— А-а,— Карпенка засмяяўся.— Здаюся. Ну што ж, скажу шчыра: мне абрыдла мышыная вайна, якую мы з вамі вядзём ужо амаль два гады. Вы — разумны і таленавіты ўрач і вучоны, абсалютна натуральна, што мне як кіраўніку аддзела хочацца мець у вашай асобе не ворага, а сябра.— Убачыў на твары Чумакова недаверлівую ўсмешку.— Ну, добра, не сябра — саюзніка, таварыша. Урэшце, мы служым аднаму богу — анкалогіі, і робім адну справу — змагаемся з цяжкай хваробай. Вам сёе-тое не падабаецца ў маіх дзеяннях, мне — у вашых. Але ёсць нешта, што нас аб’ядноўвае, і гэтае нешта — хворы чалавек, які чакае ад нас дапамогі. Вось аснова, падмурак, на якім могуць і павінны будавацца нашы ўзаемаадносіны, калі мы хочам працаваць разам. Згодны?
Не згадзіцца з такой нечаканай прапановай было цяжка. Чалавек працягваў руку, было б несправядліва адштурхнуць яе. «Што за блыха яго ўкусіла? — падумаў Чумакоў.— А можа… Можа, зразумеў, што інакш нельга, што гэта — адзіны шлях… Сапраўды, мы служым аднаму богу — анкалогіі, хвораму чалавеку… можа, ён нешта зраэумеў, не дурань жа!» Узрадавала яго і магчымасць тыдзень пабыць у Маскве, пагаварыць з таварышамі па працы, паслухаць выступленні буйнейшых радыёхірургаў краіны, паглядзець сваімі вачыма, што новага ў інстытуце Герцэна, у Інстытуце эксперыментальнай і клінічнай анкалогіі Акадэміі медыцынскіх навук. Чумакоў нават сам сабе ў гэтым не прызнаваўся, але тое, што яго не ўключылі ў дэлегацыю, балюча абразіла і пакрыўдзіла яго. Тым больш добра было б на нейкі час з’ехаць з дому менавіта цяпер: неабходнасць нешта рабіць, нешта высвятляць і вырашаць у сямейных справах прыгнятала яго, бадай, ці не больш, чым навіна, якую ён пачуў, можа, таму, што навіной, уласна кажучы, яна не была: няхай неакрэслена, няпэўна, але яго ўжо даўно гэта мучыла. З’ехаць з дому, даць часу самому нешта вырашыць… Праўда, без яго зноў загінуць малькі неонаў. А-а, ліха з імі, Сярожка паглядзіць. Што там неоны, калі гіне, рушыцца ўсё, чым ты жыў…
А ён жа купляе мяне,— востра і балюча кальнула ў скроні.— Ён зразумеў, што нахрапам мяне не ўзяць, і парашыў купіць. Напляваць ён хацеў і на анкалогію, і на хворых. Яму адно патрэбна: каб ва ўсіх было ўражанне, што ў калектыве, якім ён кіруе, пануюць мір і згода. Ніякіх канфліктаў, нават дробных: гэта псуе рэпутацыю кіраўніка. Ён кідае мне костку, як звягліваму сабаку, каб адчапіцца, і самае агіднае, што я гатовы яе з удэячнасцю падхашць».
Ах, як пашкадаваў Чумакоў, што ўжо адгуляў адпачынак! Падвярнулася турысцкая пуцёўка на возера Байкал, а ён з дзяцінства марыў убачыць гэта возера, і Аляксей Пятровіч паехаў цягніком праз усю краіну, цешачы сябе думкай, што вось яна і збудзецца, яго дзіцячая мара, а што там, на Байкале, можна было ўбачыць у сакавіку? Увесь тыдзень, што турысты там прабылі, шалела мяцеліца, выходзіць з цягніка катэгарычна забаранілі, і Чумакоў ледзь не звар’яцеў ад суму і расчаравання. Вярнуўся дадомі стомлены, прыгнечаны, быццам нехта злосна пакпіў з яго, а адпачынак ляснуў. Ляснуў адпачынак, а як бы ён быў зараз дарэчы! Можна было б не хаваць вочы, а спакойна адмовіцца… «Бойтесь данайцев, дары приносящих».
— Дык што, Аляксей Пятровіч, вырашана? — спытаў Карпенка, зашпільваючы халат.
— Вырашана,— адказаў Чумакоў, адчуваючы, як чырвань падступае да твару, і прымусіў сябе дадаць: — Дзякуй, Генадзь Васільевіч.
— Тады заўтра выпішыце камандзіроўку і збірайцеея ў дарогу. Вашых хворых я даручу Безбародзьку. Ён яшчэ малады, няхай пакруціцца. Ну, я ў трэцюю палату.— Карпенка хітравата падміргнуў Чумакову: у трэцяй палаце пасля абпраменьвання на бэтатроне ляжала, чакаючы аперацыі, цешча аднаго з рэспубліканскіх кіраўнікоў, і Генадзь Васільевіч разлічваў зрабіць на яе, а праз яе і на высокапастаўленага зяця адпаведнае ўражанне: а раптам калі-небудзь і спатрэбіцца.
Чумакоў брыдка вылаяўся ў душы і таксама пайшоў з ардынатарскай. Яго чакала доўгая бяссонная ноч, і было яму пра што думаць і што ўспамінаць.
2
Жыццё Аляксея Пятровіча Чумакова знешне было не вельмі разнастайнае. Галоўнае месца ў ім займала работа: лабараторыя, клініка, эксперыментальная аперацыйная, навуковая бібліятэка… Дамоў ён вяртаўся стомлены, ледзь хапала часу пагаварыць з жонкай і дзецьмі, пагартаць дзённікі Сярожкі і Аленкі, паглядзець па тэлевізары праграму «Час» ці спартыўную перадачу, паляжаць з газетай або медыцынскім часопісам на канапе, паваждацца з рыбкамі. Каля акварыумаў ён адпачываў душой. Пярэстае мільгаценне за празрыстым шклом настройвала яго на філасофскі лад, знімала напружанне рабочага дня. Зрэдку, у выхадныя, яны з Ірынай хадзілі ў кіно, тэатр; зрэдку бывалі ў гасцях або самі прымалі гасцей. Мастацкай літаратуры ён амаль не чытаў, не хапала часу, каб прачытаць усю спецыяльную, а яе трэба было абавязкова, каб не траціць гады на вынаходства веласіпеда, каб адпавядаць сваёй рабоце — ратаваць хворых людзей.