Гэта быў самы доўгі ўрок у яе жыцці. Калі нарэшце празвінеў званок, Вераніка ўстала, узяла сваю сумку, быццам ведала, адчувала, што больш ніколі сюды не вернецца, і, незалежна ўскінуўшы галаву, выйшла з класа.
Яны моўчкі ішлі побач па шырокім калідоры, і школьнікі, што, як гарох, высыпалі са сваіх класаў, пачціва расступаліся перад імі. У канцылярыі, адкуль вялі дзверы ў яе кабінет, Валянціна Іванаўна коратка кінула Тэрэзе Восіпаўне: «Да мяне — нікога!» — прапусціла Вераніку і, відаць, на ўсялякі выпадак павярнула ключ.
— Сядай!
Вераніка панура села за доўгі стол. Ад яе фанабэрыстасці не засталося і следу: у кабінеце дырэктара сядзела разгубленае дзяўчо, якое з хваляваннем чакала, што з ёю зараз будзе. Але, ахопленая гневам і агідай, Валянціна Іванаўна не бачыла гэтага. Перад ёю былі сама разбэшчанасць, атрута, ракавая пухліна, што пагражала знішчыць усё тое, чаму яна аддала сваё жыццё, і адзінае, пра што яна думала: ці паспела гэта пухліна пусціць метастазы, ці закранулі яны душы іншых дзяўчынак з 10 «Б».
— Дастань ручку, паперу. Дастала? Пішы. Дырэктару школы Жураўскай В. I. Так. 3 другога радка. Вучаніцы дзесятага класа «Б» Акімавай В. М. Заява. У сувязі з цяжкім матэрыяльным становішчам… Пішы, пішы! Напісала? …прашу памагчы мне ўладкавацца на работу і перайсці вучыцца ў вячэрнюю школу. Кропка. Подпіс.
— Я не буду гэтага пісаць,— ціха, амаль бязгучна, сказала Вераніка.— Я… Я хачу вучыцца тут. Вы не маеце права! Я — дарослы чалавек, у мяне ёсць пашпарт…
Валянціна Іванаўна ўздыхнула.
— Так, ты — дарослы чалавек. Зусім дарослы. А тут вучацца дзеці. Хоць у іх таксама ёсць пашпарты. Разумееш? I табе няма чаго сярод іх рабіць. Ім нельга дыхаць адным з табою паветрам, а не тое што разам вучыцца.
— Што ж я такога зрабіла? — Вераніка ўзняла вочы і сустрэлася позіркам з Валянцінай Іванаўнай. Дырэктар глядзела на яе з такой агідай, што яна ўзлавалася.— Што я такога зрабіла, што вы гоніце мяне са школы? Забіла, украла, абразіла? Чаму вы не пацікавіліся: можа, яны не мае, гэтыя пілюлі?
— Мяне гэта не цікавіць. Твае, не твае — якая ўрэшце розніца? Я не збіраюся з табою спрачацца — у мяне няма для гэтага ні жадання, ні часу. У цябе няма выйсця, ты напішаш гэту заяву, і ўсё, што адбылося, застанецца паміж намі, даю табе слова. Больш таго, я сёння ж дамоўлюся ў камісіі па справах непаўналетніх, каб цябе ўладкавалі на работу, і перадам у вячэрнюю школу твае дакументы. Калі ж ты адмовішся пакінуць нашу школу, так сказаць, добраахвотна, я вымушана буду паставіць пытанне пра цябе на педсавеце і цябе выключаць за амаральныя паводзіны. I тут ужо пазбегнуць розных непрыемных размоў не ўдасца. Вядома ж, яны дойдуць і да тваіх аднакласнікаў, і да твайго бацькі. Не думаю, што гэта якраз тое, чаго ты сама хочаш. Урэшце, мая прапанова прадыктавана клопатам пра тваю будучыню.
— Ах, якая вы клапатлівая! — з’едліва ўсміхнулася Вераніка: зразумеўшы, што ўсё скончана, што са школы так ці інакш яе выпруць, яна супакоілася.— Якая вы добрая і спагадлівая… Доўга я буду памятаць вашу дабрату. Між іншым, шчыра кажучы, мне даўно ўжо абрыдала ў вашым куратніку.— Яна падпісала заяву і ўстала з-за стала.— Але дарэмна вы лічаце наш дзесяты «Б» дзецьмі. Вы ведаеце пра нас толькі тое, што самі хочаце ведаць, а мы ўжо даўно выраслі з кароценькіх спаднічак і штонікаў. А цяпер — аддайце мае пілюлі. Ці, можа, яны вам самой патрэбны? Дык іх у нашай аптэцы навалам, рубель пачак.
Валянціна Іванаўна паклала заяву ў сейф, дастала з кішэні пачак і грэбліва кінула на стол.
— Заўтра ў тры гадзіны прыйдзеш на пасяджэнне камісіі ў райвыканком. Толькі знімі гэтыя транты, для «цяжкага матэрыяльнага становішча» яны занадта шыкоўныя і дарагія.— Яна адамкнула дзверы.— Ідзі дамоў, у класе табе больш няма чаго рабіць.
Праз тыдзень Вераніка ўжо працавала вучаніцай прадаўца ва універсаме і хадзіла ў вячэрнюю школу. У 10 «Б» так ніхто і не ведаў, што адбылося паміж ёю і Валянцінай Іванаўнай, чаму яна раптам кінула школу. А Вераніка, каб не гаварыць пра гэта, старанна пазбягала сваіх былых сяброў і сябровак.
РАЗДЗЕЛ ДЗЕСЯТЫ
1
Валянціна Іванаўна вярнулася на Юбілейную плошчу, дачакалася свайго аўтобуса. Было шэсць гадзін, пікавы час, аўтобус прыйшоў перапоўнены, але натоўп падхапіў яе, занёс у адчыненыя дзверы, а ўжо там нейкі немалады мужчына далікатна саступіў ёй месца. «Добра ж, відаць, я выглядаю, калі мне даюць месца, як якой-небудзь бабульцы»,— падумала яна, але падзякавала і села. Заходзілі і выходзілі пасажыры, вадзіцель называў у мікрафон прыпынкі, над самай галавой суха шчоўкаў кампосцер, абсыпаючы яе дробным дожджыкам канфеці,— яна нічога не бачыла і нічога не чула. Чамусьці гагрынская набярэжная мроілася ёй, з натапыранымі мяцёлкамі пальмаў і вялізнымі белымі кветкамі магнолій, і яна з Арсенам ішла па гэтай набярэжнай і смяялася, смяялася… 3 каго або чаго?..