Нарэшце крызіс мінуў. Неяк раніцай ён прачнуўся і ўбачыў за акном сонца. Яркае, чэрвеньскае, яно толькі выкацілася на неба з-за высокіх будынін, што стаялі на другім баку вуліцы, і заліло палату цяплом і святлом. Было рана, суседзі яшчэ спалі на сваіх ложках: маленькі, як гномік з дзіцячых казак, стары далікатна хроп насупраць, вытыркнуўшы з-пад зялёнай коўдры сівую кудзелю барады; каля дзвярэй злева скруціўся абаранкам хлопчык гадоў, можа, пятнаццаці, а справа, цераз тумбачку ад Жураўскага, выводзіў рулады пляскатым перабітым носам нейкі дзяцюк з цяжкім квадратным падбародкам, пэўна, баксёр — магутная, як кувалда, левая рука яго, сціснутая ў кулак, звісала з ложка аж да самай падлогі. Жураўскі ўпершыню ўбачыў так выразна сваіх суседзяў, раней яны бачыліся яму нібы праз туман, і зразумеў, што выкараскаўся са сваёй хваробы, што яна адступіла. Дыхаласа лёгка і глыбока, хоць паветра ў палаце было спёртае, прапахла лекамі, нясвежай бялізнай і чалавечым потам, але Жураўскі прагна піў яго, смакаваў, быццам трапіў у чысты хваёвы лес, радаваўся, што больш не грае ў грудзях арган, не хрыпіць, не булькае, не перахоплівае тугім сырамятным аброжкам горла. Цела зрабілася лёгкае, бязважкае, здавалася, адштурхніся ад сцяны — і паляціш, адно рукамі махай, як птушка крыламі.
Вяртанне да жыцця з чорнай навалачы хваробы было такім нечаканым і поўным, што Жураўскі ледзь не заплакаў ад шчасця. Усё, думаў ён, усё. Пачнём з нуля, нічога страшнага. Толькі не вяртацца на круг, толькі не адчуць яшчэ раз, як сляпая злосць ператварае цябе ў звера. Не сышліся характарамі, так гэта, здаецца, называецца. Не, не толькі характарамі. У нас біялагічная несумяшчальнасць, яна закладзена ў нашых генах, мы ўсё жыццё будзем ненавідзець адно аднаго, няздольныя на нейкі кампраміс, бо разумеем: кампраміс знішчыць таго з нас, хто на яго пойдзе, знішчыць у ім асобу. Яна ніколі не адмовіцца ад сваіх поглядаў на жыццё, заўсёды для яе галоўнай будзе работа, школа, яна жыве, каб працаваць, а я жыву — каб жыць. Проста жыць, радавацца вось гэтаму сонцу, і ветрыку за акном, і прыязнай усмешцы. Жыццё вышэйшае за творчасць, сказаў нейкі мудрэц, а мудрацы ведаюць, што гавараць. Не такі я ўжо і стары, каб баяцца пачаць спачатку; сустрэну жанчыну, пакахаю яе, і яна пакахае мяне, будзем неяк жыць. І ўсё забудзецца, усё сплыве, як туман у летні дзень. Трэба папрасіць Васіля, каб падшукаў мне нейкі прыватны пакойчык, сапраўды, гэта свінства — навязвацца ім, хапае ў іх турбот і без мяне, ды і няма дзе ў іх жыць. Пераб’юся, пакуль аформім развод, а там відаць будзе. У калідоры загрымела: санітаркі пачалі прыборку. Потым быў абход, і нестары яшчэ, энергічны прафесар у бялюткім халаце доўга выслухоўваў і выстукваў яго, нештя дыктаваў урачам, якія пачціва тоўпіліся навокал, а рукі ў прафесара былі цёплыя, мяккія. Жураўскаму стала казытліва, і ён засмяяўся. Прафесар уздрыгнуў ад нечаканасці, таксама засмяяўся і паляпаў яго па плячы: будзеш жыць!
А потым прыйшла Алачка Чмялёва.