Дома сустрэлі нас з сумнай звесткай: памёр Кузьма Чорны. Са смерцю гэтага выдатнага майстра беларуская літаратура панесла велізарнейшую страту. Напісалі мы з А. Куляшовым развітальнае слова. Не ведаем толькі, ці яго надрукуе наша «Звязда», бо ў рэдакцыі неяк насцярожана аднесліся да гэтага.

28.ХІ

Пахавалі Кузьму Чорнага. У жыцці, як у велізарнай рацэ, смерць чалавека не пакідае прыкметнага следу. Але смерць такіх людзей, як К. Чорны, пакідае на гэтай рацэ віры, якія зніжаюць яе ўзровень і доўга б’юцца ў берагі рэчышча.

Газеты чамусьці не далі, напісанага з Аркадзем, пасмертнага слова пра К. Чорнага.

30.ХІ

Пазычыў у А. зборнік палемічных артыкулаў М. Горкага, з рэзкай негатыўнай ацэнкай дзейнасці У. Леніна ў першыя гады Кастрычніцкай рэвалюцыі. Цяпер усумніўся, што «зборы твораў» сапраўды з’яўляюцца зборамі ўсіх твораў.

1945

5.ІІ

Закончыў працу над сваім новым зборнікам «Вастрыце і куйце зброю». Відаць, гэта адзін з маіх самых слабых зборнікаў. Пара было б перастаць пісаць пра тое, што там некага задавальняе, а пра тое, што самога мяне непакоіць, ды неяк выкарабкацца з дрыгвы прапісных ісцін і аджыўшых свой век канонаў. Трэба, пакуль не позна, выйсці на сваю дарогу, з якой збіўся, стараючыся не адстаць ад славутых ардэнаносцаў.

7.ІІ

Званілі з рэдакцыі «Звязды», каб падзяліўся з чытачамі сваімі творчымі планамі. Ну і дзівакі! Тыя планы, якіх чакае газета, мала каго цікавяць, а свае – я не збіраюся прыбіваць да дзвярэй Вітэнбергскага сабора.

23.II

З цэлым дэсантам нашых пісьменнікаў ездзіў у Гродна, Вільнюс, Каўнас. У Гродне сустрэліся з Ф. Маркавым. Паколькі ў гасцініцы свабоднага нумара не было, саставіўшы ложкі, размясціліся ўсе ў нейкім катушку. Да позняй ночы ён расказваў нам пра свае партызанскія прыгоды. Потым узяўся крытыкаваць некаторыя творы нашых пісьменнікаў. Дасталося і маладзейшым і т. з. класікам.

27.V

Разам з П. Панчанкам і П. Пестраком былі на Нарачы. На пару дзён спыніўся ў бацькоў. Вельмі кепскія справы са здароўем мамы. Не ведаю, як і памагчы сваім старым. Калі б было крыху прастарней у мяне, забраў бы іх у Мінск, хоць яны пра гэта і слухаць не хочуць.

Раніцой дзядзька Фадзей адвёз мяне ў Мядзела, адкуль буду дабірацца дамоў на нейкай папутнай машыне. На Баторыне плавала цэлая чарада качак. Пару раз выстралілі па іх з дзядзькавай партызанскай вінтоўкі, але яны нават і не напалохаліся. Стары, спрацаваны конь ледзь цягнуў нашы кары па сыпучых азарацкіх пясках.

Перад ад’ездам з дому мама падарыла для Любы яшчэ ў дзявоцтве вытканы ёю ручнік і торбачку сушаных баравікоў, ад паху якіх аж кружыцца галава. Відаць, збіраецца на дождж, бо ад аваднёў няма адбою. Гарачыня. Неба распісана газавымі шлейфамі рэактыўных самалётаў. Бацька казаў, што ад гулу іх пачалі паміраць пчолы. I зараз ва ўсіх зводзяцца пчолы. I ў нас ад ранейшай пасекі засталося толькі нейкая пара лежакоў.

17.ХІІ

Чытаю нашых гісторыкаў і палітыкаў, якія ніяк не могуць удакладніць граніц нашай Беларусі. Адны замахваюцца ад мора да мора, другія спыняюцца на зусім абкарнанай суседзямі тэрыторыі. А яна павінна праходзіць, як некалі пісалі аб граніцах Польшчы Пайпер і Ожуг, «Ад далоні – да далоні», «Ад плуга – да плуга». А ўсе іншыя прэтэнзіі – і смешныя і тояць у сабе шмат сварак і небяспечных канфліктаў, якія былі і ў далёкім мінулым і на нашай памяці.

Дзень, як і ўсе іншыя, закончыўся тэлефоннымі перазвонамі з Масквой, Кіевам, Вільнюсам...

Складаю свой новы зборнік «Каб ведалі». Не ведаю толькі, ці ўключаць у яго такія «нявытрыманыя» вершы, як «Камяні», «Сон над Нёманам», «Апала зорка», «Дарога»...

25.ХІІ

Новы год страчаю з цэлай падборкай вершаў. Некаторыя можна было б павесіць і на ёлку: «Сон над Нёманам», «Шапэн», «Вільнюс»... Не дае мне спакою Яносік з Тараховай. Перачытваю Тэтмаера, Заборскага, Дабравольскага і ўспамінаю незабыўныя кадры фільма пра гэтага легендарнага героя, якому прапанавалі ворагі памілаванне, калі згодзіцца служыць ім, а ён адмовіўся і кінуў ім у твар: «Якім зварылі, такім і ешце!».

1946

9.ІІ

Сёння ў Доме Чырвонай Арміі выступаў К. Варашылаў. Гаварыў пра беларускі народ, пра яго ратныя і працоўныя подзвігі. Быў канцэрт, але я ўжо на ім не застаўся, бо ў праграме нічога цікавага і новага не было, а дома чакалі мяне незакончаныя вершы і мае аднасяльчане, якія прыехалі ў Мінск па нейкіх пільных справах.

20.V

Збіраюся нешта напісаць пра цыганскага караля Квэка і пра нашага вясковага Багароба. Трэба толькі будзе пад’ехаць у маю Пількаўшчыну і яшчэ раз ператрэсці свае архівы. Там недзе павінны быць мае даваенныя нататкі пра каранацыю гэтага караля, выразкі з цатаўскага «Слова» і матэрыялы, якія збіраў пра нашага славутага разьбяра.

Перейти на страницу:
Нет соединения с сервером, попробуйте зайти чуть позже