Воўк не крануўся з месца, толькі трохі насмешліва, вельмі па-чалавечы звузіў вочы. Сэрца ў Ільгі прапусціла ўдар – зараз яна была амаль упэўнена, і шчаслівая ўпэўненасць нарастала, мацнела ў ёй, ажно займала дыханне. Дзяўчына баязліва працягнула руку, амаль зрабіла крок наперад, каб дакрануцца да снежна-белай калматай поўсці. Але зараснікі праваруч затрашчалі, і адтуль крыкнулі:
– Назад, дзеўка!
А разам з тым покрычам пагрозліва запелі, рассякаючы паветра, чарнапёрыя стрэлы. Адна ўпала ў балотную ваду побач з Ільзіным лукам, другая злосна клюнула гліністую глебу зусім побач з ваўком. Той ірвануўся з месца, сам – быццам сярэбраная страла, і вялікімі скачкамі панёсся сярод рыжых купін, каб знікнуць у гушчары.
– Чакайце! – выгукнула Ільга, крутануўшыся да паляўнічых. – Не страляйце!
Яе не паслухалі, старанна пасылаючы ўслед зверу стрэлы і лаянку, але белы воўк знічкаю мільгануў і прапаў за хмызамі. Дубыніч, нязграбна перабіраючы нагамі, спусціўся да Ільгі, сярдзіты, надзьмуты, паглядзеў туды, дзе расплылося ў лясным паўзмроку белае футра, і сплюнуў.
– Каб яго трасца, – сказаў. – Здаровы, сабака! Хто ж ведаў, што гэтая страшэнная паскуда не проста нашаму Прануку з п’яных вачэй прымроілася!
– Не ўсе ж п’юць, як ты, васпане, – холадна адказаў яму гарбаносы Пранук, што абапіраўся на лук вышэй па адхоне. Дубыніч толькі крэкнуў, закаціўшы вочы, а пасля кіўнуў Ільзе:
– Ты як, малая? Рукі-ногі, гляджу, на месцы.
Ільга паціснула плячыма.
– Нішто сабе.
Пра цеснае кола інею расказваць не хацелася: падалося, што варта толькі згадаць той злавесны холад – і ён пачуе, знойдзе, вернецца. Грудзі прашыла болем – быццам ажыла ўнутры, заварочалася льдзістая іголка. Ільга прыкусіла вусны, каб не ўскрыкнуць, сцялася, скрыжаваўшы на грудзях рукі, па меры ўласных сіл засланіўшыся ад варожага холаду.
– Ты з ім размаўляла, ці падалося мне? З ваўком-ат? – бурчэў Дубыніч, пінаючы хваёвую шышку. – Бач ты, каб цябе трасца, шляхетную кампанію знайшла, – уздыхнуўшы, дадаў са скрухаю, з непадробным шкадаваннем: – Такое футра – проста цуд, і калі яшчэ здабудзеш, і куды гэтыя праклятыя сабакары падзеліся, калі патрэбныя.
Пранук тым часам, прысеўшы на кукішкі, уважліва прыглядаўся да слядоў і ўсё нешта незадаволена прыцмокваў языком. Ільга зірнула на дальнія хмызы, на здзіўлены твар Тамаша, на дваіх-траіх азяблых і злых паляўнічых – і задала першае пытанне, якое трапіла ў галаву, абы адцягнуць іх увагу ад ваўка:
– А… як там з секачом, панове?
І, што называецца, пацэліла ў яблычак.
Твары ў паляўнічых раптоўна скіслі, плечы самі сабой апусціліся. Відно было, што паляванне сёння не задалося.
– Свіння твой сякач, – працадзіў скрозь зубы Дубыніч.
Адзінец, аказваецца, выскачыў упрост перад ягоным носам. Хаваўся, шэльма, у яміне за вываратнем, чакаў зручнага моманту. Страшны, брудны, ледзь не абымшэлы, як стары валун, выкаціўся са сваёй схованкі з хрыплым віскатам, падмяў і раскідаў шасцярых хартоў, аднаму ці двум прадзіравіў бок ікламі. Спрабавалі ўзяць рагацінамі – куды там! Спрытны, выкрутлівы, хай сабе ўвесь заплыў тлушчам. Стрэлы па шкуры толькі і слізгаюць, мо адна якая патрапіла-такі, ды што яму з адной будзе? Так, паказыча і пазлуе толькі. Сякач і раззлаваўся, панёсся на лучніка, быццам той баявы таран. Лучнік, праўда, адскочыў – амаль што, але на нагах не ўтрымаўся, пакаціўся, як куль, фізію памяў. А сякач, не будзь дурны, назад паварочваць не стаў, рушыў, рохкаючы, уніз, да вады. Балотам і сышоў: харты, тыя, што цэлыя, след згубілі.
– Быццам сурочылі, каб яго трасца, – Дубыніч скрывіў вусны. Пранук шматзначна варухнуў бровамі.
– А мо і праўда сурочылі, васпане.
– Ну? – недаверліва працягнуў Тамаш.
А Пранук, надзьмуўшы шчокі, зачасціў, што разумець трэба, гэта не жартачкі і што ён, Пранук, адразу даўмеўся: справа тут нячыстая. Бо так не бывае, каб жывое па зямлі ішло, а слядоў не пакінула.
– Ну-у? – зноў працягнуў Дубыніч, скрывіўшыся.
Гарбаносы, перад ім зусім маленькі і кволы, пераканана даводзіў сваё, тыцкаючы крывым пальцам у зямлю, і ўрэшце глыбакадумна дадаў:
– Ёсць, васпане, такія звяры, каторыя не надта і звяры.
Дубыніч адно адмахнуўся, заўважыўшы, што да дзікіх мясцовых баек яму справы мала. Сляды, аднак, вывучыў – і Ільга, што ледзь не поўзала па твані разам з ім, таксама пабачыла: ваўчыны след ішоў роўненька да таго месца, дзе воўк стаяў перад Ільгою. А пасля таго знікаў і далей нідзе не з’яўляўся, быццам драпежнік анідзе і не ступаў на зямлю, не кранаўся кустоўя, не прымінаў лозаў. Тамаш задуменна шчыпаў кучаравую бараду і скоса паглядаў на Ільгу, аднак так нічога і не казаў. Іншыя паляўнічыя пераглядаліся, але і яны маўчалі, ды і самой Ільзе гаварыць не хацелася. Таму балбатаў адзін Пранук – збольшага паўтараючы ўжо сказанае пра звяроў, якія насамрэч, вядома, ніякія не звяры, а толькі такімі здаюцца.