З дынамікаў вырываўся знаёмы хрыплаваты голас украінскага спевака: «Вставай, мила моя, вставай!» Стрымліваючы слёзы, Ягор збіраўся з думкамі. Ядранка яго прыспешвала. Ягор не сказаў, што пахаваў яе. Ядранка наноў запатрабавала звестак па здабычы мінералу.
Ягор грымотна ўбіваў цвікі ў труну «Coböl». Ядранка ў лёгкім прыступе гібрыднай шчырасці прызналася, што яна насамрэч сербка.
– А ўся твая містыка – лухта? – горка пасміхнуўся беларус.
– Мяшанка з Павіча і амерыканскіх жахалак, – нібыта палагаднела ўладная дама. – Але пэўная містыка ўсё ж ёсць. У 1929 годзе мой прапрадзед Влайка Ігнатавіч, буйны сербскі антыквар, прыйшоў на бялградскую станцыю бяздротавага тэлеграфа, каб даць тэлеграму на Марс: «Жыхары Марса, ці ёсць у вас старадаўнія рэчы на продаж? Адказ аплочаны». Праз паўгадзіны тэлеграму адправілі. Прапрадзед выклаў за яе дзве тысячы дынараў, але назаўтра ўся Сербія ведала з газет пра яго краму. І вось у нашы дні я працягваю яго марсіянскія справункі…
Пасяленец уважліва слухаў, не разумеючы, на што васпані ўрэшце выйдзе ў сваёй
– Дык што ў вас там адбываецца? Не маўчы! Кажы! Як бы ты да нас ні ставіўся, мы можам дапамагчы. Што здарылася? – шалёнай вавёркай закруціліся рэплікі прапраўнучкі буйнога бялградскага антыквара.
–
Ён перастаў сачыць за часам. Яму стала ўсё адно, чым кіравацца – марсіянскімі соламі, умоўнымі днямі і начамі, заточанымі пад зямныя рытмы, ці ўласнымі зменлівымі праўдамі. Але сачыў за сігналамі з караблёў, каб ведаць пра іх набліжэнне. Яму то пагражалі трыбуналам, то ўлагоджвалі абяцанкамі. Яго то страшэнна бэсцілі за адпраўлены на Зямлю відэаролік, то лісліва хвалілі за здабытыя ім на Марсе ўменні. А ён, няхітрым алгарытмам задаўшы глушэнне голасу Ядранкі, маўчаў. Маўчаў у неймавернай зацятасці і бясконцай утрапёнасці. Нічога не казаў нават самому сабе, каб падбадзёрыць ці паўшчуваць.
Сваю роспач Ягор сцішваў працай. Упартымі стараннямі на месцы магілы каханай паступова вырас каменны абеліск – вялікая копія Юравіцкага ідала. Археолаг зрабіў усё магчымае, каб падабенства было максімальным: ад скрыўленасці да арнаментоўкі. Да гатовай пабудовы, мэтазгоднасць якой колькімі тыднямі раней ён папросту б высмеяў, хадзіў часта. З невымоўнымі гутаркамі да божышча кахання, якое для сябе з пэўнага часу стаў называць Марсам. І хоць усе гэтыя гутаркі адбываліся ў форме маналогу (бо што табе адкажа ідал-абеліск!), часцяком пасяленец вяртаўся на базу, не проста выгаварыўшыся, але і маючы пры сабе ясныя ідэі і схемы вырашэння істотных пытанняў.
Міжвольны марсіянскі язычнік шмат чытаў. Мастацкіх твораў у спісе літаратуры на восень не было. Фізіка і ядзерная фізіка. Праблемы атамнай энергетыкі. Тэхнічны бок гісторыі стварэння і выкарыстання ядзернай зброі. Аналіз прычын аварый на атамных электрастанцыях. Нешта ўспаміналася са школы. Нейкая частка схоплівалася ўлёт за чытаннем. Але большасць інфармацыі даводзілася прапускаць праз сябе зноў і зноў, каб зразумець не агульныя абрысы, а спасцігнуць усе дэталі да драбніц. Часам галава ад гэтага пухла. Ягор тады ці адпраўляўся пад водны душ, ці пакідаў базу, дазваляючы сабе пазачарговы шпацыр да абеліска. На языку почасту круцілася пацешка, якою
Калі крытычная маса кніг і артыкулаў была засвоена, а да прыбыцця касмічных караблёў заставалася тры зямныя месяцы, Руткоўскі ўзяўся за гуж. За штодзённую шэрую працу, якая забірала шмат часу і сіл. Працу, будучы плён якой не выглядаў такім відавочным. У корпанні, дзе дробныя поспехі суседзілі з вялікімі праваламі, міжволі згадваўся Сізіф. І калі згадкі пра яго рабіліся зусім роспачнымі і нясцерпнымі, пасяленец суцяшаўся словамі Альбэра Камю: «І адной барацьбы за ўзыход да вяршыні досыць, каб напоўніць чалавечае сэрца». Ягор паўтараў сабе гэтыя словы, імкнучыся вярнуць часова страчаную асэнсаванасць механістычнай чарадзе ўласных дзеянняў. Бо не хацелася думаць, што наперадзе яшчэ да халеры аперацый, кожная з якіх можа стаць апошняй. Не хацелася адчуваць сябе мурашом, што наважыўся зрушыць вялізны каменны блок ці нават цэлую піраміду з іх. У мураша Сізіфа не было шанцаў. У сізіфавай працы Ягора была натхняльная мэта, з якой ён найбольш і жывіўся ў прамежках між адпачынкам і зваротамі да бога кахання.