Жураўскі прыляцеў у Мінск вечарам. Пакуль дабраўся з аэрапорта дадому, ужо добра сцямнела. Адчуваючы, як моцна калоціцца сэрца, ён падняўся на свой паверх, дастаў з кішэні ключ. Усю дарогу Арсен трымаў гэты ключ у руках, гэта быў яго талісман, яго апошняя надзея. Якое шчасце, што я не выкінуў яго, думаў ён, а ў яго дрыжалі рукі, і ключ ніяк не трапляў у шчыліну,— я ж хацеў выкінуць яго, колькі разоў хацеў, а не выкінуў, якое гэта шчасце… Хоць бы Андрэя не было дома, як я пагляджу яму ў вочы, Валянціне я неяк пагляджу, а вось яму як… Хоць бы ён загуляўся ў сяброў, а можа, ён наогул у пінерскім лагеры… божа, збаў мяне ад выпрабавання дзіцячымі вачыма!

Нарэшце замок суха шчоўкнуў і Жураўскі зайшоў у сваю кватэру. Паставіў чамадан. Праз шкло дзвярэй было відаць, што ў пакоях цёмна, што там нікога няма. Святло цадзілася толькі з калідорчыка, які вёў на кухню.

Ногі наліліся свінцом. Цяжка ступаючы, ён мінуў прыхожую, калідорчык і адчыніў дзверы на кухню.

Валянціна стаяла каля пліты, завязаўшы валасы касынкай. Яна падняла галаву на тоненькі скрып дзвярэй, убачыла яго, і ні адна жылка не ўздрыгнула на яе спакойным засяроджаным твары.

— А-а, гэта ты? — сказала яна, быццам ён вярнуўся з работы або з магазіна, куды сама яго паслала паўгадзіны назад.— Мый рукі і садзіся за стол, будзем вячэраць. Я якраз катлетаў насмажыла цэлую гару. Заўтра паедзем дя Андрэя ў Стайкі і яму адвязём.

Паслухмяна, як хлапчук, ён пайшоў у ванную, зняў пінжак, падкасаў рукавы кашулі, з шумам пусціў ваду. І застагнаў, споўз на халодную падлогу ад пранізлівага болю.

Праз нейкі час Алачка Чмялёва перайшла са сваёй газеты ў выдавецтва, дзе працаваў Арсен Жураўскі. Сустрэліся яны як старыя знаёмыя. Ніякай віны сваёй перад ёю Жураўскі не адчуваў: ён ужо даўно ведаў, што добрымі намерамі забрукаваны дарогі ў пекла.

РАЗДЗЕЛ ШОСТЫ

1

У ардынатарскай было душна. Чумакоў устаў, адчыніў акно. Прагна, аж галава закружылася, удыхнуў цёплае духмянае паветра.

Бясконцы майскі дзень дагараў. Неба ўвачавідкі цямнела, на ім вясёлым рабаціннем высыпалі першыя зоркі. Цвіў бальнічны сад, белыя і ружовыя яблынькі мякка свяціліся ў шэрым паўзмроку. Было ціха, нават птушкі замоўклі. Апусцелі алеі, альтанкі, лавачкі, хворыя разышліся па палатах. У клінічных карпусах запаліліся агні. Неяк зусім недарэчна ў гэтай насцярожанай цішы загудзеў матор. Віскнуўшы тармазамі, на пляцоўцы каля паліклінікі шынілася блакітная «Волга» прафесара Карпенкі.

3 усіх медыцынскіх і немедыцынскіх навук прафесар Генадзь Васільевіч Карпенка найбольш паважаў статыстыку. Ён даўно ўжо засвоіў для сябе простую ісціну, што начальства мяркуе пра тваю работу не па тым, як ты сапраўды працуеш, а па тым, якую даеш справаздачу. Галоўнае, каб лічбы былі ў ажуры, каб цешылі кіруючае вока, астатняе — дробязі.

Адной з галоўных лічбаў, што характарызавалі работу анколагаў, быў працэнт смяротнасці. Узначаліўшы аддзел радыёхірургіі, Карпенка павёў на гэты працэнт рашучы наступ і за два гады работы дасягнуў такіх бліскучых вынікаў, што яго імя сталі з павагай называць на розных нарадах далёка за межамі інстытута.

Між тым Генадзь Васільевіч не вынайшаў новага сродку супроць рака, сродку, які быў бы больш эфектыўны за тыя, што выкарыстоўваліся да яго прыходу. Рабіліся ўсё тыя ж аперацыі, даваліся ўсё тыя ж лекі. Проста ён стаў больш уважліва і патрабавальна адбіраць хворых. Калі аналізы паказвалі, што чалавека ўжо не выратаваць, Карпенка спакойна адпраўляў яго паміраць дадому.

Ніякага ашуканства тут не было. Безнадзейны хворы і ёсць безнадзейны, пакладзеш яго ў клініку або не. Ну, прыклаўшы вялізныя намаганні, падорыш чалавеку яшчэ некалькі тыдняў, месяцаў або нават год жыцця. Вось і ўсё. Выратаваць немагчыма, інакш і гаворкі не было б. Але што гэтыя дні, тыдні і месяцы, калі хворы асуджаны! А ён жа займае месца, на якое можна пакласці таго, каго яшчэ не позна выратаваць. Робяцца найскладанейшыя аперацыі, выдаткоўваюцца каштоўныя прэпараты, якіх пастаянна не хапае, трацяцца час і сілы ўрачоў — навошта? Каб потым у секцыйнай зале моўчкі развесці рукамі — мы зрабілі ўсё што маглі?! Ці не задорага каштуе дзяржаве гэта самае «ўсё што маглі», калі магчымасці твае жорстка абмежаваны аб’ектыўным станам навукі?!

— Гэта амаральна,— сказаў Чумакоў на клінічнай канферэнцыі, зразумеўшы «метад», пры дапамозе якога загадчык ваюе са смяротнасцю.— Мы не бухгалтары, а ўрачы, нам трэба не падлікамі займацца, а змагацца за хворага чалавека. Да апошняга. Нават калі развіццё хваробы не пакідае ніводнага шансу на поспех. Інакш гэта не медыцына, а злачынства, прыкрытае гучнымі словамі.

Перейти на страницу:

Похожие книги