Арсен маўчаў, усё гэтак жа адвярнуўшыся да сцяны. Пэўна, у яго зноў падскочыла тэмпература, бо ён і чуў і не чуў Валянціну, думкі блыталіся, востра, як шылам, паролі, балела пад правай лапаткай, сухі кашаль ірваў грудзі, але ён стрымліваўся. Прыкусіў зубамі край прасціны, і ад гэтага было яшчэ горай. Падсвядома ён адчуваў, як многа горкай праўды ў яе словах, нават у тых, што прабіваліся да яго праз густы туман забыцця, але пякучая нянавісць асляпіла яго. Заяц, бязгучна мармытаў ён, механічны заяц… Не, больш я не буду бегчы за табой па крузе, я зразумеў, што гэта дарога ў небыццё. Я сышоў з дыстанцыі, я больш нічога не хачу — ні лаўраў пераможцы, ні адчаю пераможанага. Мне абрыдла гэта гонка за хімерамі, я хачу, каб нехта жыў для мяне, эгаіста, ці эгацэнтрыста, ці проста дурня, мяне ж ужо не пераробіш, які ёсць, такі ёсць,— для мяне, а не для народнай асветы або яшчэ для якой трасцы…

Валянціна захрабусцела пальцамі, была ў яе такая недарэчная звычка, потым нахілілася над ім і падняла яго галаву разам з падушкай.

— Арсен, мілы, ну, хопіць… Паздзекаваўся, і хопіць, трэба ж нейкае сумленне мець, я ж таксама не жалезная. Дай я памагу табе апрануцца, выклічу таксі і паедзем дамоў. Раніцай я падскочу ў райана і папрашу на тыдзень адпачынак. Хаця які чорт мяне цяпер пусціць, хіба што праз два дні, калі закончыцца франтальная праверка, якая ім справа да маіх балячак, але я неяк выкручуся. Вось пабачыш, я неяк выкручуся…

Ён расплюшчыў вочы, убачыў яе заклапочаны хударлявы твар — яна ўжо прыкідвала, як ёй выкруціцца, каб хоць на гадзіну вырвацца днём са школы, і сляпая шалёная злосць затапіла яго бруднай пеністай хваляй.

— Я ненавіджу цябе,— прахрыпеў ён.— Ненавіджу!

Валянціна ўстала, у яе дрыжалі, торгаліся вусны, твар зрабіўся шэры, як у нябожчыцы, адны толькі вочы гарэлі на ім, быццам падсвечаныя знутры электрычнай лямпачкай, але не пяшчота і не спагада, а пагарда ўжо была ў іх. Цвёрда і жорстка глядзела яна на Арсена, які захлынуўсі ў чарговым прыступе кашлю, быццам ставячы гэтым позіркам паміж сабою і ім нябачную бетонную сцяну, аб якую яму наканавана лёсам біцца ўсё сваё жыццё.

— Ну што ж,— холадна сказала яна, і Арсен міжвольна падзівіўся з яе ўмення валодаць сабой,— вольнаму воля,— I выйшла. Прамая спіна, высока ўскінутая галава, цвёрдыя, упэўненыя крокі…

…Якая ж ты доўгая і якая крутая, дарога ад сэрца да сэрца! Не дастукацца, не дакрычацца. Да самай далёкай зоркі, відаць, лягчэй даляцець, чым да атручанага злосцю і нянавісцю чалавечага сэрца…

Ноччу Арсену стала зусім кепска. Ён усё часцей траціў прытомнасць, трызніў, і перапуджаныя Лаўрыновічы недзе пад раніцу выклікалі «хуткую дапамогу». Ні раіцца, ні пытацца яго згоды ўрач і не падумаў, памацаў лоб і адразу ж загадаў прынесці насілкі. Мінут праз пятнаццаць Арсені ужо быў у бальніцы.

Пэўна, з тыдзень ён праляжаў пластом, не разумеючы, дзе ён і што з ім адбываецца. Не бачыў суседзяў, не пазнаваў урачоў і сястрычак. Нешта з ім рабілі: калолі, ставіліі капельніцу, прымушалі глытаць таблеткі; бездапаможны, як дзіця, Жураўскі ні на што не рэагаваў. Прыступы кашлю скаланалі яго цела, ірвалі грудзі. Калі яму чаго і хацелася, дык толькі закурыць: нейкая дзікая думка блыталася ў галаве, што вось закурыў бы «Арбіту» або што мацнейшае, прадзёр гарачым дымам бронхі і кашаль суняўся б.

Прыходзілі Лаўрыновічы, то Васіль, то Тамара, прыносілі нейкія пакункі, за тыдзень набілася поўная тумбачка; ён і глядзець на ежу не мог, не тое што есці. Валянціны не было. А Арсен чакаў яе. Начамі, калі ў галаве пасля капельніцы станавілася не так тлумна, ён з помслівай радасцю думаў, як яна прыйдзе ў палату, а ён пагардліва выганіць яе. Пры людзях, і добра, каб яшчэ ўрачы былі, сястрычкі… Каб адчуць асалоду ад яе прыніжанасці, каб канчаткова, раз і назаўсёды, парваць з ёю. Але такой радасці яна не дала яму — мінаў дзень за днём, а Валянціна не прыходзіла.

Перейти на страницу:

Похожие книги