Йурай выцягнуў яе, і ў час: мост вярнуўся набок усё мацней і мацней, калоны пад ім крышыліся ад бязладнага тупату і ўдараў цмокава хваста. Давялося бегчы па плітах, якія ад першага ж дотыку падалі, сыпаліся, бегчы наперагон з расколінамі, з праваламі, што расходзіліся ўсё далей і далей, аплятаючы старыя камяні шчыльнай сеткай. Цмок, адчуваючы пад сабою зыбанне, закрычаў успуджана, працяжна. Паспрабаваў расправіць крылы, ударыў імі, беручы разгон, – і каменем паваліўся ў халодныя імклівыя хвалі. Упаў разам з абломкамі калон, расколатымі плітамі ды дробным друзам, і знік у агромністым слупе іскрыстых пырскаў. Звер з пакутаю закрычаў ізноў, і разам з яго крыкам ад вады паднялося воблака густой шызай пары, затапіла бераг, быццам ранішні туман.

Ільгу прабіў халодны пот, ад лёгкага павеву ветру яна задрыжэла, дробна застукала зубамі. З-пад яе ног сарваўся туды, у вусцішную густую пару каменьчык – і ў Ільгі валасы заварушыліся на галаве.

– А цмок… ён жа ўсё яшчэ там, так? – з цяжкасцю выціснула яна, дарма спрабуючы хоць нешта разгледзець унізе.

– Там, – пацвердзіў Йурай. Ільга паківала, зноў паглядзела ўніз і пругкім крокам пайшла да пярэстай, што схавалася ў алешніку. Зняла калчан са стрэламі, па-гаспадарску пералічыўшы, колькі засталося, прымацавала яго да пояса. Зняла лук, праверыла пальцам цеціву.

З кустоўя паказаліся чырвоныя плашчы вугеркаўцаў. Тамаш Дубыніч, вынырнуўшы з-пад ніцай вярбы, паклікаў Ільгу па імені, замахаў рукою. Пасля падбег, з асцярогаю косячыся на абрушаны мост.

– Дзеўка, – мовіў уражана. – Ты… ну ты, аднача, і штука! Сапраўды ж, бач, цмока… таго…

– Кон гэта! – гукнуў хтось з вояў. – Як прарочана было: дзева-вой!

І другі ўскрычаў з падобным захапленнем:

– Блаславенне багоў!

Ільга толькі пагардліва чмыхнула. Ведала, што гэта ніякія не багі толькі што рызыкавалі ўласнымі каркамі.

– Ды яшчэ, бач, – працягваў Дубыніч, звонка пляснуўшы сябе па сцягне. – Трасца цябе вазьмі, адна!..

– Я была не адна, – суха выправіла яго Ільга, таропка папраўляючы наплечны шчыток.

І рушыла – далей ад іхніх позіркаў ды перашэптванняў – да высокага берага Вугеры. Агледзелася, прыкідваючы, як лепей было б спусціцца да вады – і ці атрымаецца гэта ўвогуле зрабіць, не скруціўшы шыю. Бераг быў досыць круты, камяністы, густа парослы бадзяком і дзядоўнікам.

З пахмурнага нізкага неба зарадзіў дождж – лагодны, ціхі, дабратворны. Прыбіваў пыл і попел да зямлі, суцішваў палкае полымя, змінаў змееў смурод, шчодра рассыпаючы сярэбраную свежасць.

Дождж разаслаў над Вугерай шырокае шэрае радно, замгліў далі, адмыў пяшчотную маладую зеляніну, і тая ажно заззяла. Дождж змякчаў гукі і фарбы, горача шаптаўся з рачною вадой, дробна крочыў па густых зарасніках. Мусіць, недзе побач цвіў бэз, бо ад дотыку дажджу салодкі бэзавы водар зрабіўся больш акрэсленым, больш яўным, галавакружным, запаланіў усё вакол. Ільга стомлена прыкрыла вочы, падстаўляючы разгарачаны твар небу.

Добра было, што – вось, вакол бэз, і дождж, і засмужаная далячынь. Ільга адкінула валасы з твару і ўсміхнулася – дажджу.

Крокі Йурая, як звычайна, былі бязважкімі, але Ільга нейк адчула яго прысутнасць побач самай скураю, як адчуваюць цяпло. Праміргалася, слаба кіўнула.

– Цмок унізе, – сказаў Йурай. – Здранцвелы, зняможаны, заложнік сцюдзёнай вады, звонкай і злой, звязаны і зломлены.

У гэтых словах перакатвалася чароўная сталь, і Ільга насцярожылася. А паэт моўчкі глядзеў на зацягнутую парай раку – з непрыхаванай скрухаю, з жалем і шкадаваннем. А пасля пытальна зірнуў на Ільгу. Тая нахмурылася, бо прачытала ў ягоных вачах незададзенае пытанне.

Дакладней – неагучаную просьбу.

– Ну не! – выгукнула Ільга сярдзіта. – Нават і не думай!

– Ты перамагла, – адчаканіў Йурай. – Гэтыя дурні і так будуць насіць цябе на руках. Чула? – і перадражніў, наўмысна гнюсавячы: «Воля багоў».

– Воля-шмоля! – злосна мовіла Ільга, нават прытупнула. – Думаеш, мне да іх увогуле ёсць справа? Цымус не ў гэтым, хіба не разумееш?

Йурай звузіў вочы.

– О, вядома. Цымус у тым, каб зусім знішчыць. Каб выпаліць карэнне. Каб не засталося і звання.

У голасе яго зноў бліснула тая небяспечная сталь, і Ільзе на імгненне зрабілася страшна – мусіць, нават страшней, чым тады, калі яна боўталася над безданню, а на яе любаваўся крыважэрны вогненны змей.

Адчувалася, што размова ўжо не зусім пра цмока. А можа быць, нават і зусім не пра цмока.

Ільга зябка павяла плячыма.

– Ты атрымала сваю помсту. Атрымаеш сваю славу, – гаварыў Йурай з горыччу. – Але гэтага недастаткова, праўда, чалавечае дзіця? Вам жа ніколі не бывае дастаткова.

Ільга задумліва пацерла лоб, размазваючы па ім сажу. Паглядзела з-пад сваёй рукі на Йураеў твар, на дзіва змрочны, і адзначыла пра сябе: такім паэта ёй яшчэ не даводзілася бачыць.

Чужая скруха зноў адгукнулася ўнутры балючым рэхам, ажно знутры разанула вочы. І ўспомнілася з былой размовы: цмокаў даўно не было відаць. Гэты, мабыць, апошні.

Агніста-залаты, з каронаю з рагоў, з касцянымі грабянямі, з магутнымі крыламі. Драпежны, злосны, крыважэрны. І, каб яго, – прыгожы.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже