Яго дзяцінства і сталыя гады прайшлі на асфальце, сярод драўляных і цагляных дамоў і рэдзенькіх прычасаных сквераў. Ён быў гараджанінам і любіў горад: шырокія вуліцы і праспекты, запруджаныя людзьмі і аўтамабілямі, залітыя халодным святлом ліхтароў, вялізныя вітрыны магазінаў, ззянне неонавых рэклам над вышыннымі будынкамі, натоўпы на тралейбусных і аўтобусных прыпынках, зялёныя агеньчыкі таксі, доўгія чэргі каля газетных кіёскаў, цьмяны бляск асфальту пасля дажджу, востры пах бензіну і саляркі, дзелавы, напружаны рытм жыцця.

У лесе, на рацэ, куды ён часам выязджаў з сям’ёй, як выязджалі ўсе іх сябры, Чумакоў адчуваў сябе чужым і адзінокім. Ён не разумеў мовы дрэў і птушак, кветак і траў і ў душы пасмейваўся з тых, хто ў замілаванні айкаў і войкаў над кожным грыбам, заміраў каля кожнай чаромхі ў кветках, мог гадзінамі ўзахлёб расказваць, як трапечацца на вудзе акунь, як зіхаціць раса на павуцінні, як пранізліва курлычуць у пустым асеннім небе журавы… I грыбы і рыбу куды прасцей было купіць у магазіне ці на базары, птушак паслухаць, паставіўшы на радыёлу пласцінку,— прынамсі, не нераблытаеш галасы. Жыццё надта кароткае, каб траціць яго на розныя глупствы.

Неяк Ірына ўгаварыла яго прачытаць кнігу Паўстоўскага «Залатая ружа». Кніга ўразіла Чумакова. Асабліва запала яму ў душу маленькая вясковая дзяўчынка, якая ведала дзесяткі лугавых кветак і траў. Шчамяліцу і мяту, падмарэннік, пярэсну, зязюльчыны слёзкі, вятроўнік, чабор, зверабой, чыстацел… Кожная кветка, кожная травінка была для яе цэлым светам, мела свой колер, пах, выклікала пэўнае адчуванне — колькі пяшчоты ў самой назве: пярэсна… У бліжэйшы выхадны Чумакоў узяў дзяцей, Ірыну, і яны паехалі на Вячу, у мясціны глухія, яшчэ не затаптаныя, не забруджаныя. Трава стаяла ў пояс, у самага таленавітага мастака не хапіла б фарбаў, каб перадаць усё шматколернае багацце кветак і траў, а Чумакоў гдядзеў на іх сляпымі вачыма і адчуваў, як смуткам поўніцца яго душа. Ён ведаў назву кожнай трапічнай рыбкі ў сваіх акварыумах, яе паходжанне, ведаў, ад чаго залежыць інтэнсіўнасць яе афарбоўкі, а тут, на прырэчным лузе, поўным жыцця і хараства, усё яму было чужое. Нічога адметнага, банальны дыван, на якім можна паляжаць пад сонейкам, пасёрбаўшы духмянай юшкі. Ён раптам адчуў сябе беззваротна, непапраўна абкрадзеным і абдзеленым, і яго пацягнула туды, у горад, дзе ўсё проста, усё зразумела: дамы, машыны, дым над комінамі, пранізлівы скрыгат трамваяў на паваротах, шэрая асфальтавая рака…

…Чумакоў павольна крочыў па даўжэзным інстытуцкім калідоры. Заўважыўшы яго, дзяжурныя сёстры адрываліся ад кніг і папер, коратка дакладвалі, што ў палатах усё спакойна. Ён ківаў і моўчкі ішоў далей, цяжка шоргаючы стомленымі нагамі. Думкі яго былі занятыя зусім іншым. Ён успамінаў, як упершыню ўбачыў Ірыну, як нечакана яна ўвайшла ў яго жыццё.

Калі гэта здарылася? У маі… Таксама ў маі. Семнаццаць год назад. Тады яму было дваццаць сем, ён заканчваў работу над кандыдацкай дысертацыяй. Папярэдняя абарона была прызначана на жнівень, і ён спяшаўся: проста з работы бег дадому і ледзь не да раніцы сядзеў за сталом, абвязаўшы галаву мокрым ручніком,— апрацоўваў матэрыялы, выкрэсліваў графікі, вычытваў перадрукаваныя на машынцы старонкі. Жыў ён разам з маці ў невялікім драўляным доме на Грушаўскім пасёлку. У доме былі два пакоі і кухня, пабудаваў яго бацька Чумакова перад самай вайной, адсюль ён пайшоў на фронт, тут ён і памёр ад старых ран восенню сорак дзевятага. Тут, у цесным дворыку, дзе раслі старая ліпа і некалькі кустоў бэзу, а пад вокнамі аж да першых халадоў цвілі вяргіні, прайшло дзяцінства Аляксея Пятровіча. Кожная маснічына ў гэтым доме, кожная бэлька, нават драпіна на падаконніку былі дарагія і блізкія, захоўвалі цяпло бацькавых рук, памяць аб ім. Аляксей Пятровіч і ўрачом вырашыў стаць яшчэ тады, як сядзеў начамі каля татавага ложка разам з маці, якая працавала медсястрой у чыгуначнай клініцы.

Ён працаваў — удакладняў разлік часу, за які прэпарат радыёактыўнага золата выводзіцца з арганізма хворага, і нават не пачуў, калі Ірына ўвайшла ў пакой. Проста раптам за спінай тоненька заплакала маленькае дзіця, і ён ад нечаканасці выпусціў з рук аловак, азірнуўся і ўбачыў яе. Яна стаяла, прыхінуўшыся да вушака, відаць, знясіленая, і трымала на руках скрутак; менавіта адтуль даносіўся тоненькі і жаласны дзіцячы плач.

— Даруйце, калі ласка,— сказала Ірына і адвяла рукой пасмы валасоў з твару — прыгожыя ў яе былі валасы, колеру спелай жытнёвай саломы, густыя, доўгія. Разгледзеў ён гэта пазней, а тады валасы былі шэрыя, мокрыя ад дажджу, які паціху лапатаў у лістоце ліпы, змываў пыл з бэзавых кустоў. Ірына ўся вымакла, відаць, доўга хадзіла па вуліцы без парасона, прыкрываючы кофтай скрутак з дзіцем; калі яна адкінула з твару валасы, Аляксей убачыў, што вочы ў яе блішчаць, як у зацкаванага звярка. Ён яшчэ прафесійна падумаў, што ў яе, відаць, паднялася тэмпература, адсюль і бляск вачэй і чырвоныя плямы на твары.— Можа, вы здаяце пакой? Ці хоць які куток? Нам з сынам зусім няма дзе жыць…

Перейти на страницу:

Похожие книги