— А якраз як твая стыпендыя, чатыры сотні. Я і харчавалася там, і з сабою ў педвучылішча прыносіла, дзяўчат падкармлівала. Ты нават не ўяўляеш, колькі рознага дабра застаецца на талерках. Не моршчыся, я аб’едкаў не падбірала, можа, толькі першыя дні… Вельмі ж у дзіцячым доме згаладалася. А потым… Кліенты як панапіваюцца, ім нічога ў горла не лезе. А афіцыянткі мяне шкадавалі, ведама ж — сіротка, ды і Аксана Фёдараўна… Прынясуць некранутае: «Паеш, Валечка, можа, вывучышся, чалавекам станеш, не век жа табе тут, у брудных ночвах, плёхацца. Некалі і нас добрым словам успомніш».— Валянціна ўздыхнула.— Пяску на вочы насыплюць, можа, тады я іх забуду. I Аксану Фёдараўну, і цётку Марылю, і Танечку… Не змагла б я без іх вучыцца, кінула б даўно, на якую фабрыку ўладкавалася б… А мне ж так хочацца стаць настаўніцай… Мае бацькі былі настаўнікамі, тата гісторыю выкладаў, а мама — у пачатковых класах… Вось так, Арсен, з гэтага я і жыла. А калі табе сорамна са мной, што я посуд мыю ды з чужых талерак ем, дык будзь здароў, пашукай другую. Можа, дачка якога міністра трапіцца ці акадэміка — ім хлеб зарабляць не трэба. А не захочаш шукаць, усё роўна заўтра не прыходзь ды і пасля таксама, хіба што днём на хвілінку. Я зноў у рэстаран пайду, вельмі хочацца да выпускнога вечара новую сукенку пашыць, не надзяваць жа чорную…

У шэрых вачах яе стаялі слёзы, і ён цалаваў гэтыя вочы, задыхаючыся ад пяшчоты, ад спагады і жалю, ад таго, што не можа купіць ёй новую сукенку да выпускнога вечара і пачаставаць у тым самым рэстаране, не ў закутку пры кухні, не з чужых талерак, няхай сабе нават і некранутых, а ў прыгожай зале, пад крыштальнымі люстрамі, дзе сам ён, дарэчы, яшчэ ні разу не быў.

— Вось чаму ў цябе такія рукі,— глуха сказаў ён.— А я ўсё думаў, усё не мог зразумець, чаму ў цябе такія маршчыністыя рукі, як быццам чужыя, як рукі маёй мамы…

— Таму, вядома,— Валянціна асцярожна пацерла рукі, вялікія, амаль мужчынскія, з доўгімі дужымі пальцамі.— Патрымай іх тры гады ў гарачай тлустай вадзе, у содзе, і ў цябе такія будуць. Але нічога, я сваіх рук не саромлюся. Затое не крала імі, кавалка хлеба ў людзей не прасіла. Працавала.

Ён узяў яе рукі і прыціснуў да твару.

— Пацярпі,— прашаптаў ён.— Мне абяцалі месца ў газеце, тады я адразу ж перавядуся на завочнае, і мы пажэнімся. I табе больш ніколі не трэба будзе мыць посуд. Я ўсё жыццё буду сам мыць посуд, каб ты забылася на гэ-та. Я куплю табе столькі сукенак, што ты не будзеш ве-1 даць, куды іх падзець. Дай мне толькі пачаць працавацц

— У нас у красавіку размеркаванне. Зашлюць мянеі куды-небудзь на Палессе — і ўсё наша каханне скончыццаі Вось так, Арсенка. 3 вачэй далоў, з сэрца вон.

— Ты — пра сябе?

— Не, пра цябе.

— Мы пажэнімсч, і табе дадуць свабодны дыплом. Так заўсёды робіцца, я ведаю. Школ у Мінску багата, без работы не застанешся.

Яна адвярнулася.

— Дай бог нашаму цяляці воўка з’есці.

— Ды ты хоць пойдзеш за мяне?

— Пайду. 3 заплюшчанымі вачыма. Хоць на край свету. Я кахаю цябе.

— Скажы гэта яшчэ раз,— папрасіў Арсен, зазіраючыі ёй у вочы.— Чуеш? Я прашу цябе…

У сакавіку ў газеце вызвалілася месца літсупрацоўніка сельскагаспадарчага аддзела, і Арсена ўзялі на работу. Ён перавёўся на завочнае аддзяленне, а неўзабаве яны з Валянцінай занеслі ў загс заяву. Ім далі месяц на роздум, хаця, здаецца, чаго там было думаць… Усё тысячу разоў перадумана і вырашана. Але закон ёсць закон.

Тыдні праз два пасля гэтага Арсен павёз Валянціну пазнаёміць з маці. Быў ён родам з Бабруйска, там скончыў школу, адтуль прыехаў у Мінск, ва універсітэт. Яго бацька, Міхаіл Сяргеевіч Жураўскі, лётчык, камандзір эскадрыллі, у трыццаць сёмым годзе загінуў у Іспаніі. Арсен быў тады яшчэ зусім малы і амаль не помніў яго, ведаў толькі па фотаздымках. Маці, Лідзія Трахімаўна, як засталася ўдавой у дваццаць тры гады, так больш замуж і не выйшла, хаця і перад вайной, і пасля вайны да яе не раз сваталіся мужчыны. Усім адмаўляла, баялася, што кепска будзе сыну з чужым чалавекам. Працавала яна швачкай на фабрыцы, трошкі шыла дома, з таго і жылі. Старэнькая швейная машына «Зінгер» памагла ім перабедаваць вайну, акупацыю, не дала памерці з голаду…

Пакуль перапоўнены людзьмі цягнік нетаропка поўз да Бабруйска, спыняючыся каля кожнага слупа, Арсен расказваў Валянціне пра свой ціхі і зялёны горад, амаль дашчэнту спалены і разбураны фашыстамі, пра жоўтыя пляжы Бярэзіны, пра сваю школу… Чым бліжэй яны пад’язджалі, тым больш ён нерваваўся, надоўга замаўкаў, выходзіў у тамбур курыць.

— Баішся? — здагадалася Валянціна і адчула, што і сама баіцца гэтай паездкі, баіцца чужой, незнаёмай жанчыны, якая павінна стаць ёй мамай. Як яна сустрэне сваю будучую нявестку, ці ўпадабае? А раптам не? Што ж тады будзе? Як тады жыць?..

Перейти на страницу:

Похожие книги