А чуткі разгортваліся далей і болей. Не прайшло і тыдня, як пра надзвычайнага ваяра Мядзведжае Вушка гаварылі не толькі ва ўладарскім селішчы, але і за яго межамі, пад саламянымі стрэхамі, у хацінах рыбакоў ды вугляпалаў. Леля, які не ўмеў управіцца ані з клінком, ані з лукам, гэтыя чуткі адно пужалі, бо праз тую неадпаведнасць падавалася, быццам нахабна займае чужое месца. Бо атрымлівалася, што ён стаў слынным ваяром яшчэ да таго, як навучыўся трымаць меч у руках. І да мянушкі, да ўласнага імені і нечаканай славы давялося, хочаш-не хочаш, дарастаць.

І Лель рос – і ростам, прыбаўляючы ў вышыню, як маладое дрэўца, і духам, і ўменнем. Ён стаў вучыцца ад княжых вояў мечнай справе, хай тыя спачатку і дзівіліся, што легенда, якая ва ўсіх на вуснах, ні халеры не ўмее. Напачатку Лель хадзіў з сінякамі і гузакамі ўсіх памераў ды формаў, бо настаўнічалі з ім крута. Але ўпарціўся, не здаваўся. Дакладней, не мог сабе дазволіць здацца – не тады ж, калі ўсе вакол лічаць цябе слынным віцязем з зачараваным клінком.

Некалі праца на зямлі ў родным селішчы давалася няпроста, але загартавала цела ды прывучыла да цярплівасці. Таму вучоба пайшла хутка, і зброя пачынала слухацца, хаця стары меч, здабыты ў азёрнай прошчы, усё яшчэ быў і велікаваты, і цяжкаваты.

Мясцовыя патроху асталёўваліся ў землях, што нядаўна пакутавалі ад праклёну. Лель, выязджаючы ў агледзіны разам з Ружанай ды яе бацькам, заўважаў, месяц ад месяца, усё новыя і новыя змены. Там зводзілі дуброву на будоўлю, там зрывалі пагорак, пракладаючы ці пашыраючы дарогу. Ветракі распускалі крылы на ўзвышшах, на рацэ сям-там паўзнікалі запруды, а дзікія лугі, разараныя, рыхтаваліся да весняга севу. Людзі абіралі месцы для новых селішчаў, а то і вярталіся да старых, закінутых, занядбаных сяліб, адкуль збеглі, ратуючыся ад пачвараў, яшчэ іхнія прадзеды. І паўсюль кіпела праца, і паўсюль быў рух, ажыўленне.

І паўсюль гаварылі пра асілка Мядзведжае Вушка, які адолеў пачвару на возеры і вызваліў край ад злавесных чараў.

– Хай сабе гавораць, – супакойвала Ружана. – Людзі заўжды пра нешта гавораць.

Зімою яны ўдваіх выязджалі на паляванне, конныя, з хартамі. Блукалі сярод дубовых узгоркаў, праміналі і тое самае возера, і штораз хацелася пабачыць на свежым снезе ваўчыныя сляды. Адно іх не было. І, можа, таму Лелю так і карцела прайсці па ледзяной корцы да скальнай кароны. Зноў крануцца даланёю шурпатага каменя.

Заплюшчваючы вочы, ён усё яшчэ мог пачуць голас прошчы, даверлівы і цёплы, і не адчуваў ні люты сівер на шчоках, ні пяшчотныя дотыкі снежных камякоў. Ружана, пад’ехаўшы бліжэй на сваім вараным, асцярожна кранулася Лелева пляча.

– Я бачыў тут замак, – задуменна тлумачыў ёй Лель, паказваючы рукавіцаю на цёмныя скалы. – Вежы і сцены, што плывуць над вадой…

Ружана, румяная ад марозу, хуталася ў накінутае на плечы футра і гаварыла весела, што, пэўна ж, падалося, бо ніколі не было тут замкаў. Груганнё з крыкамі сыпалася з дубовых вершалін і змешвалася з нізкімі хмарамі. У зарасніках віскліва падбрэхвалі харты, падымаючы са снегу цяжкіх чырванабровых глушцоў.

– Але я бачыў тут замак, – упарта мармытаў пад нос Лель. Можа быць, яму сапраўды падалося, можа быць, той азёрны замак, абкружаны белымі чайкам і белымі ветразямі, сапраўды толькі прысніўся яму. Але тут гэты замак быў, існаваў, хай і нябачна. Быў – бо гучаў у сярэбраным спеве стаячых камянёў на востраве, а тыя, мабыць, памяталі ўсе сны на свеце.

У снах Леля цяпер часцей мільгала Ружана – і часам усміхалася вусцішнай не сваёй усмешкай, з паўмесяцам-ямінкай на шчацэ. Тады Лель прахопліваўся, глуха ўскрыкнуўшы, і доўга ляжаў бяссонным, слухаючы, як успуджана трымціць сэрца. Бывалі яшчэ сны дрымучыя, мядзведжыя, і ў іх ён блукаў па бясконцых лясах, і роў, гледзячы на поўню над хвоямі, і драў кіпцюрамі медныя хваёвыя ствалы. І па самым краі такога сна заўсёды бязгучна крочыў белы воўк, мільгаючы ў зарасніках, заўжды назіраючы, але не набліжаючыся.

Тою ж зімою падняліся і рушылі вайною неспакойныя суседзі з поўдня – парэчанскія ўладары Порвід, Спорнік ды Сокаль. Ці то іх, звязаных з князем мірнымі дамовамі ды сваяцтвам, устрывожылі показкі пра слыннага ваяра з чароўным мячом, ці то занадта ўсхвалявала чутка пра вызваленыя ўрадлівыя землі на поўначы. Так або іначай, неспакой на мяжы ўспыхнуў ваеннымі паходнямі, і гарэлі памежныя вёскі, а заснежаныя палі засейваліся не збожжам, але чалавечымі касцямі.

Лель быў з княжай дружынай – і тады, калі адваёўвалі ад паўстанцаў рачны бераг, і тады, калі сшыбліся ў мёртвым полі два войскі, сцяна на сцяну. Гарэлі паходні, слаўся па бруднай снежнай кашы задушлівы чорны дым, а вакол у цеснаце, давячы адзін аднаго, хрыпелі і біліся людзі – свае і чужыя. Тыя, чужыя, вырасталі на шляху варожым лесам, які працягваў сквапныя галіны, каб вынішчыць, каб забіць. Таму даводзілася рубіць і сячы, і ад крыкаў, ад дыму, ад сечы звінела ў галаве, і чужая кроў была на мячы, на рукавіцах ды панцыры, і не было ўсяму гэтаму канца.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже