Рэдактар не ўхваліў яго выбару. Хітра ўсміхнуўся і рашуча сказаў:
— Сядай і пішы заяву! 3 сённяшняга дня будзеш працаваць у нас…
— Як у вас?..— не паверыў сваім вушам Андрэй, разгубіўся.
— А во так,— падміргнуў рэдактар, задаволены зробленым эфектам.— Пазамяшчаеш на час дэкрэту Бялоцкую, а там відно будзе… Таго ж Вялеську ў рэшце рэшт куды-небудзь сплавім…
— Вялеську??! — анямеў Андрэй. Ён лічыў Янку Вялеську самым таленавітым ва ўсёй рэдакцыі.— Чаму Вялеську?..
— Сам убачыш чаму…— трохі зніякавеў і спахмурнеў рэдактар, спахапіўшыся, мусіць, што неабачліва ляпнуў тое, пра што жаўтаротаму навічку ведаць неабавязкова, увогуле не трэба ведаць.— Аднымі яго вершамі газету не запоўніш. Я не супроць вершаў, канечне, іх друкавалі і будзем друкаваць. Але не яны галоўнае, не яны робяць пагоду ў газеце.— Паглядзеў дапытліва, падумаў і строга папярэдзіў: — Ты ж глядзі: каб пра нашу размову нікому — ні гу-гу… Я не люблю гэтага. Што тут гаворыцца — мёртва.
Такога павароту ўявіць не магла нават самая смелая яго фантазія. Шчасце валіла ў рукі, ды яшчэ якое шчасце! Працаваць у рэдакцыі, на пасадзе, дзе трэба універсітэцкая адукацыя!.. Такое не магло і прысніцца. Са зларадствам уявіў, якая б міна была ў дэкана, у таго ж старшыні прыёмнай камісіі, каб даведаліся… А што: мо і даведаюцца…
Праўда, як стрэмка сядзеў, садніў той рэдактараў сакрэт. Навошта ён сказаў?! А цяпер, выходзіць, з-за яго пачнуць выжываць Вялеську. Вялеська ж — яму таварыш, амаль сябар, Вялеська, лічы, зрабіў з яго журналіста… Непрыгожа неяк…
Але хіба ён прэцца на жывое Вялеськава месца? Ідзе замяшчаць Бялоцкую, а Бялоцкая невядома яшчэ колькі прабудзе ў дэкрэце. Мо к таму дню якраз і падаспее час здаваць уступныя экзамены — і само сабою вырашыцца… Быць таго не можа, каб не паступіў, працуючы ў рэдакцыі!.. Усур’ёз трэба заняцца нямецкай мовай — за год не тое што нямецкую, а кітайскую можна асвоіць… Ды, калі на тое пайшло, хіба ён вінаваты, што рэдактар мае зуб на Вялеську? Хіба сказаў рэдактару пра Вялеську хоць адно кепскае слова?! Вялеська, калі на тое пайшло, не прападзе — у яго ёсць дыплом, а з дыпломам дзе хочаш можна ўладкавацца. А хто і куды возьме яго, Андрэя?
3 Вялеськам іх пасадзілі ў адным кабінеце. У першы ж дзень перайшлі на «ты». Два тыдні, пакуль знайшоў сабе куток, жыў на Янкавай халасцяцкай кватэры. Янка настойваў, каб заставаўся назаўсёды: маўляў, месца хопіць, будзе весялей, амаль па-студэнцку…
Можа, і застаўся б… Каб не той сакрэт, з-за якога цяжка было адкрыта і шчыра глядзець у даверлівыя Янкавы вочы. Пазбавіцца ад каменя за пазухай можна было толькі расказаўшы пра ўсё Вялеську…
Аднак ён не меў права расказваць…
Цяпер, калі сышліся блізка з Вялеськам, рэдактар, здавалася, яшчэ больш шкадаваў, што прагаварыўся. У яго дапытліва-змоўніцкім позірку Андрэю штодня бачылася: ну, паглядзім-паглядзім, які ты мужчына, як умееш трымаць язык за зубамі…
Мажліва, усё ж не паглядзеў бы ні на што, расказаў бы. Каб не ведаў Вялеськавага характару. Янка не ўмее трымаць сакрэты і свае эмоцыі. Скажы — успыхне ак свечка, кінецца да шэфа высвятляць адносіны. Чым гэта усё скончыцца — няцяжка здагадацца. Не для Вялеські, канечне. Для Вялеські горш не будзе. Для яго, Андрэя, дабром не скончыцца. Пакліча рэдактар і скажа: Бялоцкая выходзіць на работу, так што — будзь здароў, Чарапіца! Ідзі ў калгас, праяўляй працоўны гераізм, паказвай прыклад, заваёўвай маральнае права выступаць у газеце…
Вялеська Вялеськам, а рэдактар ёсць рэдактар…
IV
Карцёжнікі і не думалі класціся спаць, курылі — мусіць, і на самай справе сабраліся даканаць яго гэтым едкім дымам. Трываць, прыкідваючыся, што спіць, далей было невыносна — і, хапаючы паветра, зайшоўся доўгім астматычным кашлем.
— Ты што, не спіш? — гукнуў дзяцюк з азызлым тварам.
— Ну й накурылі ж! — мякка, каб не ўзлаваць ды не наклікаць бяду на сваю галаву, сказаў Андрэй.— Хоць тапор вешай…
— Прывыкай! Не ў цешчы на блінах…— недружалюбна прагундосіў маладзейшы — здаравяк з фігурай атлета.— Во інтэлігент пайшоў…
— Ну, ладна! — заступіўся дзяцюк (па ўсім відно — іх завадатар) і загадаў самаму маладзейшаму, шчупленькаму: — Косцік, фортку адчыні! А то і ўпраўду ачурыжыцца да свету…— Пацягнуўся, пазяхнуў.— Дый нам лягаць трэ, зрання мо шчэ на работу пагоняць…
Шчупленькі без ахвоты ўстаў, штурхнуў атлета:
— Падсадзі!