Грэўся надзеяй, што на роднай планеце яшчэ засталіся цікаўныя і неабыякавыя людзі. З досведу працы калумністам пераканаўся, што тысячы аматараў па ўсім свеце сочаць зоры – у тым ліку слухаюць Марс чым бог паслаў. На іх ён і разлічваў. Што зловяць яго сігнал. Што атрымаюць ролік. Што страпянуцца ад жаху. Не быўшы рамантыкам, спадзяваўся запаліць розумы цэлых народаў. Мроіў, што справядлівы людскі гнеў прадзярэцца з браніраванай вясёлкавай бурбалкі неўтаймоўнага спажывецтва і абрынецца на хіжую, непераборлівую ў сродках карпарацыю карпарацый. Абрынецца настолькі магутнай хваляй, што і «coböl», і «engineering» будуць змытымі ў метафізічныя прадонні, дзе некалі спачыла легендарная ў сваёй напышлівасці Атлантыда. Хіба мала для закіпання гневу даведацца, што крывадушныя хцівыя дзялкі задумалі маштабнае злачынства – прыгнечанне волі сваіх супрацоўнікаў, а то і ўсяго чалавецтва?! Атрымаць адказ можна было, толькі запусціўшы страшную праўду на Зямлю. Ягор меркаваў, што для гэтага прыдасца дзейны канал сувязі. Калі маленечкія марсаходзікі ў недалёкай мінуўшчыне спраўляліся рэгулярна перадаваць на Зямлю масу інфармацыі, то чаму гэта немагчыма зрабіць з рубкі сувязі выдатна абсталяванай базы? Павінна было атрымацца!

Гатовы і адшліфаваны да бляску ролік Руткоўскі прымацаваў да кароткага паслання: «Зямлянам ад адзінага ацалелага на Марсе пасяленца». Актывізаваў канал сувязі. Адразу ж прыйшоў дубль знаёмага паведамлення пра новыя караблі. Ягор пакорпаўся ў наладках і націснуў «Адправіць». Ролік пусціўся ў міжпланетнае падарожжа. Пастаяўшы ў пустой задуменнасці, мужчына збіраўся быў вымкнуць сувязь, каб больш не слухаць пра «Левіяфана» з «Паліфемам». Аднак у апошняе імгненне адняў руку ад пульта, бо паведамленне пра караблі раптоўна згарнулася. Замест яго пайшоў больш выразны сігнал: «Левіяфан» выклікаў марсіянскую базу. Мужчына забавіўся ў сумневах, ці варта азывацца. Але ўрэшце наважыўся.

З карабля даволі суха прывіталі пасяленца і паведамілі, што перадаюць слова кіраўніку выратавальнай місіі. Руткоўскі паблажліва кашлянуў, рыхтуючы вушы для ладнай порцыі хлусні і маніпуляцый, што даўней называлі грушамі на вярбе.

– У цябе цудоўны хлопчык, – пачуўся знаёмы голас, які нельга было не пазнаць.

– Ядранка?! Ты з імі?! – не даўшы веры, учадзела выгукнуў Ягор і схапіўся за галаву, у якой запульсаваў агменьчык колкага болю.

– «Не хвалюйцеся, душа мая», – прамовіла жанчына і пацікавілася: – Цяпер стала лягчэй?

– Лягчэй? – не разумеючы, на аўтамаце перапытаў той і тут жа адчуў, як імкліва згасае боль.

– Праехалі. Лепей скажы, колькі дысбуэндыю вы ўжо здабылі.

– Я ўсё ведаю! Мы выкрылі вашы сапраўдныя планы! Што вы хочаце зрабіць з Зямлёй?! – нервовым кулямётам слоў застракатаў ён.

– Ат… Ну што ты за чалавек! Цябе нават уласны сын не зацікавіў. Пра брата тады можна і не казаць, – пастаўленым ментарскім тонам прамаўляла кіраўніца. – Раскрычаўся тут. Вялікі выкрывальнік. Супакойся лепш па-добраму. А то зараз два-тры словы ад мяне – і галава твая зноў пачне выкідваць коней.

– Ты ад пачатку за нос мяне вадзіла. Са сваім інтарэсам да мяне. Са сваім чортавым праклёнам, – здавалася, мужчына зусім яе не слухаў.

– Не проста вадзіла, а стаяла ці не за кожным тваім крокам і крокамі тваіх галубкоў, – нібыта хвалячыся, паправіла яго жанчына.

– Але навошта ўсё гэта? З дакументаў я ведаю, што мяне і іх рэкрутавалі яшчэ да канстанцкай канферэнцыі. Чым мы так прывабілі тваіх босаў?

– Значыць, паперы ацалелі… – яна нібыта збянтэжылася, але праз міг вярнула ўпэўнены тон гаспадыні становішча: – Нічога ты не ведаеш, Джон Сноў! Цябе заўважылі яшчэ ў пачатку стагоддзя. Тады пад прыкрыццём адукацыйнай праграмы Еўрапейскага Саюза «Coböl» праводзіў тэсціраванне беларускіх школьнікаў. Твае вынікі адразу прыцягнулі ўвагу. Цябе ўключылі ў базу звестак карпарацыі. Ужо тады вяліся пэўныя даследаванні па маніпуляцыйным уздзеянні на свядомасць. На той час існавала думка, што ўкараніць неабходныя для маніпуляцый алгарытмы магчыма праз музыку. Эксперыментавалі з даб-стэпам і з вітч-хаўзам. Некаторыя слухачы здагадваліся, што з гэтымі жанрамі электроннай музыкі нешта не так. Але даказаць не маглі. Вось жа, вітч-хаўз, які ты, быўшы юнаком, нібыта ўпадабаў, насамрэч быў табе навязаны. Ты, як і многія смаркатыя маладзёны ў свеце, стаў часткай грандыёзнага эксперыменту. Чаканага выніку эксперыментатары тады не атрымалі. Дый вітч-хаўз не знайшоў сярод слухачоў сапраўды значнага распаўсюду. Выявілася, што танней і эфектыўней маніпуляваць свядомасцю праз лацінаамерыканскую папсу ці «грустный русский рэп про тёлку». Але цалкам бясплённымі напрацоўкі па вітч-хаўзе назваць нельга – асобныя схемы паказалі сваю дзейснасць. Пазней «Coböl» іх не аднойчы выкарыстоўваў, у тым ліку ў музычным праекце песень ад адзіноты.

– На Марс вы таксама адбіралі па той самай базе звестак? – ігнаруючы яе лірычнае адступленне, спытаў беларус.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже