– З кожным была свая гісторыя. Пра тваю сітуацыю даведаліся амаль выпадкова. Пабачылі твой кліп. Нарылі інфармацыю. Акурат рыхтаваўся праект па зборы канфліктных груп, удзельнікі якіх павінны былі
– А шлем ты мне навошта падарыла? І што за відзежу я перажыў на вяселлі?
– На нейкім этапе адкрылася, што калі-нікалі ты правакуеш падзеі, небяспечныя для сябе і для іншых, нават без майго ўздзеяння. Не хацелі губляць такога каштоўнага рэкрута. Мусілі карэктаваць – баксёраў у тваёй галаве развялі ў розныя куткі. І ўсё з дапамогай шлема. Калі б я не прымусіла цябе яго надзець, твая відзежа магла б стаць рэальнасцю.
– Мяркуючы па тым, як спрацаваў пратакол «Паштоўка» і што сталася з насавой часткай касмічнага карабля, з вашым карэктаваннем адбыўся пракол. Рэкрута карэктавалі-карэктавалі, ды не выкарэктавалі. Так, пані Хазар? – з несхаванай з’едлівасцю пырснуў Ягор, баксёры ў галаве якога скінулі пальчаткі і супольнымі намаганнямі склалі яшчэ адзін фрагмент мазаікі.
– Паслухай, – незадаволена выдыхнула Ядранка. – Ты добра там у вас на Марсе пагуляў у сапраўднага дэтэктыва. Цяпер даведаўся нават болей, чым мусіў бы ўвогуле ведаць. Таму…
– Але ты так і не сказала, навошта вам насамрэч патрэбны мінерал, – нядбала перабіў яе «дэтэктыў».
– А ты не сказаў, якую яго колькасць вы здабылі, – амаль па-дзіцячы адбрыкнулася ад заўвагі жанчына.
– Дастаткова, каб зразумець, што вы там задумалі… Прызнайся, сіндрому татальнай адзіноты як хваробы не існуе.
– У класіфікатары хвароб яе сапраўды няма.
– Ды я не пра класіфікатар! Я пра тое, што, як бы вы гэтую з’яву ні называлі, якія б новыя цэтлікі на яе ні навешвалі, яна не мае нічога супольнага з захворваннямі! Насамрэч гэта паўстанне. Маўклівае паўстанне супраць той пачвары, якая за апошнія дзесяцігоддзі паглынула мільёны рук і мазгоў, каб бясконца множыць неймаверную колькасць прадукцыі. Яна, гэтая пачвара, толькі і можа існаваць у няспынным множанні тавараў і паслуг. Яна змушае нас ствараць шмат таго, без чаго мы і як біялагічныя, і як сацыяльныя істоты змаглі б цудоўна абысціся. Але яна не трывае ўмеркаванасці, ашчаднасці, стрыманасці ў сваіх жаданнях. Пачвара нашымі ж рукамі і мазгамі штурхае нас да новых і новых маштабаў спажывання. Канс’юмерызм па-над усім! Але ці сталі людзі ад гэтага шчаслівейшымі? Ці паболела ў свеце гуманнасці? Ці ёсць у чалавецтва ўцямнае бачанне мэты свайго развіцця, акрамя як заставацца ў чэраве левіяфана канс’юмерызму? Той, хто задумваецца над гэтымі пытаннямі, зведвае кагнітыўны дысананс. Адчувае татальную адзіноту. І часта адзіным выйсцем з усвядомленага тупіка, апроч самагубства, становіцца акурат выцягванне сябе з вантробаў ненавіснага монстра. Калі гэта рабілі адзінкі, монстр мог заставацца паблажлівым да дзівакоў, што памянялі офісы на хацінкі ў вёсцы. Калі ж дзівакоў стала крытычна шмат, монстр вынайшаў спосаб пераканаць свет, што віной усяму хвароба. Не здолеўшы нічога змяніць старымі праверанымі спосабамі, верныя ахоўнікі няспыннага спажывання ўчапіліся за ўласцівасці марсіянскага мінералу. Замест таго, каб канчаткова вырашыць праблему голаду і нястачы пітной вады на Зямлі, угацілі кучу грошай у палёты на Марс. І ўсё дзеля таго, каб марсіянскай хіміяй змусіць людзей да пакорлівасці і паслухмянасці.
– Нам тут абрыдла слухаць твае разважанні, – не каментуючы сутнасці пачутага, раздражнёна пырхнула Іванкавіч. – І ўвогуле, чаму са мной размаўляеш толькі ты? Дай нарэшце слова Марыне. Спадзяюся, з ёю мы пагутарым больш плённа. А то апроч цябе і водгулля музыкі, я нічога не чую. Што там у вас за песня грае? Наш «Shazam» ніяк не можа вызначыць.
Стала зразумела, што Ягору дазволілі выдаць абсяжную рэпліку адно дзеля таго, каб мець магчымасць
– Песня гурта «Океан Ельзи». Ты наўрад ці ведаеш. Што да Марыны… – дыханне пасяленца збілася, у горле засеў даўкі камяк.