Яны былі знаёмыя яшчэ па тым часе, калі Жураўскі працаваў у газеце. Ён добра ведаў мастака, яе першага мужа, які так недарэчна загінуў на Мінскім моры, нават на вяселлі ў іх быў, хаця не мог уцяміць, што знайшла маладая і даволі прыемная дзяўчына ў гэтым п’янтосе. Яны часта сустракаліся ў змрочных калідорах Дома друку, абмёньваліся навінамі. Алачка распытвала яго пра паездкі — якраз у той час ён многа ездзіў па краіне, пабываў на Далёкім Усходзе, на Камчатцы і на Чукотцы, на Курыльскіх і Камандорскіх астравах, яго нарысы пра экзатычныя мясціны, пра мужных і суровых людзей — рыбакоў, паляўнічых, нафтавікоў, геолагаў — выклікалі цікавасць не толькі ў чытачоў, але і ў калег-журналістаў. Акрамя экзотыкі і рамантыкі, ён убачыў там багата безгаспадарлівасці, экалагічнага дзікунства; некаторыя з мясцовых кіраўнікоў, нават высокага рангу, глядзелі на свае бязмежныя, адарваныя ад «мацерыка» ўладанні як на калонію, імкнуліся толькі браць, грэбці, чэрпаць адтуль, як з бяздоннай бочкі, нічога не даючы краю ўзамен, ператвараючы дзікую прыроду ў цывілізаваную пустыню, агідную і страшную, бо разбуралася не толькі прырода, разбураліся, руйнаваліся чалавечыя душы. Газету, а дакладней, яе рэдактара гэтыя праблемы не цікавілі, калі Жураўскі паспрабаваў напісаць пра іх, матэрыял выкінулі, а яму прыгразілі, што больш не дадуць камандзіроўкі,— ці варта марнаваць такія вялікія дзяржаўныя грошы, каб гэтую ж дзяржаву за іх яшчэ і аплёўвалі. Суровая рамантыка Поўначы, барацьба з цяжкасцямі і іх пераадоленне — вось што патрэбна было газеце, і Арсен прымірыўся, бо ведаў, што лбом сцяну не праб'еш. «Наша дзела цехнічаскае — выпіць і закусіць », як гаварыў у такіх выпадках Васіль Лаўрыновіч. Але ў калідорах, у гутарцы з калегамі адводзіў душу. Алачку яго разважанні захаплялі, ёй ужо надакучыла сядзець у карэктарскай сваёй газеты, яна марыла кінуць усё і самой паехаць куды-небудзь на востраў Шыкатан, каб там, хоць у раёнцы, паспрабаваць свае здольнасці. Жураўскі высмейваў яе: табе і рота раскрыць не дадуць, там такія зубры іклы ламалі... Лёгкія, неабавязковыя, амаль сяброўскія адносіны, хоць сябрамі яны і не былі. Адно слова: калегі. Потым ён перайшоў у выдавецтва і не бачыў Алачку даволі доўга, і вось яна прыйшла ў бальніцу адведаць яго, і гэта было так нечакана, што Жураўскі разгубіўся.
Паціскаючы яго яшчэ вялую вільготную руку, Алачка прыязна ўсміхнулася:
— Мясцком даручыў праявіць чуласць.
Жураўскі не вытрымаў, зарагатаў:
— Калі не памыляюся, мы з табой у розных мясцкомах!
— Ах, чорт, я пра гэта і не падумала,— засмяялася і Алачка, ды так шчыра і непасрэдна, што дзядок на суседнім ложку з дакорам пахітаў гадавой.— Лаўрыновіч расказваў, што вы тут лежыце адзін і паміраеце ад суму, вось я і надумала вас падвесяліць,— прызналася яна.
Пэўна, таўстун нямала чаго наплёў ёй пра мяне, падумаў Жураўскі, але гэта не засмуціла яго. А-а, ліха з ім, цяпер ужо ўсё роўна.
Лежачы на ложку, ён скоса назіраў, як Алачка гаспадарыць у яго тумбачцы. Яна выкінула ўсё, што Лаўрыновічы напрыносілі і да чаго ён нават не дакрануўся, чысценька прыбрала і выцерла там, затым, намачыўшы пад ракавінай ручнік, хутка і спрытна, хоць Арсен і адбіваўся, памыла яго, накарміла яшчэ гарачым, з тэрмаса, булёнам з кавалкам курыцы,— пасля многіх дзён, калі нішто не лезла ў горла, у яго раптам разгуляўся воўчы апетыт! — пажартавала з дзядком, расказала нешта смешнае баксёру — ён так і зайшоўся на сваім ложку, паабяцала хлопцу заўтра прынесці цікавую кнігу пра шпіёнаў і знікла, растала, калі Арсен, асалавелы, знясілены, заснуў.
Яна прыходзіла ў бальніцу кожны дзень, аж да яго выпіскі, а пратрымалі яго яшчэ тыдні з два, прыносіла ежу, кнігі, прыбірала ў палаце, расказвала нейкія навіны. Размаўлялі яны мала, Жураўскі яшчэ быў вельмі слабы, ды і пра што ім было гаварыць? Ён ужо прыкладна ведаў, што будзе далей, і моўчкі пагадзіўся з гэтым. Яму кідалі выратавальны круг, яму здавалася, што, ухапіўшыся за гэты круг, ён навек пазбавіцца ад Валянціны, ад пякучых думак пра сваё няўклюднае жыццё, пра пакойчык, які трэба знімаць і якога Васіль так яшчэ і не знайншў. Клін — клінам, ён ужо тады пра гэта думаў; клін — клінам. Ну, а наколькі трывалым, надзейным будзе гэты клін, пакажа час. Яму і ў галаву не прыходзіла, што ён можа скалечыць яшчэ адно жыццё; ніхто не зваў, ніхто не навязваўся, не маленькая, сама разумее, на што ідзе, пажывём — пабачым. Пэўна, і ў яе галаве круціліся такія ж думкі, бо калі ён нарэшце выпісаўся і, праз сілу ўсміхаючыся, сказаў: «Куды ж мне цяпер? Да цябе?» — яна паціснула плячыма і, нічога не адказаўшы, пайшла па таксі.
У Алачкі быў свой пакой у драўлянай хаце на Старажоўцы, застаўся ад мужа-мастака; праўда, з агульнай кухняй і выгодамі на двары, але яе суседзі, маладыя інжынеры, паехалі на два гады ў Манголію, так што жыла яна практычна адна.