Выехаў з Вільні. На папутных машынах дабраўся да Мядзела, адкуль, разам з Ф. Маркавым і партызанам яго злучэння, у другой палове дня быў у Пількаўшчыне. А дома шмат радасці і шмат гора, бо даведаўся аб трагічнай смерці сястры Верачкі і яе малыша. Пастарэлі мае бацькі, падраслі Федзя, Людміла. Добра, што хоць ёсць яшчэ нейкі хлеб. Трэба будзе ім памагчы, хоць зараз і ў самога пуста ў кішэні. А трэба мне яшчэ перавезці з Арэхава ў Мінск і Любашу з Максімкам і пачынаць заводзіць сваю гаспадарку.

1.ІХ

Трэба будзе перавезці Любашыну маці ў Мінск. Усю вайну жыла з ёй і зараз жыве былая жонка Валянціна Таўлая – Кіра Бранд, якую яна ўратавала ад немінучай смерці ў Віленскім гета. Цікавыя суседзі пыталіся ў старой: «Хто ў цябе жыве?» Яна ўсім адказвала, што гэта незаконнанароджаная яе дачка, якая толькі пасля смерці мужа прыехала да яе. Прызнацца, хоць гэта Кіра – чалавек і адукаваны, культурны, мне не спадабалася: абсалютна не арыентуецца ні ў палітыцы, ні ў жыццёвых справах. Не ведаю, як з ёю Таўлай сышоўся. Што магло быць супольнага ў іх? Мне асабліва не спадабалася пасля расказаў старой, згараванай Любашынай маці, як гэта Кіра сябе паводзіла з ёю. Напалохаўшы старую, што немцы могуць арыштаваць яе за падораныя ёй некалі сваячніцай дзве дарагія, з цудоўным сярэбраным акладам іконы, прадала іх некаму. Або як угаворвала сваіх сяброў Федэцкіх, што выпадкова пачула маці, каб яны прыносілі старой мыць сваю бялізну. I гэта тады, калі гэта старая пакутавала з пераломанай рукой. Зараз хоча, каб я памог уладкавацца на нейкую работу, каб я пазнаёміў яе з літоўскімі пісьменнікамі, бо яна збіраецца выдаць зборнік вершаў В. Таўлая і ўжо дамовілася з нейкім мастаком-афарміцелем.

З Вільні прывёз цэлую кіпу даваенных беларускіх, польскіх, украінскіх газет, часопісаў і цудам ацалелую, знятую ў славутым фотаатэлье Зданоўскіх нашу з Любашай фатаграфію.

Тэмы, якія, можа, некалі стануць вершамі: «Бутэлька, вылаўленая ў моры», «Пажар старой карчмы», «Падарожжа з Калумбам», «Рэпатрыянты», «Багароб».

Трэба было б перакласці баявы верш Ванды Зеленьчык «Марш Народнай Гвардыі» «Мы са спаленых сёл»...

 А гэта перапісваю з блакнота, толькі не помню чые радкі:

«Нам смерць нясе вораг паганы,

Ды мы яго стрэнем агнём.

Наперад у бой, партызаны!

Штыкамі ў баю, партызаны,

Дарогу да сонца праб’ём!»

28.ІХ

З брыгадай нашых і маскоўскіх пісьменнікаў выехаў на Другі беларускі фронт, якім камандуе гвардыі генерал-палкоўнік А. Гарбатаў. Па дарозе спыняліся на начлег у Баранавічах і ў Беластоку. Ледзь адшукаў той дом, у якім жыў перад вайной. Замбраў. Да Варшавы – 100 кіламетраў.

На прыёме ў А. Гарбатава пазнаёміліся з генерал-лейтэнантам, прадстаўніком стаўкі Галоўнага камандавання Мядзведзевым, начальнікам палітаддзела генерал-маёрам Амасавым, які расказаў, як падчас атакі паў яго конь, а салдат-узбек падбег, выразаў кавалак мяса забітага каня і далей пабег у атаку.

2.Х

Цэлы дзень былі на пазіцыі дывізіі генерал-лейтэнанта Івашачкіна. Потым з М. Лыньковым трапілі ў дывізію генерал-маёра Вяроўкіна. Да позняй ночы чытаем дывізіённую прэсу, знаёмімся з байцамі. Ідуць несціханыя баі. Ад краю да краю чырвоным агнём палыхае небасхіл.

8.Х

Па дарозе ў Новыя Явары трапілі з М. Лыньковым пад артабстрэл. Начавалі ў супрацоўнікаў франтавой газеты паэта Несцерава, пісьменніка Сцюарта і свайго даўняга знаёмага паэта Савіцкага.

12.Х

Перакачавалі ў дывізію генерал-маёра Валасатых. З палкоўнікам Грузенбергам былі ў часцях, якія рыхтаваліся да наступлення. Роўна ў 12.00 ночы пачалася кананада з плацдарма за ракой Нараў, ад якой калацілася ўся зямля. Раніцой, калі крыху пацішэла, прыйшлі гаспадары хаты, у якой мы прыпыніліся. Разам з наступаючымі часцямі ідзём за Нараў.

14.X

Спыніліся ў форце Ружана. Уся зямля перагарана снарадамі, апаленая агнём, пакрытая забітымі. Пахавальныя каманды засыпаюць траншэі, поўныя трупаў нямецкіх салдат. Нашых – пахавалі асобна ў магілах.

Перайшлі ў форт «Ромб», які стаіць на высокім пагорку. Няспынна б’юць гарматы, «кацюшы», сотні ракет уздымаюцца ў неба, ахопленае заравам пажараў. Недзе за намі ўзрываюцца нямецкія снарады. Іх нейкія сухія выбухі заглушаюць галасы на камандным пункце.

3.ХІ

Толькі што вярнуліся з камандзіроўкі, як зноў трэба збірацца ў дарогу. М. Лынькоў, К. Крапіва, А. Куляшоў, М. Машара і я едзем па загаду П. К. Панамарэнкі ў Польшчу, на Беласточчыну. Выдалі нам на дарогу пісталеты, на ўсякі выпадак, каб было чым бараніцца ад акаўцаў. Заданне: памагчы ў рэпатрыяцыі беларусаў у Савецкі Саюз.

6.ХІ

На машыне прыехаў у Гайнаўку і адразу пайшлі па вёсках агітаваць. А вёскі тут досыць заможныя і прыгожыя. Ва ўсіх хаты чыстыя, прасторныя. Людзі не вераць, што тут будзе Польшча. Пішуць у Маскву, Сталіну, каб перанёс граніцу за Буг, далей на Захад. Не хочуць пакідаць землі сваіх бацькоў.

23.ХІ

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже