Пакуль жыла маці, усё, здавалася, ішло сваім парадкам: дачка дагледжана, у кватэры чыста, абед згатаваны… Акімаў не піў. Не піў і не жыў. Усё выгарала ў ім, усё дазвання, нават попелу не засталося. Ён ездзіў на сваю аўтабазу, нешта там рабіў, вяртаўся дамоў, еў, спаў… Дзень за днём. I месяц за месяцам, не чалавек — машына, якой суджана рухацца, пакуль не сядуць акумулятары. Дачка жыла недзе побач, не толькі ў другім пакоі, але і ў другім вымярэнні. Ён бачыў, што жывецца ёй нармальна, што ў яе ёсць усё, што маюць другія дзеці, хіба акрамя матчынай ласкі, але даць ёй новую маці ён не мог, ды і Вераніка была ўжо досыць вялікая, каб не прыняць яе. Ён зноў адчуў сябе калекам, глядзеў на адзінокіх жанчын, якія спрабавалі пазнаёміцца, зблізіцца з ім, з варожай падазронасцю, міжвольна параўноўваў іх з Верай і адчуваў, што такой яму ўжо не знайсці.
Вераніка пабойвалася яго, хмурага, маўклівага, злоснага. Часам, праз дзвярную шыбіну ў яго пакой, яна бачыла, як бацька плача, паклаўшы галаву на белы абрус, а бабуля гаворыць яму нешта добрае, ласкавае і гладзіць сухой, як птушыная лапка, рукой па ўскудлачаных валасах,— і тады ёй таксама хацелася плакаць, немаведама чаму, і яна зашывалася ў цёмны куток і, здаралася, засыпала там, наплакаўшыся да знямогі, але назаўтра зноў свяціла сонейка, і тата глядзеў на яе сумнымі вінаватымі вачыма, а бабулька завіхалася ля пліты на кухні… Звычайныя клопаты, звычайнае чалавечае жыццё.
Настасся Адамаўна памерла ціха, непрыкметна, як і жыла: заснула і не прачнулася. I адразу ўсё рухнула. Гэта быў апошні ўдар. якога Акімаў ужо не вытрымаў. Ён запіў. Спачатку дома, па вечарах, закрыўшыся на ключ у сваім пакоі, а потым і на рабоце.
На аўтабазе доўга шкадавалі яго, прасілі, угаворвалі. Усе разумелі: выгані — так і загрыміць, не ўтрымаецца. Пра заслугі ягоныя памяталі, пра тое, як у самы цяжкі час не даваў машынам стаяць, чорт ведае з чаго ляпіў, выпускаў на лінію… Але ўсё гэта не ратавала: варта было запіць начальніку майстэрні, як запілі рамонтнікі, з-за іх недагляду адбылося некалькі аварый з чалавечымі ахвярамі, і ўрэшце Акімаву прапанавалі звольніцца па ўласным жаданні.
3
Аднае пенсіі на гарэлку не хапала. А яшчэ ж была Ніка, яна ўжо вучылася ў восьмым класе, яе трэба было апранаць, сачыць за тым, каб у дзяўчынкі былі грошы на ўсё неабходнае. I Акімаў пачаў паціху халтурыць. Яго гараж неўзабаве ператварыўся ў сапраўдны аўтаклуб. Туды з’язджаліся аўтааматары з усяго горада. Аднаму трэба было адрэгуляваць клапаны, другому — запальванне, трэцяму выправіць пабітае крыло… Грошы пацяклі ракой. Мікалай Сцяпанавіч, не лічачы, даваў іх дачцэ: рабі што хочаш, вялікая ўжо.
Гатаваць Вераніка ленавалася, ды Акімаў і не патрабаваў ад яе гэтага, яму хапала кавалка хлеба, кілбасы або бляшанкі кансерваў, а яна абедала ў школьнай сталоўцы, а вячэрала ў суседнім кафэ. На зайздрасць прыяцелькам, якіх бацькі трымалі, што называецца, у яжовых рукавіцах, Вераніка была сама сабе гаспадыня. Сама купляла дарагія і модныя сукенкі, спадніцы, курткі і туфелькі, прыносіла ў школу поўную сумку цукерак, першая сярод дзяўчынак пачала ўжываць касметыку.
У школе яе лёс трывогі не выклікаў: дзяўчынка рослая, самастойная, добра апранутая, вучыцца без двоек, заняткі не прапускае, ходзіць у гімнастычную секцыю,— што яшчэ трэба? Канечне, расце без маці, і бацька як быццам злоўжывае гарэлкай, але ж на дачцэ гэтага не адбіваецца. Ёсць куды горшыя сем’і. Не так ён, відаць, і п’е, гэты Акімаў, калі Вераніку не трэба бясплатна карміць у школьнай сталоўцы. Ну, а што яна трошкі распешчаная ды разбэшчаная, што ранавата пачала злоўжываць памадай, лакам і ценямі, дык усе яны цяпер такія — акселераты…