Трэба было яго застрашыць, сказаць, што, калі не пакіне тут лямантаваць, з ценю пад каменем могуць з’явіцца тыя, хто зусім не схільны спачуваць чалавечым сынам. Час для палявання яшчэ не настаў, але дзеля такой нагоды Сотвар быў бы толькі рады склікаць сваіх лепшых паляўнічых ды гончых. Князь наш суровы, быццам сівер, быццам снежная бура, і не мае літасці. Прынамсі, да чалавечых сыноў.
Але я бачыў вочы гэтага чалавека – вочы, у якіх нешта згасла, вочы, абведзеныя жалобнымі цёмнымі кругамі. І таму змоўчаў.
– Гэта ж усё праз пер’е? – спытаў Падвей пасля досыць працяглай цішыні.
Я ўскінуў брыво, а ён, таропка рассыпаючы словы, працягваў:
– Яе футра, дзіўнае такое футра з белага пер’я. Калі яна глядзела на гэтае футра, то рабілася… іншай. Як тады, перад тым як яна ўзнялася і паляцела ад возера. Я ж не мог…
Ён схаваў твар у далонях.
– Я ж не мог дазволіць, каб яна зноў… У нас дзіця, Кашч. А яна з гэтым сваім футрам у любы момант магла б…
Ён не змог дагаварыць: сутаргай перахапіла горла. І тады я згадаў і зразумеў.
Ува ўтульным пакойчыку на самым версе каменнай вежы востра пахла спаленым пер’ем. Няшчасны ёлуп настолькі не хацеў адпускаць ад сябе сваю князёўну, што вырашыў аддаць самую трапяткую і безабаронную частку яе зыркаму агню.
Тое, што неабачліваму чалавечаму сыну падасца футрам, адзеннем, для пярэваратня – драбок сутнасці. Ён мог бы з такім самым вынікам адрубіць ёй ногі, каб не ўцякла.
– Вяртайся дамоў, Іван Падвей з Кудравіц, – сказаў я ціха. – Таго, што ты страціў, тут болей не знойдзеш.
Не ведаю, ці пачуў мяне гэты ўпарты блазан, таму што не жадаў гэтага чуць. Але ён пайшоў прэч, згорбіўшыся, быццам пад невыносным цяжарам, і цень ад руннага каменя цягнуўся за ім драпежна і помсліва, навальваючыся зверху і паглынаючы. Праўда, нават крута замешаныя на помсце закляцці тут ужо мала што маглі змяніць: Падвей быў не толькі на мяжы Курганова Поля, але і на мяжы свету жывых. Стаўры таксама, як і я, адчуў гэта і са скрухаю завыў. Пашкадаваў. У сабак добрыя сэрцы, яны заўжды шкадуюць людзей.
А чаго шкадаваць? Неразумны хлопчык мусіў бы вярнуцца дамоў яшчэ тады, калі толькі пачуў дзіўныя дзявочыя спевы ля возера. Усё справядліва: сам аднойчы абраў гэты шлях і зараз вымушаны плаціць за гэта.
Час ішоў, год за годам, вясна за зімою, восень за летам. Як звычайна, як заўсёды. Я па-ранейшаму адбываў сваю варту і бачыў, як паступова набліжаліся, падкочваліся ўсё бліжэй і бліжэй людскія сялібы, заставаліся ў трывожным, непрыемным суседстве. Саламяныя дахі паўзрасталі зусім блізка, там, за ракою, на невысокіх узгорках. Зыркія агні ў ачагах пільна вартавалі іх, з комінаў падымаліся, слаліся па ветры хвасты дымоў. У кузнях молаты кавалі жалеза, цяжка ўздыхалі кавальскія мяхі. Рэха адбівалася ад нямоўчнай рачной вады, блытаючыся ў трыснягах, і заносіла гукі сюды. Голас халоднага жалеза быў выразны, разборлівы:
– На згу-бу, на згу-бу.
Пра Падвея з Кудравіц я кінуў думаць. Што нам да чалавечых сыноў і іхніх нягод? Мы з’явіліся тут, на гэтай зямлі, даўным-даўно, значна раней за іх далёкіх продкаў. Мы былі тут спрадвеку, плоць ад плоці гэтай зямлі, і будзем тут яшчэ доўга, пакуль неба зноў не паяднаецца з морам. Мы лётаем на крылах ветру, расколваючы спевам паляўнічых рагоў зімовыя завеі, мы бязважка крочым праз сны, мы водзім карагоды пад зорамі. Слухаем, як павольна цячэ жыццё ў травах і дрэвах, мы сплятаем словы ў чары і пяём між сваіх камянёў, вітаючы месяц ці славячы сонца. Мы доўга адстойвалі сваё спрадвечнае права жыць тут, і наша зямля ўдосталь напоена і нашай, і чалавечай крывёю.
Я сапраўды кінуў думаць пра ўпартага хлопчыка і ягоную князёўну. Я адвечны вартаўнік, вой на мяжы ценю, меч у княжай руцэ. Толькі і ўсяго, не болей і не меней.
У пагодныя дні з ценю пад каменем выходзіла ціхая Нешка – маленькая панна з княжага двара, прыслужніца князёўны. Асцярожна выцягвала за сабою вялікую клетку з залатымі прутамі, ставіла ў траву на вяршыні кургана. Белы сокал сядзеў на жэрдцы, натапырыўшы пер’е, ціхі і безуважны, амаль мёртвы. Нешка сядала побач, падкруціўшы пад сябе босыя ногі. Глядзела на дымы з людскіх ачагоў, слухала покліч халоднага жалеза ў кузнях.
– Яны ўсё бліжэй і бліжэй, рыцар.
– Бачу.
– А што будзе, калі…
– Кепска.
Нешка маўчала. На яе белай шчацэ з дробнаю цёмнаю радзімкай пад вокам танчыў сонечны зайчак. Вецер гуляўся з яе вышываным падолам, блытаў пасмы залацістых валасоў, і ёй даводзілася раз-пораз падымаць руку, цярпліва закладаць іх за маленькае ружовае вуха – завостранае, быццам лісток ліпы. Белы сокал не глядзеў на сялібы – не зводзіў вачэй з далягляду, дзе чарнела Пушча.
– Як думаеш, рыцар, ён… ну, той самы, ён вернецца?
Яна далікатнічала, не называла імя, пыталася шэптам. Я глядзеў на сумнага белага сокала, успамінаючы колішнюю князёўну, быццам выхапленую слупам серабрыстага святла.
– Не.
Я быў упэўнены, таму што ведаў: людзі з таго апошняга падарожжа не вяртаюцца. Нешка ўздыхала, абдымаючы тонкімі рукамі калені. Стаўры сядзеў каля яе, прыязна паглядаючы залатымі вачыма, дазваляючы гладзіць кудлатую поўсць на спіне.