Ірына ўспомніла ўсё гэта і тое, як дрэнна сын гаварыў пра матэматычку: ледзь што, крычыць, лаецца, аж у вушах звініць ад гэтага крыку! Яна нават не здагадвалася, што ён гаворыць пра Маргарыту Паўлаўну, Сярожка ніколі не называў яе імя, а выкладаць у іх яна пачала толькі з трэцяй чвэрці, падмяніла Зінаіду Якаўлеўну, якая пайішіа ў дэкрэтны адпачынак. Успомніла і сказала:

— Сярожка, сынок, а вы хоць ведаеце, якое няшчасце ў Маргарыты Паўлаўны?

— Якое? — здзівіўся сын.

Яна расказала. Валянціна Іванаўна стаяла каля акна павярнуўшыся да іх спінай.

Сярожка не паверыў.

— Гэта праўда, мама? Ты не прыдумала гэта?

— Хіба можна такое прыдумаць,— уздыхнула Ірына.— Вядома, не трэба на ўроку займацца запісачкамі. Але ж і яна чалавек. А вы такія жорсткія і такія бессардэчныя…

— Добра,— сказаў Сярожка,— я папрашу яе дараваць мне. Я ні ў чым не вінаваты, але папрашу. Я не ведаў пра яе сына, мама, і ніхто ў нас не ведае. Яна больш не будзе на нас крыўдаваць, павер.

Ён выйшаў, набычыўшыся, зусім як Аляксей Пятровіч, калі той быў нечым заклапочаны; Ірына аж падзівілася ў душы іхняму падабенству.

— А вы самі… вы не маглі яму пра гэта расказаць? — ціха спытала Ірына: ад хвалявання ў яе перасеў голас.— Ці, можа, вы і самі не ведаеце?

— Гэта спекуляцыя на пачуццях дзяцей,— рэзка павярнулася яна.— Хворы сын — папрашу прабачэння, здаровы — не папрашу. Вы хоць уяўляеце, да чаго гэта можа прывесці?

— Уяўляю,— гнеўна адказала ірына.— Між іншым, я таксама скончыла педінстытут і сёе-тое разумею ў педагогіцы…

— Разумееце… Так многа, што паспяшаліся ўцячы са школы,— падкалола Валянціна Іванаўна — і адкуль толькі ведала…

— Гэта, прабачце, мая асабістая справа, дзе працаваць. Але перахопліваць і чытаць… чытаць чужыя запіскі, нават калі іх пішуць падлеткі,— сорамна і недастойна педагога. Думаю, што і вы з гэтым згодны, толькі выгляду не падаяце, бо вам трэба ўсімі сродкамі абараняць сваю школу, сваіх настаўнікаў. Але чаму за гонар вашай школы павінны расплачвацца нашы дзеці? Я шчыра спачуваю Маргарыце Паўлаўне, але ж і ёй не варта было гэта рабіць. Даруйце, з вашага дазволу я пайду, мне яшчэ трэба на работу.

Валянціна Іванаўна нічога не адказала, і Ірына выйшла з кабінета. Пастаяла з хвіліну пад дзвярыма 8 «Б», дзе вучыўся сын,— даравала яму настаўніца ці не? Чалавек, які сам зведаў гора, доўга злосці не трымае, відаць, даравала, інакш Сярожка ўжо стаяў бы ў калідоры, а так у класе ціха, за дзвярамі чуваць рэзкі голас Маргарыты Паўлаўны, якая тлумачыць нейкую тэарэму: алгебру ён прагуляў, прастаяў у кабінеце Валянціны Іванаўны, добра, што хоць трапіў на геаметрыю. Можа, і правільна, што клас будзе ведаць, як ёй жывецца, яны ж ужо амаль дарослыя, могуць і паспачуваць, і памагчы, і зразумець. Вядома, сама яна пра гэта ім не скажа, але тая ж Валянціна Іванаўна магла сказаць, магла… Скакаць і спяваць з дзецьмі ў яе і час знаходзіцца, і ахвота, а вось пагаварыць, каб людзьмі раслі, каб чужы боль як свой уласны адчувалі —- ні ахвоты, ні часу…

Больш яны не сустракаліся цэлы год, аж да вечара, які мясцком выдавецтва наладзіў для супрацоўнікаў напярэдадні майскіх святаў у рэстаране «Папараць-кветка»; нават на ўручэнне пасведчанняў аб заканчэнні васьмі класаў Ірына ўгаварыла схадзіць Аляксея Пятровіча, прыкінулася хворай.

Да гэтага вечара ў выдавецтве рыхтаваліся з добры месяц. Выпусцілі жартоўную насценгазету, даўжынёй метраў пяць, з малюнкамі, з фотаздымкамі, падрыхтавалі вясёлы капуснік… Ірына Мікалаеўна была ў цэнтры ўсіх падзей, бібліятэка стала штабам «вясёлых і дапытлівых».

Супрацоўнікі папрыходзілі з жонкамі, з мужамі, было тлумна і весела. Іграў аркестр, доўгія, пастаўленыя літарай «П» сталы аж угіналіся пад цяжарам бутэлек і закусак. Ірына з Аляксеем Пятровічам сядзелі насупраць Жураўскіх, мужчыны адразу ж пазнаёміліся, нечакана для Ірыны, страшэнна зацікавіліся адзін адным і на перапынку нават выйшлі на веранду, каб ніхто не перашкаджаў іх размове, і ёй на правах гаспадыні давялося займаць Валянціну Іванаўну: гутарыць, знаёміць з іншымі супрацоўнікамі і супрацоўніцамі, узяўшы пад ручку, прагульвацца па зале.

Перейти на страницу:

Похожие книги