Увесну, калі на рацэ нарэшце крануўся лёд, калі прыдворныя паэты зноў пачалі перапяваць старыя песні пра старыя бойкі на новы лад, я пакінуў Двор і вярнуўся да сваёй варты на мяжы. Верны Стаўры шэрым ценем бег за мною, пераскокваючы лужыны ад расталых сумётаў, а дні большалі, і на чорных галінах бяроз ля дарогі абуджаліся да жыцця пахкія пупышкі. Пушча ажывала таксама, напаўнялася галасамі, і рухам, і колерамі, і вячыстыя дрэвы суха рыпелі, нібыта распраўляючы плечы. На курганах з вільготнай чарнаты праклёўваліся тонкія зялёныя парасткі новых траў, а на стаячых камянях, упрост на рунічным пляценні, да паўдня трымаліся цёмныя плямы сырасці.

Лета, як зазвычай, прыходзіла амаль незаўважна, раскочвалася па свежай вясновай зеляніне палымянымі сонечнымі пацалункамі, прыгаршчамі сыпала ў зялёную поўсць травы пярэстыя кропкі кветак, і спевы жаб, і галасы конікаў. Па начах, калі паветра было цёплым і густым, як малако, калі лёгкай смугою курылася за асакою рака, на небе залатою надкушанай манетаю свяціўся месяц, а ў травы, зрываючыся з неба, падалі зоркі з вогненнымі хвастамі. Стаўры, ускінуўшы вострую пысу, уважліва сачыў за імі, такімі самымі хвастатымі, як і сам, і ціхенька, тоненька, па-шчанячы падбрэхваў.

Восенню Курганова Поле пахла мёдам, бо квітнелі верасы – белыя, ліловыя, амаль чорныя. Цэлае мора верасоў хвалявалася пад дотыкамі ветру ажно да далягляду, да цёмных зубцоў Пушчы. Камяні прагна лавілі сонечныя промні, назапашвалі цеплыню і святло, рыхтуючыся да зімы. Над курганамі павольна плылі серабрыстыя ніці павуціння.

Так прайшлі гады – тры ці мо чатыры, не магу сказаць дакладна. Мы не адчуваем час так, як чалавечыя сыны, і нават стагоддзі для нас прабягаюць амаль незаўважна, быццам пясок праз пальцы.

Сотвар з’явіўся побач са мною ў адзін з першых дзён восені – упершыню за доўгі час сам завітаў на мяжу. Выйшаў з ценю стаячага каменя, высокі, прамы. Абапіраўся на разны посах з зыркім зялёным самацветам, цягнуў за сабою ацяжэлы ад расы сіні плашч. Вецер кратаў князевы сярэбраныя валасы, і падавалася, быццам гэта – ніці павуціння.

У доўгіх ягоных пальцах адлівала срэбрам птушынае пёрка – напамін ад князёўны, доўгачаканая вестка.

– Яна жадае вярнуцца да нас, – сказаў мне князь, хаця я і так зразумеў, у чым справа. На яго тонкіх вуснах прамільгнула, як знічка, усмешка. Ён прадбачыў, што менавіта так усё і закончыцца, і вельмі цешыўся гэтым. Я згадаў упартага маладзенькага вар’ята – і яркі пагодны дзень чамусьці азмрочыўся.

Зрэшты, сам вінаваты. Ён ведаў, куды ішоў і за кім, ці не так?

– Вярні яе дамоў, Косткасей, – няголасна загадаў князь. На ягоную карону з танюткіх залатых дубовых лісткоў цяжка ўпаў, прыняўшы іх за сапраўдныя, белы матылёк.

Я моўчкі пакланіўся. Не звык разважаць над княжымі загадамі: усё-такі – вартаўнік, вой, зброя ў княжых руках. Зброі задумвацца не выпадае, яна паслухмяная руцэ, што яе трымае.

Уночы ўдарыла навальніца. Я, захутаўшыся ў плашч, нёсся на кані між неспакойных буркатлівых хмар. Імклівы вараны конь стрыг вострымі вушамі і голасна ржаў, і голас яго патанаў у грымотах. Маланка біла раз’юшана, праразаючы целы хмар, быццам дзіда, і асвятляла ўсё вусцішным блакітным ззяннем.

Белае птушынае пёрка, рассыпаючы сярэбраныя іскры, плыло перада мною, паказваючы шлях, і то рабілася іскрыста-блакітным, то блякла і зноў цьмяна свяцілася праз завесу дажджу.

Хлопчык завёз яе далёка. Можа быць, падсвядома хацеў трымацца як мага далей ад месца, якое так яго пужала. І, вядома, трымаць яе, сваю князёўну, далей адтуль. Наіўны – як быццам адна з нас, калі пажадае, не знойдзе дарогі назад, дарогі дамоў. Можа быць, ён проста не надта верыў, што ягоная абранніца калі-небудзь пажадае гэтага.

Капыты каня ўдарылі па чарапічным даху замка, а адзін узмах доўгага хваста вымусіў флюгер шалёна заскакаць і затрэсціся. Я скіраваў каня ніжэй – і падковы выбілі іскры на брукаванцы замковага дворыка. Пёрка ўспыхнула ярчэй, а пасля рассыпалася, ападаючы яркімі кропкамі долу. Значыць, тут.

Я прайшоў праз замкнёныя дубовыя дзверы, пакрочыў, бразгаючы шпорамі, па гулкіх пустых залах. Натыркнуўся вачыма на герб над камінам – напяты лук ды тры стралы. На сцяне ў пацямнелых ад часу рамах – партрэты, адзін па адным. Чалавечыя сыны, як я чуў, пакутліва прагнуць жыць вечна і таму намагаюцца ўвекавечыць хаця б сваё падабенства. Я запаволіў крок і звузіў вочы, спрабуючы знайсці ў выявах на сцяне штосьці агульнае з тым упартым Падвеем, якога памятаў.

– Косткасей… – пранёсся ледзь чутны, але настойлівы шэпт, так што я сумеўся і не стаў затрымлівацца.

Яна зараня падрыхтавалася: у замку ўсе спалі. Я прамінаў вартавых, што пасопвалі стоячы, абапёршыся на алебарды. Пакаёвак і служак, што паснулі за працаю – хто на стосе бялізны, хто ў абдымку з недачышчаным кацялком. Шэпт вёў мяне далей, да вузкай каменнай лесвіцы, што, закручваючыся, ішла ўверх.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже