Сціпламу ж вясковаму хлопцу з божым дарам, але тройкай па алгебры ці чарчэнню, ды яшчэ не дай бог няцвёрда бачыць розніцу паміж партыцып айн і партыцып цвай і (о жах!) забыць год заканчэння вайны Пунсовай і Белай Руж — не бачыць факультэта журналістыкі як сваіх вушэй.
Як некалі яму…
Уручаючы характарыстыку-рэкамендацыю, рэдактар падбадзёрыў:
— Як кажуць: ні пуха ні пяра! Не хвалюйся і не сумнявайся — пойдзеш пад зялёныя светафоры…
Хацелася верыць, але пабойваўся нямецкай мовы.
— Ха, дзівак! — супакоіў рэдактар.— Знайшоў чаго баяцца! Кадры рыхтуюць не для Германіі ці Аўстрыі. Каго ж вучыць, калі не такіх, як ты?! Ты ж гатовы журналіст. Экзамены — чыстая фармальнасць…
3 ладнай папкай выразак-публікацый, рэкамендацыямі пяці газет панёс дакументы ў прыёмную камісію з упэўненасцю, што гэта зробіць уражанне. Сапраўды, зрабіла. Старшыня прыёмнай камісіі — хударлявы чалавек, якому можна даць і трыццаць, і пяцьдзесят гадоў, аж прысвіснуў ад здзіўлення, гартаючы выразкі:
— Такія нам раз у дзесяць гадоў трапляюцца!
Андрэя распірала ад гордасці.
Але, зірнуўшы ў атэстат сталасці, старшыня расчараваўся сам і яшчэ больш расчараваў яго:
— Да-а-а, слабавата-а…— I зусім пазмрачнеў: — О-о, ды ў вас нават троечкі па алгебры і замежнай мове…
— Вы ж рыхтуеце не для Германіі ці Аўстрыі,— словамі рэдактара запярэчыў Андрэй.
Старшыня не стаў спрачацца, глянуў трохі скрушліва і строга.
— Па ўсім, канечне, відно — вы чалавек здольны. Але троечнік і універсітэт — рэчы несумяшчальныя. Троечнікі ў нас практычна не праходзяць.
— Алгебру ж…
— Усё роўна! — не даў выказацца старшыня прыёмнай камісіі.— Хто добра вучыўся ў школе — і студэнт добры, а хто прывык лайдакаваць — лайдаком і застаецца…— I трохі супакоіў: — Праўда, вас гэта, мусіць, не датычыць — пісалі, бачу, столькі, што на ўрокі часу не заставалася… Ладна, пакідайце дакументы, а там відно будзе…
Гэтая адчужаная непраніклівасць старшыні прыёмнай камісіі занепакоіла, насцярожыла, нават напалохала, але не настолькі, каб кідацца ў роспач. Не ўсё залежыць ад прыёмнай камісіі, мо гэты старшыня ніякі не журналіст, знойдуцца прафесары, хто лепш ведае, каго вучыць, ацэняць…
I на самай справе ацанілі. На творчым конкурсе вылучылі з усіх, для надзейнасці нават пяцёрку з плюсам паставілі, хоть гэты конкурс не ацэньваўся. Бліснула, ласкава ўсміхнулася надзея. Аднак конкурс прайшлі ўсе, нават тыя, хто прынёс адну дзесяцірадковую заметачку, нават тыя, хто нешта накрэмзаў ад рукі, як, напрыклад, інтэрнацкі сусед па ложку.
Праўда, сусед засыпаўся адразу ж — на сачыненні. Ён, Андрэй, атрымаўшы па сачыненню і гісторыі чацвёркі і пяцёрку па літаратуры і мове, рашыў, што справа зроблена: хто гэта будзе «рэзаць» на апошнім — нейкай нямецкай мове! Каго трэба, «парэзалі», практычна ніякага конкурсу не стала. Лічы, студэнт…
Трапіўся нейкі складаны тэкст, паспеў перакласці толькі два сказы, і то няправільна, да ўсяго — пераблытаў партыцып айн з партыцып цвай, не адказаў на дадатковыя пытанні. Двойка! Нават не троечка з мінусам, якая б уратавала…
Гэта была такая нечаканасць, такі аглушальны ўдар, што не мог апамятацца, уцяміць, што да чаго. Ачмурэла хадзіў, не верачы ў рэальнасць таго, што адбылося. Хацелася паверыць, што гэта нейкі жахлівы, кашмарны сон. А мо на самай справе нейкая памылка? Мо перадумаюць, дазволяць здаваць яшчэ раз?.. Мо сам дэкан заступіцца: як гэта так, скажа, гатовага журналіста ды «зарэзаць» на нейкай нямецкай?..
I хоць разумеў, што шанц нешта паправіць, перайначыць у яго не большы, чым саломінка для тапельца, усё роўна не рашаўся забіраць дакументы, спадзеючыся на цуд. А каб уратавацца ад абразлівых спачуванняў, на якія так шчодрыя і ахвочыя шчасліўчыкі, уцякаў у горад. Як зайздросціў, як ненавідзеў усіх гэтых шчасліўчыкаў, што па іроніі лёсу ў адзін момант узняліся над ім! Бадзяючыся па тлумных вуліцах, сярод незнаёмага люду, дзе ніхто не соваецца з недарэчнымі спачуваннямі, ілжыва-аптымістычнымі супакаеннямі, знаходзіў хоць які паратунак, суцяшэнне і збавенне ад рэальнасці. Пераконваў сябе, што трэба, не марудзячы, пакуль не позна, ісці да дэкана, мо нават да рэктара, паказаць свае публікацыі, прасіцца пераздаць. Але каб гэта была ўпэўненасць, што пераздасць! А можа, яны самі, падбіваючы бабкі, спахопяцца, дакумекаюць, каго варта вучыць у першую чаргу…