі за сабою Акадэмію навук і спыніліся каля ўваходнай брамкі Батанічнага саду.
Даўгаватая чарга каля касы хутка пасоўвалася. Сяброўкі, унурыўшыся ў сябе, засяроджана маўчалі. Паўз іх пратупала маладая пара і без чаргі падышла да акенца касы. Кацярына з Таццянай пачулі сіплаваты голас хлопца: «Прапусціце бярэменную дзевушку». Не згаворваючыся, Лазебная і Коранева пырснулі смехам. Кацярына, прыкрываючы далонню рот, прагаварыла:
— Вось табе і маеш. Новая Дзева Марыя з’явілася. Гэта ж трэба — бярэменная дзевушка! Як табе, дарагуша, такое падабаецца?.. Тут нават і медыцына бяссільна.
Цішыня, утульнасць Батанічнага саду навявалі ўнутраны спакой і душэўную лагоду. Нават грукат і віск з атракцыёнаў парку Чалюскінцаў не маглі парушыць закалыхваючай гармоніі наваколля.
— Не вешай нос,— Кацярына лёгенька штурхнула плячом сяброўку.— Сёння мы з табою падчэпім класных малайцоў. Ты ж ведаеш, што клін клінам выбіваецца. На разавую здраду ты дзясятак разоў тым жа адкажы. Вось тады і толк будзе.
— Ну цябе! — адмахнулася Таццяна.
— Не баіся, а слухай мяне. Цётка ў багну не спіхне, а радасці жыцця навучыць. Забудзешся на пакуты душэўныя, спазнаўшы цялесную ўцеху.
***