«Увага! З прычыны пагрозы перакідвання пажару ў базавую частку пераходныя люкі зачыняюцца праз тры хвіліны!» – пачулася новае апавяшчэнне. Гэта прыспешыла Ягора ў яго нязменным жаданні дапамагчы Марку і яшчэ каму. За агнём забахкала. Ягор не зразумеў прыроду пачутых гукаў і значна пазней, калі ўсё мінулася, нават не памятаў, што чуў тады нешта такое. Праз нервовую напругу і шум, што панаваў у «насавіку», ён не адрозніў чараду стрэлаў. Элвіс Дамп, па-свойму разумеючы выйсце, без ваганняў расстраляў экіпаж. Жыццё пакінуў толькі ўдакон пераляканай міс Гамп. Шаптаў ёй ласкавыя словы, старанна перазараджаючы пісталет.

Пыркэлаб, не адпускаючы кволую трэску жыцця, працягваў паўзці. «Мы ўсе несмяротныя», – апантана паўтараў ён. Яго правіца гарэла. Марына крычала не спыняючыся. Руткоўскі наблізіўся да яе мужа і падаў левую руку. Той больш не ўпарціўся. Іх пальцы амаль сашчапіліся. Заставалася толькі ўзяць далонь у далонь. Агонь патроху набліжаўся да кіслародных бакаў. За вогненнай заслонай зноў забахала. Ведучы з сабой заплаканую пілатэсу, шчаслівец Дамп стрэламі расчышчаў дарогу. Замарудзіўся, калі ўбачыў дзве постаці ў прагале, куды ўжо меціў быў выправіцца. Зразумеўшы, хто гэта такія, ён ашчэрыўся і глуха, як дораны конь у базарны дзень, заржаў. Ускінуў пісталет і завагаўся, каго забіць першым, быццам выбар быў вельмі прынцыповым. Азірнуўся, каб запытаць у жанчыны. Адказ атрымаў, не задаўшы пытання – міс Гамп вымеркавала момант і пусціла яму ў твар кулю з пісталета, цішком прыхопленага з кабуры мёртвага Смолета. Далонь Марку слізганула па далоні Ягора. Кіслародныя бакі разарвала. Магутны грымотны выбух заглушыў сабою і гук стрэлу, і галасы паабапал размежавальнай лініі. Вогненны шар, сляпы і люты ў сваёй ненажэрнасці, вокамгненна праглынуў Марку і ўсіх, хто заставаўся за яго плячыма. Жывых і мёртвых. Як і не было. Выбуховая хваля, нібы клапатлівая рука лёсу, адкінула Ягора назад, вяртаючы да каханай.

«Увага! У сувязі з рэзкім павелічэннем канцэнтрацыі агню ў насавой частцы карабля пераходныя люкі зачыняюцца праз тры секунды!» – выдала сістэма, без адліку блакуючы пераходы і рэшткі спадзяванняў. Насавая частка адстыкавалася неўзабаве. Базавая перайшла ў поўны аўтаномны рэжым.

Плячо да пляча мужчына з жанчынай сядзелі перад задраенымі люкамі. Ён утрапёна зерыў у нікуды. Яна скуголіла.

– Я цябе ненавіджу, Ягор…

– У нас будзе час паразмаўляць пра гэта.

<p>28</p>

Ціша даймала. Балела пустэчай. Вядома, яна не была абсалютнай. І абсталяванне гуло. І курняўкаў Варгін. І знадворку часам пашумліваў вецер. Але Ягору ўсё гэта здавалася цішай, бо нідзе не звінеў голас каханай. Жывы голас жывой жанчыны. Зямлянін спяшаўся схавацца ў марсіянскіх турботах. Бывала, што мог забыцца і пытаўся ў Марыны пра нешта. Яна не адказвала. Тады ён, схамянуўшыся, знаходзіў сябе ў безнадзейнай журбе сярод зледзянелай цішы. Прыдумаў ратавацца музыкай. Песні круціў не толькі па адсеках базы, але і трансляваў на прылеглую пляцоўку – бяздротавы «звон» рэпрадуктара дарэчна адшукаўся на «складах». Марыну гэта не вяртала, але стварала ілюзію абжытасці планеты.

Паўсядзённыя клопаты разбаўляліся працаю над відэаролікам. Ягор вырашыў падаць у ім доказы сапраўдных мэт місіі на Марс, выкрыць фальш і цынічнасць яе арганізатараў. Па сутнасці, ролік мусіў стаць абвінаваўчым актам супраць «Coböl Engineering». Навуковец разумеў, што сам ён для мноства зямлян можа і не быць маральным ці якім іншым аўтарытэтам. Пасля ўсяго, што адкрылася дзякуючы матэрыялам самапісца і дакументам з шафкі, у ім клекаталі сумневы наконт таго, ці ведае на Зямлі нехта, акрамя вузенькага кола, пра яго ўдзел у палёце на Марс. Гэтая думка змушала да яшчэ большай стараннасці ў фармулёўцы аргументаў і падборы дакументальных пацвярджэнняў.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже