На самым версе быў пакой, асветлены зыркім агнём у каміне. Мой цень на сцяне выкруціўся і пачварна разросся, а агонь сярдзіта патрэскваў і сіпеў, сыпаў непрыемнымі, калючымі іскрамі. Бадай, адзіны з усіх вартавых у гэтым замку, які не спаў.
– Ну, ну, – сярдзіта шапнуў я агню. – Мяне сюды паклікалі, ясна?
Побач з камінам на мядзведжай шкуры стаяла калыска, і ў ёй спала, падклаўшы дробны кулачок пад шчаку, дзіця. Побач з дзіцем у фатэлі спаў і Падвей – гэты значна пасталеў, узмужнеў і, здаецца, пазмрачнеў. Спаў трывожна, хмурыўся ў сне і абяссілена варушыў пальцамі на ручцы фатэля, быццам марна спрабаваў схапіць чыюсь руку.
Марэна стаяла далей ад каміна, ля акна ў алавянай аплётцы, глядзела на дождж і нават не азірнулася, калі я ўвайшоў. Сукня на ёй была цяжкая і пышная, з зялёнага аксаміту, і валасы падабраныя наверх, узбітыя ў дзіўную высокую прычоску.
– Едзем, князёўна, – сказаў я, працягваючы ёй руку. Не пытаўся, а сцвярджаў, бо яна сама менавіта дзеля гэтага паклікала мяне сюды.
– Едзем… – глуха адказала Марэна. Павярнулася на абцасах, закручваючыся вінтом, і на імгненне стала языком белага агню, і выслізнула з нязручнай сукні, так што валасы ўкрылі яе, быццам вогненна-залаты плашч. Князёўна, зноў ззяйкая і серабрыста-белая, безуважна пераступіла цераз скамячаны аксаміт на падлозе і абаперлася на мой локаць.
– Едзем! – паўтарыла весела, усміхаючыся так, што на белых шчоках паўмесяцамі прарэзаліся ямінкі.
У калысцы тоненька і жаласна заплакала дзіця. Падвей варухнуўся ў сне, прашаптаў нешта, але не прачнуўся.
– Хутчэй, – папрасіла Марэна, калоцячыся, як ад холаду. – Прэч адсюль.
Я падхапіў яе, і мы пранесліся праз увесь замак, быццам парыў ветру. Вараны конь ужо чакаў нас, біў капытом, высякаючы іскры. Над самым замкам зноўку ўспыхнула блакітнае зарава, і пакаціўся, кульгаючы, гром. Мы пакаціліся прэч разам з ім, аглушаныя грымотамі, і князёўна, якую я пасадзіў перад сабою, аніводнага разу не азірнулася. Раз-пораз яе плечы скаланаліся, але твару яе я не бачыў, таму не магу сказаць – плакала яна ці смяялася.
Князь асабіста сустракаў яе на мяжы. Стаяў разам са світаю ля белага каменя, апаясанага пляценнем чароўных знакаў, і сярэбраная выкшталцоная вышыўка на доўгіх рукавах ягонага ўбора ззяла, быццам іней на сухой траве. І вочы ў яго ззялі таксама – халодныя, быццам іней.
Я прытрымаў гарачага каня, дапамог князёўне спешыцца. Яна адразу ж амаль бегма рушыла да бацькі. Той абняў яе, укрыў уласным плашчом з галавою.
– Мы так сумавалі без цябе, любае наша дзіця, – спакойна сказаў ёй Сотвар. – Добра, што ты нарэшце з намі.
Ён павольна правёў тонкай рукой з унізанымі пярсцёнкамі пальцамі па галаве Марэны, схаванай пад сіняй тканінай, – і абрысы фігуры пад плашчом вокамгненна зніклі. Я здранцвеў, я заскрыгатаў зубамі, сціснуўшы ў кулаку аброць. Мне падавалася, што яна і так атрымала належную навуку, пакарала сама сябе.
А князь падхапіў нешта пад плашчом і пасля рэзка сцягнуў яго долу. Трымаў на пальчатцы маленькага натапыранага белага сокала, які ўспуджана біў крыламі і крычаў.
Крычаў так пранізліва і жаласна, што разрывалася сэрца.
– Косткасей, – князь падняў яркія шэрыя вочы на мяне. – Калі той чалавек з’явіцца, ты ведаеш, што рабіць.
Я нахіліў галаву. Здагадацца, чаго ён хацеў, было нескладана. Гэта чалавечыя сыны, на сваё шчасце, схільныя забываць, а мы, як і сама зямля, памятаем доўга, бясконца. Таму не ўмеем выбачаць.
Па шчырасці, я неяк падсвядома чакаў, што гэты ўпарты хлопец хутка з’явіцца. Чакаў не дзеля княжага загаду – проста гэта падавалася мне прадвызначаным зараня, яшчэ ў той дзень, калі Падвей упершыню прыехаў сюды, на мяжу.
І ён з’явіўся. Зноў прыскакаў на белым кані – узмыленым, загнаным.
Па першым інеі пайшоў да стаячых камянёў – змрочны і ціхі, з хваравіта завостранымі рысамі твару, з ценямі пад вачыма. Памежныя чары, мусіць, пазналі яго, таму што прапусцілі далей, і ён змог падняцца на курган. Стаўры пільна сачыў за ім, але не гыркнуў і не забрахаў. Таксама пазнаў.
– Я… я прыехаў па яе, чуеце? – хрыпла загаварыў Падвей, як толькі падняўся на вяршыню. – Чуеце? Я прыехаў па сваю жонку. Марэна!
Ён кідаўся то ў адзін бок, то ў другі, і клікаў князёўну, і прасіў, і нават пагражаў. Не варта было чакаць, пакуль камяням шумны чужынец надакучыць, і яны вырашаць самі ад яго пазбавіцца, таму я зрабіў крок з ценю насустрач чалавеку.
– Я ж калісьці раіў табе вяртацца, адкуль прыйшоў, – змрочна сказаў. І, не стрымаўшыся, працадзіў з сэрцам: – Д-дурань!
Падвей здрыгануўся ўсім целам і ўтаропіўся ў мяне.
– Кашч Меднабароды, – успомніў, нараспеў вымавіў маё імя. І дадаў павольна і глуха, быццам размаўляў у сне: – Яна не прыйдзе, так?
– Не прыйдзе, – кіўнуў я.