Я выразна папляскаў па сваіх похвах. Падвей з прысвістам уцягнуў паветра праз зубы і раптам як ашалелы схапіўся за меч. Халоднае жалеза бліснула барваю і апісала паўкруг ля маіх грудзей, але я імкліва ўхіліўся, адступіў на крок, вышэй па схіле кургана. Хлопчык размахваў мячом, аддалена нагадваючы вятрак, моцны не майстэрствам мечніка, а адно толькі злосцю.

На злосці без майстэрства, праўда, далёка не заедзеш.

– Біся са мною! – крыкнуў гэты блазан. – Біся, калі не баішся!

Мяне называюць Косткасеем, Крыважэрным ды Воранам Бойкі. Я сапраўды адправіў у апошняе падарожжа многіх чалавечых сыноў, але то былі воі, а не звар’яцелыя падлеткі.

– Вазьмі, – не расціскаючы вуснаў, загадаў я Стаўры, і той, рыкаючы, цяжка скочыў на Падвея, паваліў долу. Яны пакаціліся разам, сабака і чалавек. Свой меч хлопчык упусціў, і той цяжка ўпаў у траву, заціх там, быццам атрутная змяя.

– Двубой! – прыглушана галасіў чалавек. – Я патрабую дву… Ай, зараза, пусці!

Непарушны Стаўры стаяў, прыціскаючы моцнымі лапамі вар’ята да зямлі, а Падвей шалёна круціўся пад ім, намагаючыся вырвацца, сыпаў лаянкай, божбамі ды просьбамі, бязладна мяшаючы адно з адным. Сабака, не звяртаючы ўвагі на ягоны лямант, пытальна паглядзеў на мяне: маўляў, і што нам з такім рабіць, дружа?

Я моўчкі паціснуў плячыма. На мой густ, назіраць за дурнямі значна весялей, чымся забіваць іх. Князь, верагодна, палічыў бы належным адразу пазбавіць няшчаснага хлопчыка пакут – і, разам з тым, засцерагчы адзіную дачку ад такога прыхільніка.

Што меркавала на гэты конт сама князёўна, я мог толькі здагадвацца. Але і здагадак маіх не спатрэбілася: я пачуў яе амаль бязважкія крокі і пазнаў гаркавы водар палыну, якім звычайна патыхала ад яе валасоў.

– Косткасей, – паклікала яна мякка.

Я павярнуўся на голас, прыкрываючы далонню вочы: сляпіла нізкае сонца. Марэна стаяла ля руннага каменя – у простай белай сукенцы, якая быццам абляпляла яе цела, з перакінутай цераз плячо касою. Падвей прыціх і (я ведаў гэта, нават не бачачы яго) глядзеў на князёўну.

Тая ішла, быццам плыла, і ад белай сукенкі сыходзіла зыркае серабрыстае ззянне, ярчэйшае за кволыя сонечныя промні. За ёю, апусціўшы галаву, ценем крочыла яе служка, панна Нешка – амаль незаўважная.

Поруч з Марэнай усе і ўсё становіцца незаўважным, быццам блякне.

– Косткасей, – паўтарыла князёўна, калі параўнялася са мною. Я паважліва схіліў галаву. Стаўры завіляў хвастом, калі князёўна мімаходзь пагладзіла яго па галаве. А Падвей усё глядзеў, не зводзячы вачэй, не варушачыся, зніякавелы. Быццам прыціснуты, раструшчаны чымсьці дзіўным, чымсьці вялікім, чымсьці, што не змяшчалася ў ім і прарывалася вонкі: радаснымі іскрамі ў вачах, і бязглуздай усмешкай, і нечым яшчэ – няўлоўным, але несумненным, адчувальным нават збоку, нават мне.

Марэна працягнула яму руку – белую, быццам азёрная лілея, руку з тонкімі пальцамі, на якіх пялёсткамі ружавелі пазногці. І Падвей аберуч за гэтую руку-лілею ўхапіўся, так моцна, як мог, быццам бы наважыўся ніколі больш не адпускаць, і падняўся на ногі, як і раней, не адрываючы вачэй ад князёўны. Тая відавочна атрымлівала ад ягонага замілавання асалоду і ледзь заўважна ўсміхалася.

– Косткасей, – сказала яна. – Я сыходжу з ім, разумееш?

– Сыходзіш, князёўна, – пацвердзіў я. – Але не разумею, дзеля чаго.

Яна толькі засмяялася – быццам зазвінелі сярэбраныя званочкі – і пайшла прэч, ласкава, але настойліва цягнучы за сабою аглушанага шчасцем Падвея. Ішла туды, дзе белы конь шчыпаў сакавітыя травы, і ніводнага разу не азірнулася.

Панна Нешка ахнула, бездапаможна азірнулася на мяне.

– Рыцар!

Напэўна, я мог бы тады штосьці зрабіць. Але падумаў: «Якая мне справа да гэтага няшчаснага хлопчыка? Яна пагуляецца з ім, як гулялася з іншымі да яго, а пасля ёй надакучыць. Ёй заўжды ўсё надакучвае. Пакуль яны маладзенькія і пяшчотныя, іх улюблёныя позіркі цешаць і радуюць, але чалавечыя сыны хутка – для такіх, як мы, – старэюць, і вянуць, і, нарэшце, паміраюць. Марэна не дачакаецца нават ягонай сталасці, не тое што старасці: не яна першая з нашых паннаў вось так лавіла песняю маладзенькага смяротнага дурня. Не першая і не апошняя».

Над курганамі і над Пушчай, як звычайна, праміналі дні. Зімою княжае паляванне высочвала баязлівых аленяў, чытаючы радкі слядоў па кнізе снежных гурбаў. Спеўна гулі сярэбраныя рагі, сокалы порстка ўзляталі з пальчатак, і ясныя панны з княжага двара, усе спрэс золатавалосыя і зеленавокія, ахалі і пляскалі ў ладкі. Спаборнічалі між сабою лучнікі, хвалячыся трапнасцю ды сілаю рук. Паляванне, Дзікі Гон, ляцела наперад, узбіваючы за сабою цэлую снежную віхуру, са свістам, грукатам і воклічамі неслася па нізкіх хмарах, і тады чалавечыя сыны шчыльней прычынялі дзверы і завешвалі вокны.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже