Калі яны ўваліліся ў кватэру, Тамара, жонка Лаўрыновіча, ажно войкнула з перапуду. Была яна жанчына дужая, грэнадзёрскага росту, з магутнымі рукамі і нагамі, з дзявочым румянцам на гладкіх шчоках і чорнымі вусікамі. Пад блузкай у Тамары калыхаліся неабдымныя грудзі. Побач з ёю каратканогі, хаця даволі тоўсценькі, мардасценькі Васіль здаваўся ўкормленым падлеткам, не мужам, а старэйшым сынам. Баяўся ён жонкі, як агню, выпіўшы з сябрамі, ніколі не лез у спальню, а ціхенька масціўся на кухні, каля батарэі, на старым кажушку. Ён сам з рогатам расказваў, як аднойчы прывалокся дадому, ледзь трымаючыся на нагах, і толькі гэта па старой звычцы паслаў на падлозе кажушок, як пачуў жончын голас: «Васіль, дзе ты? Хадзем у пасцелю, Васіль, мы ж разам на дні нараджэнні былі!» «Першы раз на паддатку пераначаваў у сваёй пасцелі! — выціраў ад смеху слёзы з вачэй Васіль.— I як я забыўся, халера ясная, што мы сапраўды разам на дні нараджэння ў Арсена былі!»

Арсен любіў свайго універсітэцкага аднакашніка і сябра за лёгкі нораў, за ўменне пасмяяцца з самога сябе, а не толькі з іншых, за гатоўнасць аддаць таварышу апошнюю сарочку з пляча. Вечна ён трапляў у нейкія недарэчныя становішчы, вечна пра яго расказвалі анекдоты. Неяк з ганарару п'яны Васіль купіў парсюка, прывёз у гараж да Жураўскага, разабраў, пасаліў сала, упарадкаваў мяса, а потым усю зіму прадаваў жонцы свініну. Як нядзеля, Тамара дасць грошай, выправіць яго ў магазін, а Васіль шусь у гараж, адрэжа колькі трэба сала, мяса, а грошы прап’е. «Хлопцы,— рагатаў ён,— гэта ж найлепшае змяшчэнне капіталу! Я ж на тыя грошы ўжо даўно забыўся б, а так — і дома са скваркай, і свежая капейка кожны тыдзень у кішэні…» Журналіст слабаваты, пісаў ён рэдка, больш апрацоўваў матэрыялы селькораў, мала зарабляў, нікуды не лез. На ўсё ў Васіля быў адзін адказ: «Наша дзела цехнічаскае — выпіць і закусіць!» Каб не Тамара, дык, пры яго схільнасці да «зялёнага змія», Васіль ужо даўно загінуў бы. Ён разумеў гэта і дома быў ніжэй травы, цішэй вады. Ласкавы, паслухмяны, і ў кватэры прыбіраў, і есці варыў, і з дзецьмі гуляў. «Тамарачка, Тамарачка,..» — толькі яна ад яго і чула, і найбольш ласкавасць, паслухмянасць гэта Тамару з ім і мірылі.

А Тамара, здавалася, самой прыродай была створана, каб раджаць, карміць і даглядаць дзяцей. У Лаўрыновічаў іх ужо было трое, і Тамара чакала чацвёртага. Гэта не лічачы самога Васіля,— а кім ён яшчэ быў як не яе дарослым, але не зусім удалым дзіцем: іх жа, не зусім удалых, звычайна і любіш, і шкадуеш больш за іншых, ім куды больш патрэбны твая любоў і ласка. Працавала Тамара ў дзіцячым садзіку выхавацелькай, далей педвучылішча не пайшла: дзе ёй было думаць пра вышэйшую адукацыю з такой камандай! А так — і дзеці дагледжаныя, і сама сытая: не мела Тамара на каго асабліва спадзявацца.

Вось такая была сям’я, куды хворага Жураўскага прывёз таксіст, ратуючы ад адзіноты і адчаю,— болей не было яму куды ехаць.

3

Тамара пазваніла Валянціне, і вечарам тая прыехала да Лаўрыновічаў. Па дарозе яна завярнула дадому, каб пакінуць там сшыткі, убачыла на кухні ў памыйным вядры скамечаныя рэцэпты і лекі і здагадалася, якая муха ўкусіла Арсена.

— Ты звар’яцеў,— ціха гаварыла яна, седзячы на табурэтцы каля канапы, на якой ён ляжаў, адвярнуўшыся да сцяны: Лаўрыновічы забралі дзяцей і далікатна перайшлі ў другі пакой, каб не замінаць ім.— Я ніколі не думала, што ў цябе такое хваравітае самалюбства. Ну, якая табе розніца, хто прынёс тыя лекі, я ці Тэрэза, галоўнае, што табе іх прынеслі. Калі ты навучышся адрозніваць дробязі ад істотнага, гэта ж сапраўды дробязь. Каб жа я гуляла, на возера з кампаніяй паехала, у рэстаран пайшла. Такі выдаўся дзень, гэта праверка, а яшчэ нейкія бэйбусы залезлі ў кабінет музыкі і ўкралі электрагітары і ўзмацняльнікі з калонкамі, давялося выклікаць міліцыю, разумееш — міліцыя ў школе, ды яшчэ пры чужых людзях; я думала, памру, так кепска мне было. А Тэрэза сядзіць цэлыя дні і толькі язык точыць, надрукуе дзве-тры даведкі, гэткая работа… Ну, што з таго, што я папрасіла яе завезці табе лекі? Няўжо гэта такое злачынства, няўжо я так абразіла цябе, што ты збег з дому? I куды? Да Лаўрыновічаў, якія самі душацца з дзецьмі ў двух пакойчыках, а ў цябе шыкоўная трохпакаёвая кватэра, хоць сабак ганяй. Ты не проста эгаіст, мой дарагі, ты эгацэнтрыст, ты ні з кім і ні з чым не лічышся, акрамя свайго надзьмутага «я».

Не слёзы, а стома і скруха былі ў яе голасе, быццам, пражыўшы з Арсенам столькі гадоў, Валянціна толькі цяпер зразумела ўсю яго існасць і гэта разуменне цяжкім валуном легла ёй на сэрца.

Перейти на страницу:

Похожие книги